Ля рэстарана «Паедзем, паядзім» ва ўрочышчы Курапаты здарыўся чарговы інцыдэнт. 27 чэрвеня на пратэстоўцаў наехаў аўтамабіль «Таёта», у салоне якога знаходзіліся дзве жанчыны.

Злата Савостава.

Злата Савостава.

Пацярпелы — Леанід Кулакоў. У яго дыягнаставаны закрыты пералом рукі. Сам спадар Леанід расказвае, што машына найперш наехала на іншага абаронцу Курапатаў Дзяніса Урбановіча. Калі Урбановіч валіўся, то паваліў за сабой і Кулакова, які стаяў за спінай.

Жанчыны пабачылі, што наехалі на людзей, таму адразу развярнуліся і з’ехалі з месца падзей. Нават не выйшлі з машыны і не выклікалі дактароў. Хуткую выклікалі супрацоўнікі ДАІ. І медыкі, і даішнікі вельмі хутка з’явіліся на месца інцыдэнту і аказвалі дапамогу, адзначаюць відавочцы.

Пасля гэтага супрацоўнікі ДАІ знайшлі ўласніцу аўтамабіля дома і прывезлі яе назад на месца здарэння, дзе і склалі пратакол. Леанід Кулакоў кажа, што ў размове з ім даішнікі адзначылі, што парушальніцу пазбавяць правоў на тры гады. Аднак наперадзе яшчэ чакаецца разбіральніцтва.

За рулём «Таёты», як высветлілася, была 29-гадовая жыхарка Мінска Злата Савостава. Нам атрымалася знайсці Злату і крыху з ёй паразмаўляць. «А вы можаце размаўляць па-руску? А то мне цяжка ўспрымаць беларускую», — адразу адзначыла дзяўчына.

«Вы ж зараз кепска пра мяне напішаце? — адразу спытала яна. — Я хацела праехаць у рэстаран, машыну абступілі пратэстоўцы, сталі па ёй грукаць, біць, крычаць. Я прыпынілася, потым машына тузанулася… Пасля гэтага я адразу дала назад і з’ехала. Потым са мной звязаліся і сказалі, што я збіла чалавека».

Чаму Злата адразу не выклікала хуткую? «Вы ўяўляеце, які ў вас шокавы стан, калі вашу машыну абступаюць з усіх бакоў», — тлумачыць яна.

Пасля гэтага тэлефонная сувязь са Златай знікла, яна ў гэты час паразмаўляла з кімсьці яшчэ і ўрэшце адмовілася далей каментаваць інцыдэнт: «Я, напэўна, не хачу болей размаўляць. Якая б версія ў мяне ні была, я ўсё адно буду атрымліваць паведамленні ў фэйсбуку. Я ўжо начыталася пра сябе на Тут.баі».

«Я проста ехала папіць каву», — сказала яна сваю матывацыю наведвання рэстарана «Паедзем, паядзім». Ці ведала дзяўчына, што гэта за месца? «Вы проста выцягваеце з мяне нешта пра палітыку, я нічога каментаваць не буду. Я і так патраціла на вас шмат часу», — сказала Злата.

На старонках Златы Савоставай у сацыяльных сетках месцам жыхарства пазначаны «Мінск — Лондан». А месца працы — DeLuxe Group Ltd (кампанія, якая займаецца арганізацыяй адпачынкаў і святаў), а таксама КРАВТ (парфума і касметыка).

Спадарыня Савостава скончыла завочна юрыдычны факультэт БДУ, а таксама Instituto Marangoni па спецыяльнасці «мадэльны бізнэс». Аддзяленне Instituto Marangoni маецца ў Маскве, таму зусім не абавязкова дзеля гэтага ехаць у Мілан.

Сярод падпісак дзяўчыны ў сацсетках — Ксенія Сабчак, часопіс E-squire, VOGUE, Discovery. Звязаных з палітыкай допісаў яна не публікуе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?