Але пакуль цягнуўся ўвесь гэты працэс, яму было не да жартаў: «Я паспеў перажыць і сум, і адчай, і ляноту, і смех, і сорам…».

Алесь Цюленеў.

Алесь Цюленеў.

Алесь працуе ў фірме, якая прапаноўвае вентыляцыйныя паслугі. Лацінкай карыстаецца год трыццаць, піша на ёй ў фэйсбуку: «Пабачыў лацінскае напісанне ў першых нумарах адноўленай у 90-я гады «Нашай Нівы», пачаў цікавіцца. А цяпер мне з ёй натуральна і зручна, а кірыліца, на маю думку, не мае перспектывы».

Калі надышоў час мяняць пашпарт, Аляксандр як законапаслухмяны грамадзянін прыйшоў да пашпартысткі, запоўніў там патрэбную заяву, напісаўшы імя і прозвішча як Aliaksandr Ciulienieŭ. Аддаў у акенца. Заўвага, што такое напісанне няслушнае, не прымусіла сябе чакаць. Жанчына ў пашпартным стале спасылалася на інструкцыю па транслітарацыі імёнаў МУС №288 ад 9 кастрычніка 2008 года. На што Алесь, у сваю чаргу, прадэманстраваў ёй пастанову па картаграфічнай транслітарацыі Дзяржаўнага камітэта па маёмасці №38 ад 11 ліпеня 2007 года.

Алесь настойвае: мы маем сваю лацінку, у дачыненні да населеных пунктаў правілы яе выкарыстання афіцыйна зацверджаныя і нават рэкамендаваныя ААН, а прозвішчы з'яўляюцца такімі ж імёнамі ўласнымі, як і населеныя пункты.

Жанчына разгубілася і параіла звярнуцца ў вышэйстаячы орган — аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі.

У дзень прыходу Алеся начальства на месцы не было, але намеснікі папярэдзілі, што яго чакае адмова. Па-першае, яны не хочуць ствараць прэцэдэнт («калі кожны так пачне, што ж гэта будзе?»), па-другое, у іх свае інструкцыі, а не ААНаўскія і, акрамя таго, адсутнічае тэхнічная магчымасць выстаўлення дыякрытычных знакаў: у афіцыйнай адмове на просьбу Цюленева супрацоўнікі аддзялення нават не знайшлі знак Ŭ у вордзе і дамалёўвалі яго на паперцы ўручную.

Галоўнымі аргументамі «супраць» былі наступныя:

  • згодна з абзацам 25 пункта 74 артыкула 10 інструкцыі МУС 200 ад 28.06.2016 г., дыякрытыкі не дапускаюцца (апроч апострафа ў беларускім і лацінскім напісанні!).
  • згодна з абзацам 23 пункта 74 артыкула 10 інструкцыі МУС 200 ад 28.06.2010 г. узор напісання бярэцца з табліцы ў дадатку інструкцыі МУС 288 ад 09.10.2008 г., у іншых выпадку адбываецца аўтаматычная транслітарацыя з беларускай формы згодна з рэкамендацыямі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі.

Але Алесь убачыў у гэтых фармулёўках слабыя бакі, таму прывёў у адказ свае сустрэчныя аргументы.

  • Узор напісання ў дадатку інструкцыі МУС 288 ад 09.10.2008 г. не абавязковы, а толькі рэкамендаваны.
  • Рэкамендацыямі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі дыякрытыкі ў зоне візуальнай праверкі пашпарту дапускаюцца.
  • Правілы, зацверджаныя Інструкцыяй па транслітарацыі геаграфічных назваў Беларусі літарамі лацінскага алфавіта Дзяржаўнага камітэта па маёмасці №38 ад 11 ліпеня 2007 г., тычацца картаграфічных і іншых (!) твораў, што прызначаныя для міжнароднага карыстання.

Далей спадар Цюленеў пачаў пісаць скаргі: спачатку ў ГУУС Мінгарвыканкама. Але атрымліваў чаканыя адказы: у адмовах супрацоўнікаў аддзялення па грамадзянству і міграцыі парушэнняў няма.

У гэтай сітуацыі, дзесьці праз месяц непаспяховых спроб змяніць прозвішча, мужчына вырашае адступіць ад барацьбы за Ŭ: цяпер ён упэўнены, што працэс пойдзе хутчэй, бо раней людзі ўжо мянялі TS na C.

Але ён памыляецца.

Ужо іншая пашпартыстка дае зразумець, што і такую форму напісання аддзяленне па грамадзянству і міграцыі не прыме: «Калі хочаце, ідзіце з імі самі дамаўляйцеся». У апошняй установе Аляксандра Цюленева ўжо запомнілі.

У ход пайшла новая артылерыя аргументаў: «Вы на нас скаргі пішаце, а ў вас дзеці ёсць, а хто нашых будзе карміць, калі што якое?». Супрацоўнікі аддзялення не разумелі, як Аляксандр у прынцыпе можа адцягваць іх працоўны час на такія дробязі.

Ад ГУУС Мінгарвыканкама прыходзілі чарговыя адпіскі. «Гэта мяне раззлавала. Я ўбачыў, што ніхто маю справу па сутнасці не разглядае, нават адмовы пішуць, нібы проста капіююць, толькі даты змяняюць. Я напісаў скаргу ў апошнюю міліцэйскую інстанцыю — Дэпартамент грамадзянства і міграцыі. Далей — толькі суд. Канечне, у такім выпадку працэс мог б расцягнуцца на гады, але для мяне гэта ўжо была справа гонару», — расказвае Алесь.

У канцы траўня ад Дэпартамента прыйшоў адказ. «Лічым магчымым у якасці выключэння (!) задаволіць вашу просьбу і ажыццявіць транслітарацыю прозвішча на CIULIENIEU». Нарэшце, у пачатку чэрвеня Алесь атрымаў свой доўгачаканы пашпарт. Праўда, прасіў яшчэ каб штампы пра шлюб, дзяцей і рэгістрацыю былі па-беларуску, але тут ужо яму ласку не зрабілі.

Аднак Алесь упэўнены, што ўсё астатняе — справа часу: «Гэты маналіт трэба раскалупваць. У нас шмат прабелаў у заканадаўстве, і гэтым можна і трэба карыстацца. Галоўнае, добра яго вывучыць».

Пакуль у сям'і ёсць наступныя актуальныя задачы: цяпер новыя пашпарты трэба атрымаць жонцы і дзецям.

  Прыемны вынік.

Прыемны вынік.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?