Пра тое, чаму «ЧП» усёй камандай з’ехалі з Беларусі так і не стаўшы чэмпіёнамі Вышэйшай лігі, што трымае іх у сённяшняй Украіне і ці збярэцца «ЧП», каб адсвяткаваць 20-годдзе сваёй каманды, мы пагутарылі з Аляксеем Паляковым.

20 год таму каманда «ЧП» стала Чэмпіёнамі Беларускага КВЗ. Але сапраўды поспех прыйшоў да іх крыху пазней, калі хлопцы з мінскай школы № 130 паехалі скараць Вышэйшую Лігу.

Каманда «ЧП». Злева направа: Сяргей Атрошчанка, Віктар Мядведскі, Анатоль Чайкоўскі, Яўген Смарыгін, Дзмітры Танковіч, Аляксей Палякоў. 

Каманда «ЧП». Злева направа: Сяргей Атрошчанка, Віктар Мядведскі, Анатоль Чайкоўскі, Яўген Смарыгін, Дзмітры Танковіч, Аляксей Палякоў. 

Вышэйшая ліга КВЗ так і не скарылася, у 2005 годзе з бронзавымі медалямі «ЧП» сышлі з КВЗ. Затое і сёння каманду «ЧП» памятаюць па нумарах «Пікавая Дама», «Алеся», «Пунсовыя ветразі» ці, напрыклад, па жартах:

«— А чаму вы не карыстаецеся зубной шчоткай «Rich interdental», яна чысціць зубы і ў цяжкадаступных месцах. — Выбачаюся, але ў мяне няма зубоў у цяжкадаступных месцах».

« — Тата, купі піва! — Сынок, адчапіся! — Ну купі, тата, піва! — Адчапіся, кажу. — Ну тата, ну купі піва, я ж бачу, як табе хранова»

« ­­— А вы чулі, што Лукашэнка ў любы момант можа сысці ў адстаўку? —Ты дурань? — Пффф, глядзіце самі. Канстытуцыя РБ. Артыкул 37. «Прэзідэнт у любы момант можа падаць у адстаўку».

Часы КВЗ Аляксей Палякоў успамінае з цеплынёй.

«Па тых часах я, вядома, сумую. Але не прама ўжо да болю ў грудзях. Было лепей, таму што мы маладымі былі. Затое дзякуючы КВЗ я вызначыўся з тым, чым хачу займацца ў жыцці».

На пытанне, чаму ж «ЧП» так і не сталі чэмпіёнамі, Аляксей адказаў:

«Мы не сталі чэмпіёнамі вышкі, таму што стаміліся. Вось так проста гучыць адказ. Занадта высокі тэмп быў узяты ў пачатку сезона. Трэба было проста перазагрузіцца ў нейкі момант. Не ведаю. Проста не пісаць месяц, проста з'ехаць кудысьці. А мы пісалі ўвесь год і вось табе вынік — перагарэлі. Нехта, магчыма, скажа што нас злілі. Была і такая версія. Нам сапраўды ставілі палкі ў колы, але калі б мы былі ў выдатнай форме, то гэтыя палкі мы проста пераламалі б і не заўважылі».

Ад 2007 года Аляксей Палякоў, як і амаль усе «чпшнікі» жыве ва Украіне.

«Пасля завяршэння кар’еры ў КВЗ, ва Украіну пераехалі мы ўсе. Было шмат прапановаў, дзе жыць і працаваць, у тым ліку і Масква. Але мы ўсё выбралі Украіну. У 2007 годзе яна нам здалася, і да гэтага часу здаецца, аптымальнай краінай для пражывання з тых краін, якія мы разглядалі. Людзі тут добрыя, умовы для таго, каб будаваць кар’еру, добрыя, тэлебачанне развітае».

Усёй камандай прыйшлі падтрымаць Івана Вабішчэвіча на ўкраінскім шоу спеваў «Х -фактар». 

Усёй камандай прыйшлі падтрымаць Івана Вабішчэвіча на ўкраінскім шоу спеваў «Х -фактар». 

У Беларусь не вяртаюся таму, што не хачу ўсё жыццё пісаць сцэнары для вяселляў і карпаратываў

За 10 год жыцця ва Украіне ў Аляксея, зрэшты, як і ў сукаманднікаў, з’явіліся сем’і і дзеці.

«Амаль ва ўсіх жонкі — украінкі», — удакладняе Аляксей.

Таму вяртацца ў Беларусь ён не плануе.

«Я вельмі палюбіў Украіну за гэты час. Хай яна нават часам супярэчлівая, няхай яна месцамі неспакойная, няхай яна нават часам непрадказальная, але яна жывая. Яна сапраўдная. Яна развіваецца, яна імкнецца да мэты і мэта гэтая зразумелая. Мэта гэтая бачная. А што я буду рабіць у Беларусі? Я не ведаю. Я не хачу да канца жыцця пісаць сцэнары для вяселляў і карпаратываў. Я здольны на большае, а ў Беларусі такой магчымасці ў мяне на жаль няма. Беларусь — яна добрая, але яна як лецішча, на якое можна прыязджаць адпачываць, а жыць і працаваць усе ж трэба ў горадзе. У маім выпадку — ва Украіне. Гэта толькі маё меркаванне».

Аляксей піша сцэнарыі да серыялаў, прадзюсіруе іх. Адзін з абавязкаў — адсочваць новыя гумарыстычныя шоу, быць у курсе таго, што цяпер выклікае смех у гледача.

«Гумар мяняецца, а мне вельмі хочацца заставацца ў абойме, а не станавіцца нафталінам. Цяпер амаль штодзень з’яўляецца вельмі шмат гумарыстычных праектаў усюды: ва Украіне, Расіі, у іншых краінах АЛЕ не ў Беларусі. Мне вельмі шкада, што так адбываецца. І таленавітыя людзі ёсць, але няма тэлевізара, няма фінансавання. А калі гэтага ўсяго няма, то адкуль узяцца якаснаму канкурэнтаздольнаму кантэнту? Правільна няма адкуль».

З калегамі па «Вавёрка прадакшн» Дзмітрыем Танковічам і Паўлам Крыўчыкам.

З калегамі па «Вавёрка прадакшн» Дзмітрыем Танковічам і Паўлам Крыўчыкам.

Сёння Аляксей Палякоў заняты ў пяці серыялах, і гаворкі пра тое, ці збяруцца «ЧП» разам, каб адсвяткаваць юбілей чэмпіёнства, нават не ідзе.

«І не таму што мы не сябруем адзін з адным, не, а таму што вельмі шмат працы. Каб добра падрыхтаваць юбілейны канцэрт, патрэбен мінімум месяц. Гэта раскоша для нас. На месяц адысці ад спраў. А справы шмат: у дадзены момант, ва Украіне ідзе рост серыяльнай вытворчасці, а гэта значыць што мы па вушы завязаныя ў гэтым працэсе».

Чым зараз займаюцца другія гульцы «ЧП»

Яўген Смарыгін. Акцёр. Здымаецца ў гумарыстычных серыялах, удзельнічае ў гумарыстычнай перадачы «Дызель шоу».

Дзмітры Танковіч і Павел Крыўчык. Працуюць разам з Аляксеем Паляковым у кампаніі «Вавёрка прадакшн».

Віктар Мядведскі і Сяргей Атрошчанка працуюць у кампаніі «IQ прадакшн». Яны таксама пішуць і здымаюць серыялы.

Анатоль Чайкоўскі. Працуе на канале «Інтар», стварае кантэнт для канала.

Іван Вабішчэвіч («Дядя Ваня»). Адзін з нямногіх з «ЧП», што застаўся ў Беларусі. Спявак, шоумэн, радыёвядучы. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?