У аддзеле ўнутраных спраў Навабеліцкага раёна Гомеля вырашаецца пытанне аб завядзеньні крымінальнай справы ў дачыненні да 19‑гадовага мясцовага жыхара, які здзейсніў напад на брыгаду хуткай меддапамогі. Вынік будзе пасля атрымання звестак экспертызы аб кошце медыцынскіх прыбораў і суме нанесенага ўрону.

Як паведамілі БелаПАН у аддзеле крымінальнага вышуку АУС Навабеліцкага раёна, вечарам 23 кастрычніка ў дзяжурную частць «хуткай» паступіла тэлефанаванне ад маладога чалавека аб тым, што яго маці дрэнна сябе адчувае.

Калі машына прыбыла да пад’езда дома, хлопец, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, стаў кідацца на ўрачоў, выкідаць іх з аўтамабіля і брыдка лаяцца.

Нягледзячы на гэта, урач і фельчар прайшлі ў пад’езд і ўбачылі жанчыну, якая ляжала на лесвічнай пляцоўцы. Медыкі спрабавалі дапамагчы хворай, але яе 19‑гадовы сын перашкаджаў іх працы, нецэнзурна лаяўся, ударыў нагой па твары ўрача, а затым выхапіў у медыкаў чамадан з прыборамі — дэфібрылятарам і кардыёграфам і скінуў на ніжэйшы паверх. Прыборы разбіліся, урачы выклікалі міліцыю. Хуліган быў затрыманы, але затым адпушчаны да вырашэння пытання аб распачынанні крымінальнай справы.

Пры апытанні супрацоўнікі міліцыі высветлілі, што ў той вечар малады чалавек, ужыўшы алкаголь, пасварыўся з маці, яны выбеглі на лесвічную пляцоўку, дзе жанчыне стала дрэнна.

«У маёй практыцы, а працую я ў міліцыі 15 гадоў, гэта першы выпадак нападу на ўрачоў «хуткай», — зазначыў начальнік аддзела крымінальнага вышуку Яўген Марахін
. — Пасля атрымання неабходных звестак экспертызы ў хуткім часе будзе распачата справа ў дачыненні да хулігана. Спадзяюся, ён атрымае заслужанае пакаранне».

Урачы «хуткай», якія пацярпелі на выездзе, пакуль адмаўляюцца даваць якія‑небудзь каментарыі, але зазначаюць, што з імі ўпершыню адбыўся такі інцыдэнт.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0