Пабачыў свет новы грунтоўны (на 542 старонкі) нумар часопіса Arche, у якім упершыню па-беларуску надрукаваныя працы беларускага гісторыка і сацыёлага Севярына Віславуха, прысвечаныя працэсам фармавання нацыянальнай свядомасці жыхароў Заходняе Беларусі ў 1930-я.

Даследчы калектыў пад кіраўніцтвам Віславуха абследаваў і праанкетаваў больш за 400 вёсак — сто тысяч чалавек у дзесяці паветах тагачаснага Віленскага й Наваградскага ваяводстваў, і гэтыя анкеты ў выданні падрабязна цытуюцца. Для краязнаўцаў і ўсіх, хто цікавіцца сваімі каранямі, такая крыніца проста неацэнная.

Даследаванне «Нацыянальныя адносіны на тэрыторыі ўсходніх ваяводстваў» найаб'ёмнейшае і найгрунтоўнейшае. Яна ахоплівае Віленшчыну і Наваградчыну. Праца, скончаная ў 1941-м, шмат дзесяцігоддзяў захоўвалася Ежы Гедройцем у Парыжы, а выдадзеная была толькі ў 2013 годзе.

Яшчэ дзве працы, «Нацыянальная свядомасць праваслаўнага насельніцтва, якое насяляе ўсходнія і паўночна-ўсходнія паветы Віленшчыны» ды «Палякі і беларусы-каталікі на тэрыторыі Віленшчыны», былі надрукаваныя ў 1938 і 1939 гадах, але пад грыфам «Сакрэтна».

Гэтыя працы надзвычай важныя для разумення гісторыі Беларусі.

Замовіць папяровую ці электронную версію часопіса можна на сайце Arche.


* * *

Севярын Віславух 

(19.03.1900, в. Пярковічы Кобрынскага павета — 27.02.1968, г. Уроцлаў), гісторык, юрыст, грамадскі дзеяч. Даследаваў сацыяльную структуру, землеўладанне, рэлігійныя дачыненні, працэсы русіфікацыі й паланізацыі ў Заходняй Беларусі, дзейнасьць КПЗБ. Крытыкаваў урадавую палітыку міжваеннай Польшчы, выступаў у друку ў абарону беларускае культуры, выкладаў гісторыю ў беларускіх школах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0