Падлетак патануў у Дняпры падчас трэніроўкі па веславанні. На ім не было выратавальнай камізэлькі, лодка перакулілася, і ён пайшоў пад ваду. Пра гэта паведаміў БелТА старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Асвод Мікалай Майсееў.
Трагедыя адбылася каля 11.00 26 чэрвеня ў раёне ўпадзення ў Дняпро ракі Дзебра ў Магілёве. Падчас развароту лодка перакулілася, падлетак выпаў і сышоў пад ваду.
«На трэніроўцы не былі выкананыя элементарныя правілы бяспекі, у выніку чаго і загінуў 14-гадовы выхаванец вяслярнай базы, якая знаходзіцца на вуліцы Заводскай. Любы плаўсродак павінен быць забяспечаны сродкамі для выратавання. У дадзеным выпадку трэніроўка павінна праводзіцца менавіта ў выратавальных камізэльках. Таксама абавязковым павінна быць суправаджэнне катара. Чаму гэтыя патрабаванні не былі выкананы, цяпер высвятляецца», - сказаў Мікалай Майсееў.
Вадалазныя працы па пошуку цела падлетка пачаліся ў 12.02. Каардынаты для пошуку даў відавочца — рыбак, які знаходзіўся на беразе. Надзвычайнае здарэнне адбылося на яго вачах, але, на жаль, ён не мог дапамагчы, бо знаходзіўся на вялікай адлегласці ад месца здарэння. Патанулы хлопец быў знойдзены прыкладна праз гадзіну.