Барыс Батура, фота сайту савету рэспублікі
Верхнюю палату беларускага парлямэнту таксама ўзначаліў старшыня аблвыканкаму. Сьпікерам савету рэспублікі стаў кіраўнік Магілёўшчыны Барыс Батура. Нагадаем, што ў панядзелак старшынём палаты прадстаўнікоў абраны «губэрнатар» Віцебскай вобласьці Ўладзімер Андрэйчанка.

Барыс Батура нарадзіўся ў 1947 годзе ў Ваўкавыску. Скончыў Беларускі палітэхнічны інстытут па спэцыяльнасьці інжынэр‑мэханік (1970). З 1973 па 1979 — начальнік Ваўкавыскага камбінату камунальных прадпрыемстваў. З 1979 па 1987 — на розных пасадах ва ўпраўленьня жыльлёва‑камунальнай гаспадаркі Гарадзенскага аблвыканкаму. З 1987 па 1990 — намесьнік міністра жыльлёва‑камунальнай гаспадаркі БССР, намесьнік старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму. З 1990 па 1999 — міністар жыльлёва‑камунальнай гаспадаркі Беларусі. З чэрвеня 1999 па лістапад 2000 — намесьнік прэм’ер‑міністра. Кастрычнік — лістапад 2000 — прадстаўнік дзяржавы ў ААТ «Белбізнэсбанк». Ад 13 лістапада 2000 — старшыня Магілёўскага аблвыканкама (заняў месца Міхаіла Дражына). Узначальвае фэдэрацыю валейболу.

У савет рэспублікі гэта скліканьня Барыс Батура трапіў па «квоце Лукашэнкі». Прызначэньне адбылося толькі на мінулым тыдні. Зрэшты, яшчэ напярэдадні многія шапталіся, што менавіта Батура зойме пасаду сьпікера і пакіне сваю пасаду ў Магілёве. Дарэчы, на пасаду «губэрнатара» Магілёўшчыны сватаюць Уладзімера Канаплёва, які апошнім часам застаўся не пры справах. Другім прэтэндэнтам называюць віцэ‑прэм’ера Івана Бамбізу.

У свой час, калі Батуру прызначалі кіраўніком Магілёўшчыны, вобласьць апынулася ў эканамічнай яме. Аднак за гады кіраваньня Батуры крызыс атрымалася пераадолець. Вобласьць мае някепскія паказьнікі ў галіне гаспадаркі, адна зь першых у краіне па ўцягваньню замежных інвэстыцый, найперш расейскіх. Увогуле, Батура мае добрыя кантакты з расейскімі бізнэсоўцамі. Яму таксама атрымліваецца лабіраваць магілёўскія тавары на рынку суседняй краіны.

Многія адзначаюць інтэлігентнасьць Батуры. За час ягонага знаходжаньня на пасадзе старшыні аблвыканкаму аблічча Магілёву зьмяніўся толькі ў лепшы бок. Усё ж гарадзенец.

З адмоўных рысаў новага сьпікера адзначаюць умешваньне ў справу сваіх падначаленых, часам падаўляе «нізавую» ініцыятыву.

Кажуць, што ў адстаўку Батура прасіўся яшчэ ў 2006 годзе, але Лукашэнка ўгаварыў яго пакіраваць вобласьцю яшчэ два гады. Сам Батуру тую сытуацыю пракамэнтаваў наступным чынам: «Я нічога не пляную. У нас прэзыдэнт усё плянуе…».

Мабыць, і цяпер для Батуры «заплянавалі» ня самую пыльную і адначасова пачэсную пасаду сьпікера верхняй палаты.

Віцэ-сьпікерам савету рэспублікі абраны адыёзны намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Анатоль Рубінаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?