23.06.2018 / 12:49

BMW і Airbus могуць сысці з Брытаніі праз «брэксіт» 1

Нямецкі вытворца аўтамабіляў BMW і французская авіябудаўнічая кампанія Airbus заявілі, што гатовыя перанесці вытворчасць за межы Брытаніі, калі Лондан у найбліжэйшы час не дамовіцца пра ўмовы выхаду з ЕС, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Кіраўнік брытанскай філіі BMW Іан Робертсан заявіў, што кампанія, якая вырабляе ў Брытаніі аўтамабілі марак Mini і Rolls Royce, гатовая чакаць толькі да канца лета.

«Калі яснасць [з нагоды эканамічнага пагаднення ЕС і Брытаніі] не з'явіцца на працягу наступных месяцаў, мы пачнём рыхтаваць план на выпадак непрадбачаных абставінаў… а гэта азначае, што Брытанія стане менш канкурэнтаздольнай», — заявіў ён.

На прадпрыемствах аўтавытворцы ў Брытаніі працуе каля васьмі тысяч чалавек.

Карпарацыя Airbus — на якую ў Брытаніі працуюць 14 тысяч чалавек — таксама папярэдзіла, што перанясе вытворчасць, калі Брытанія пакіне адзіны еўрапейскі рынак і мытны саюз ЕС без пагаднення аб пераходным перыядзе.

Брытанскі ўрад тым часам настойвае, што здолее дамагчыся выгаднага пагаднення, у тым ліку для прамысловасці.

У мытным саюзе, куды ўваходзяць 28 краін-членаў ЕС, дзейнічаюць аднолькавыя тарыфы на тавары, што імпартуюцца з трэціх краін.

Прэм'ер-міністр Брытаніі Тэрэза Мэй раней выключыла магчымасць застацца ў мытным саюзе. Брытанія афіцыйна выходзіць з Еўрасаюза 29 сакавіка 2019 года.

nn.by

0
Olka / Адказаць
23.06.2018 / 14:54
В общем плюсов британцы пока не приобрели, а минусы уде начались от брексита
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру