Фота Волі Афіцэравай
Сустрэча па Курапатах, у якой возьмуць удзел гаспадары рэстарана «Паедзем, паядзім», абаронцы Курапатаў і прадстаўнікі ўладаў, адбудзецца пасля 3 ліпеня. Пра гэта Еўрарадыё распавёў лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў:
«Спачатку сустрэча была запланаваная на 29 чэрвеня. Але ў гэты дзень ў Трасцянцы адбудзецца мітынг-рэквіем з удзелам шматлікіх замежных гасцей. Нас таксама цікавіць гэтае мерапрыемства, таму мы прапаноўвалі Леаніду Зайдэсу іншую дату — 27 чэрвеня. Ён акурат быў у ад'ездзе, таму дамовіліся сустрэцца пасля 3 ліпеня».
Тыдзень таму стала вядома, што ўладальнікі рэстарана ў Курапатах самі выйшлі на лідара БНФ Рыгора Кастусёва і для вырашэння канфлікта прапанавалі «некалькі канструктыўных рашэнняў». Сярод іх — перавод рэстарана з забаўляльнага ў сямейны фармат і ахвяраванне на мемарыял 100 тысяч долараў альбо ператварэнне аднаго з дамкоў забаўляльнага комплексу ў музей ахвяраў сталінскага рэжыму. Яшчэ адзін варыянт — прадажа комплексу цалкам па балансавым кошце.