Захаванне электронных архіваў — пытанне нацыянальнай важнасці, піша Алесь Булойчык.

Бачыце, як на працягу нейкіх 20 год камп'ютары нашае жыццё палепшылі? У аўтобусе едзеш ці на хутары самагонку п’еш — з кішэні тэлефон дастаў ці ноўт адкрыў, знайшоў у гугле артыкул, ці кнігу, ці фільм — і карыстайся. Шыкоўна! У XX стагоддзі пра такое ніхто нават не марыў, што амаль ўсе веды будуць дасяжныя з невялікай прылады амаль імгненна (але большасць толькі коцікаў лайкае — гэта ўжо іншая справа).

Раней, як было: усё на паперы. Трэба нешта знайсці — у бібліятэку ці ў архіў, і пашукай там не адну гадзіну… Мо яшчэ памятаеце тыя часы? А ўявіце сабе, што ў тыя часы, а нават і зараз — зніклі б усе беларускія кнігі, ці фільмы, ці газеты. Ну там, апраўдаліся прагнозы скептыкаў, і Нацыянальную бібліятэку нарэшце ў балота засмактала, на якім яна пабудаваная. Ці пажар моцны адбыўся, а сістэма тушэння спрацавала так, як яе зрабілі, а не так, як хацелася. Страты для культуры жахлівыя! Не, ну застанецца трохі кніг на паліцах па хатах — але разрозныя і, можа, чвэрць ад таго, што было. Карацей, як «Крывавы патоп» для культуры.

Вось дык у мяне для вас дрэнная навіна: зараз вялікай часткі нашай культуры можна пазбавіцца значна прасцей.

Smalensk.org, represii-by.info, kazka.at.tut.by, dziacinstva.net, bykau.com, hramy.com — памятаеце такія? Іх ужо няма. Гэта толькі з маіх першых 25 закладак у браўзеры. Колькі яшчэ будзе працаваць сайт marakou.by з імёнамі рэпрэсаваных, калі аўтар ўжо памёр? Што будзе, калі раптам зачыняцца knihi.com, kamunikat.org, pawet.net, starbel.narod.ru, vytoki.net, slounik.org, bnkorpus.info, baravik.org, tuzinfm.by, nastaunik.info, беларускія каналы YouTube? Што будзе, калі знікнуць архівы nn.by, svaboda.org і іншых навінавых сайтаў, як гэта ўжо было неаднаразова з пераключэннем на новы рухавік? На стварэнне кожнага такога праекту было пакладзена вельмі шмат высілкаў, і паўтарыць іх — нерэальна. Вы думаеце, што за кожным такім сайтам стаіць вялікая каманда, якая можа аднавіць яго ў выпадку сур’ёзных тэхнічных праблем ці смерці ўладальніка і здольная захоўваць працаздольнасць сайтаў на працягу хаця б некалькіх дзесяцігоддзяў? На жаль, не.

Вялікі плюс і адначасова найвялікшая праблема інфармацыі ў сучасным выглядзе, што яна не патрабуе значных рэсурсаў для захоўвання. Папяровая кніга не дазваляе шукаць па тэксце і мець яе за хвіліну на сваім тэлефоне, але калі яе захоўваць у памяшканні з надзейным дахам і без мышэй, стагоддзі захоўвання гарантаваныя. Сучасныя сродкі для захоўвання лічбавай інфармацыі — значна таннейшыя, але гарантавана захоўваюць звесткі не больш за 10 год, пры ўмове што ўсё зроблена правільна. І ўсё… А ў 90% выпадкаў робіцца гэта няправільна.

Так, ёсць Internet Archive, ёсць дзяржава. Але калі гэта неяк (вельмі дрэнна, але хоць неяк) працуе для вялікіх краін, то ў нашым выпадку гэта не працуе зусім (і, дарэчы, усё, што вы пішаце ў facebook, гарантавана знікае назаўсёды). Таму сцэнараў толькі два: альбо мы нешта робім для захавання, альбо гэта гарантавана знікае. А пакуль мы нічога не робім…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?