Гэтую краіну загубяць перастрахоўшчыкі. Людзі, якія даюць па тармазах на абгоне, абы чаго не здарылася.

У любой справе заўсёды ёсць энтузіяст, смеласцю якога ўсё пачынаецца. А потым, калі справа вялікая і бачная, прыходзяць тармазы. І пачынаюць «паляпшаць» задуму ажно да поўнай яе дыскрэдытацыі. Да лабавога сутыкнення і вынасу ў кювет.

Вялікая выстава Язэпа Драздовіча ў Нацыянальным мастацкім музеі мелася б стаць падзеяй знакавай. Мелася, але не стала.

Наш славуты зямляк вось ужо 34 гады (з моманту выхаду кнігі Арсеня Ліса, яму прысвечанай) знаходзіцца за палове кроку ад заслужанага прызнання. Прызнання (нарэшце!) усіх бакоў ягонага таленту. Яму нават помнік паспелі ўзвесці за часамі незалежнасці (у 1993-м), у Траецкім прадмесці. Помнік, дзякуй Богу, датрываў ажно да сёння. Без зносу і ўшчыльнення. Але развіднення «дзядзькі Язэпа» і той ролі, якую ён адыграў у беларускай справе, дагэтуль не надышло.

У зносінах гэтага значнага мастака і дзяржавы захоўваецца адна недарэчная белая пляма. Якая — вось халера! — прыпала на адну з самых важкіх старонак ягонай творчай біяграфіі.

Красамоўнае сведчанне бягучага моманту — адкрыццё прымеркаванай да 130-годдзя з дня народзінаў Драздовіча экспазіцыі з калекцый адразу некалькіх музеяў. Выставы, якая ўпершыню дэманструе рэдкія графічныя замалёўкі Драздовіча ўключна з накідам лагатыпа «Нашай Нівы», «першай беларускай газеты з рысункамі». Выставы, у якой знайшлося месца нават для дзіцячай пастаралькі «Буслы», з зайчыкам пад дубочкам.

І вось адно тут адсутнічае:

Карціна «Пагоня Ярылы»!

Выстава Веласкеса без «Менінаў».

Выстава Бёкліна без «Вострава памерлых».

Выстава Бройгеля без «Вавілонскай вежы».

Бо нехта вырашыў, што не прыйшоў час. Бо некаму зрабілася страшненька.

«Пагоня» — легендарная карціна, што ўпрыгожвала куток, прысвечаны Драздовічу ў Мастацкім музеі ў той момант, калі музей сапраўды быў нацыянальным (акурат у гэты час Драздовічу і ўзводзілі прыгаданы помнік). Карціна, якая выяўляе вершніка з палымяным мячом пры надмагільным камені з горкім надпісам: «Albarussia Liberta». Гэтай карціны на выставе няма.

А што ж ёсць?

Экспазіцыя раскрывае некаторыя старонкі жыцця і таленту «дзядзькі Язэпа». Яна кажа ледзь не пра ўсё значнае. Паказвае ягоныя касмічныя замалёўкі, у куратарскім тэксце правільна падкрэслівае, што Драздовіч ставіўся да сваіх вандраванняў у сненнях не як да мастацкіх перажыванняў, а як да навукова-даследчай працы. Хай сабе і дапускаў, што візія заселеных Месяца, Марса і Сатурна выяўляе не іх сённяшні стан, а далёкую будучыню.

Але ж, але.

Калі б Драздовіч быў толькі пра «космас», нарысы беларускай архітэктурнай спадчыны ды этнаграфічныя занатоўкі строяў сялянак, ім бы не захапляўся Караткевіч — так, як ён ім захапляўся. Гісторыя пра тое, як на вокладку «Чорнага замка Альшанскага» выдання 1983-га года трапіла пераасэнсаваная карціна «Прарок» Драздовіча, — асобная цікавостка з ліку тых прыхаваных скарбаў, з якіх якраз і складаецца сапраўдная, неідэлагізаваная гісторыя нашай краіны.

Тое, што было відавочна Караткевічу і што засталося па-за дужкамі цяперашняй выставы ў мастацкім музеі: Драздовіч мроіў не толькі Сатурн і Месяц будучыні. Летуценнік хварэў яшчэ й Беларуссю будучыні. Куратарскія раўнанні Драздовіча і Чурлёніса цалкам легітымныя: гэтыя два мастакі сапраўды вельмі сугучныя. Аднак не ў «касмічнай тэме», не ў загадкавым сімвалізме няісных сусветаў.

І першы, і другі з’явіліся ў тую пару, калі выспявалі дзяржавы, сынамі якіх ім прызначана было зрабіцца. Чурлёніс пакінуў сваю цудадзейную спадчыну: выявы волатаў, лясных каралёў, нябесных палацаў ды палявых багоў. Пасля чаго памёр, маючы дзве перавагі перад сваім беларускім калегам.

Першая: у яго засталася ўдава, Сафія Кімантайце. Якая зрабіла ўсё для таго, каб ягоныя карціны не былі разрабаваныя, не згубіліся і не зніклі. Другая перавага нацыянальнага літоўскага мастака Чурлёніса над нацыянальным беларускім мастаком Драздовічам у тым, што неўзабаве пасля смерці Чурлёніса дзяржава, якая яму мроілася, паўстала. Выбудаваная Чурлёнісам візуальная мова гэтай дзяржавы, схопленая Чурлёнісам яе казачная душа леглі ў фундамент палітычнага ўтварэння, якое праіснавала ажно да 1939 года.

Гэтага аказалася дастаткова, каб літоўскія інтэлектуалы, гісторыкі, мастацтвазнаўцы, пісьменнікі-калегі Уладзіміра Караткевіча зведалі дакладна, дзе шукаць нацыянальную прыгажосць і вобразнасць. Нездарма ж адным з самых грунтоўных даследчыкаў Чурлёніса ажно ад пачатку 1970-х быў мастацтвазнаўца Вітаўтас Ландcбергіс. Які ў 1990 годзе заняў пазіцыю кіраўніка адроджанага Сейма Літоўскай Рэспублікі…

Дзякуючы чаму цяпер у Коўне мы маем грунтоўны, файна ўтрыманы і выдатна выбудаваны музей Чурлёніса.

У параўнанні з гэтым біяграфія Драздовіча была відавочна шляхам гаротніка.

Ягоныя «маляванкі», часам — пранізліва моцныя ў каларыстычным і сюжэтным плане (звярніце ўвагу на самы ранні дыванок, з млынам!) — сведчанне таго заняпаду, у які прыходзіць прарок без радзімы за плячыма. І бяда тут не толькі ў тым, што Драздовіч пасля вайны быў вымушаны працаваць фактычна за ежу, пісаць свае візіі на раздзёртых мяхах з-пад бульбы (у Чурлёніса таксама быў перыяд, калі ён мусіў саскрабаць фарбу з падлогі, бо не меў грошай на паднаўленне палітры). Бяда ў тым, што нават вось гэтага, пісанага за абед ды вячэру у 1945—1954-х, амаль не захавалася.

Бяда ў тым, што ў нас не было 20 гадоў міжваеннай незалежнасці. Праз што на пасадах знаходзяцца людзі, якія акуратненька падводзяць нас пад здачу той самай дзяржаве, пра ўваход у якую на мінулым тыдні акурат казалася на самым высокім узроўні.

Бяда ў тым, што «Пагоню» Драздовіча ў годзе 2018-м хаваюць ад нашчадкаў.

Вось жа як! 27 гадоў, як паўстала незалежная дзяржава, у імя якой ён жыў, а «Пагоню» хутчэй пабачыш у Вільні, на выставе, прысвечанай школе Івана Трутнева, чымся на радзіме!

Ці варта пры гэтым прыйсці на выставу Драздовіча ў Мастацкі? Так, варта. Каб самому ўгледзецца ў Artapolis (1935), які звычайна зберагаецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук. Каб вывучыць ягоныя кіі і драўляную скарбонку, у якой Драздовіч насіў свой дзённік, — рэліквіі, перад якімі працінае наскрозь пашанай ды адчуваннем значнасці моманту.

Каб, нарэшце, пачытаць, колькі згадак з патрабаваннем вярнуць «Пагоню» пракралася ў кніжку водгукаў. І зразумець, што адсутнасць «Пагоні» рэжа вочы не толькі нам з вамі.

Каб пакланіцца сыну радзімы, якая ніяк не адчуе сябе дзяржавай.

Albarussia Liberta?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?