Чытачы паведамілі Tut.by, што ў Батумі падчас адпачынку загінула маладая беларуска. У пасольстве Беларусі ў Грузіі гэтую інфармацыю пацвердзілі: машына, у якой ехала турыстка, трапіла ў аварыю.

Фото: Reuters

Фота: Reuters.

Паводле даных пасольства Беларусі ў Грузіі, на адпачынак дзяўчына прыляцела 19 чэрвеня. Яна і яшчэ дзве беларускі, адна з якіх сваячка загінулай, адпачывалі ў Батумі. Трагедыя здарылася ў пятніцу раніцай. Напярэдадні дзяўчыны паехалі па горнай Аджарыі, па дарозе назад яны патрапілі ў аварыю.

— Гэта не было сутыкненне, машына зляцела ў кювет, — распавядае Алег Гарохавік, саветнік па консульскіх пытаннях пасольства Беларусі ў Грузіі. — За рулём быў грамадзянін Грузіі. Адна дзяўчына загінула. Яшчэ дзвюх з лёгкімі траўмамі змясцілі ў бальніцу. Зараз пагрозы іх здароўю няма, і яны знаходзяцца ў гасцініцы, чакаюць, калі будуць аформлены адпаведныя дакументы, каб вывезці цела загінулай на радзіму.

Бацькі дзяўчыны ведаюць пра трагедыю. Калі цела дзяўчыны даставяць у Беларусь, пакуль не вядома. У турысткі не было страхоўкі, таму паўстала грашовае пытанне.

— Цяпер сваякі павінны сабраць каля 2000 даляраў, каб аплаціць усе неабходныя працэдуры, — працягвае Алег Гарохавік. — Мы трымаем сітуацыю пад кантролем. У найбліжэйшы час сітуацыя павінна вырашыцца, і цела павінны даставіць ў Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0