Сёньня ў Драгічыне міліцыянты мясцовага РАУС ўварваліся ў кватэру сябра Партыі БНФ Ўладзімера Казекі.

Па тэлефоне Ўладзімер паведаміў, што міліцыянты падпільнавалі яго дома і прымусілі, каб ён адчыніў дзьверы. Са словаў Уладзімера, у часе ператрусу міліцыянты выявілі амаль дзьве тысячы асобнікаў сьвежага нумару газэты «Тут і цяпер».

У 11.20 ператрус яшчэ працягваўся. Уладзімер Казека кажа, што на гэты час ў пакоі было ўжо пяць супрацоўнікаў Драгічынскага РАУС.

«Яны ўвесь час карыстаюцца мабільнай сувязьзю. Задаюць пытаньні кшталту, што шукаць, дзе шукаць і як шукаць? Мяне папярэдзілі, што будзе складзены пратакол і, магчыма, даставяць у будынак РАУС», — паведаміў Уладзімер Казека.

Уладзімеру Казеку 45 гадоў, ён грамадзкі актывіст, кіраўнік Драгічынскай суполкі Партыі БНФ. Сёлета вылучаўся кандыдатам у дэпутаты палаты прадстаўнікоў.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0