29.06.2018 / 13:55

«Жыццё і смерць Янкі Купалы» як музкамедыя. Дзецям уваход забаронены 11

Ганна Севярынец піша рэцэнзію на спектакль «Жыццё і смерць Янкі Купалы», прэм'ера якога адбылася ўчора ў Музычным тэатры.

На рэпетыцыі спектакля, фота sb.by

Тэатр пачынаецца з вешалкі, а непрыемнасці ў тэатры — з праграмкі.

Пабачыўшы ў першых радках сімпатычнай праграмкі спектакля «Жыццё і смерць Янкі Купалы» прозвішча Паўліны Мядзёлкі, напісанае без «дз» — «Паўліна Мядёлка» — я крыху перакрывілася. Дадала перцу фраза з праграмкавай анатацыі: «У гэтым часе Янка Купала жыў да самай гібелі». Ага, жыў, пакуль не памёр, класічны прыклад стылістычнай памылкі з падручніка па стыль-рэдактуры. Але добра. Добры карэктар зараз — рэдкасць. Выключым настаўніцу, уключым спагадлівага гледача. Дзень жальбінаў па Купале, прэм’ера музычнай драмы-версіі (так пазначаны жанр дзеі), усё кажа за тое, каб мы даравалі праграмцы.

Праграмцы мы, канешне, даруем усё.

Бо мы паглядзелі спектакль.

Распачаўся ён такой катастрафічнай банальнасцю, што звяло зубы: выйшаў Янка Купала ў тым самым касцюме, у якім ён выходзіць на галаграме ў Купалаўскім музеі, і прыгожа, з паўзамі, прамовіў: «Смерць у шэсцьдзесят год. Рана! Колькі яшчэ не зроблена!» Далей «банальнасць на банальнасці сядзела і банальнасцю паганяла».

Купала станавіўся на калена з ружай ў руцэ і прасіў Мядзёлку іграць Паўлінку, прыходзілі цыгане і размаўлялі хрэстаматыйна «гэй, рамалэ, ідзіце сюды, рамалэ, пойдзем адсюль, рамалэ», Купала спакушаў Паўлінку адправіцца ў ложак якой бы вы думалі фразай? Так! Без варыянтаў: «Нешта мне холадна, Паўлінка, я зусім замёрз!».

Паўлінка прыходзіла і ўшчувала Купалу за тое, што ён не піша геніяльных вершаў: «Янка! Ты ж паэт! Геній нацыянальнага Адраджэння!», цёця Уладзя, вадэвільна адставіўшы попу, выкатвала Купалу столік на калёсіках з кавай і пячэнькамі (не хапала беленькага фартушку для афармлення штампу, недапрацовачка), а Купала пагардліва махаў на яе рукой (так машуць рукой усе аперэтачныя гуллівыя мужы), а потым Купаліха казала Мядзёлцы: «Ён жыве са мной, а кахае цябе» — ніводнага слова ў лібрэта музычнай драмы-версіі не прагучала па-за штампамі, ніводнай мізансцэны не выбудавалі неяк інакш, чымся яны будуюцца ў вадэвілях.

Асобна хочацца адзначыць мову, якой размаўляў і пеў Купала. Першай ягонай арыяй стала песня на словы А. Зэкава, чые вершы разам з арыгінальнымі Купалавымі ўвайшлі ў лібрэта. «Паўліна, мілая Паўліна, цябе ніколі не пакіну». Так і пеў. Купала.

Геній нацыянальнага Адраджэння. Успомнілася з Шукшына: «Ветка сирени упала на грудь, милая Груша, меня не забудь». У адной з мізансцэнаў Купала сказаў Мядзёлцы: «Як пабачыў цябе на вуліцы — на мяне накаціла». Не адставала і Мядзелка: «Я чытала твае вершы палітвязням!» Нешта не бачыла я ніводнага разу ў міжваенных тэкстах, каб на кагосьці штосьці «накатвала» ці каб нехта некага называў «палітвязнем».

Наогул з гістарычным матэрыялам у лібрэта — бяда.

Такое адчуванне, што нават артыкулы ў Вікіпедыі пра Паўліну Мядзелку, Тамаша Грыба, Уладзіславу Луцэвіч, у рэшце рэшт, пра Янку Купалу засталіся па-за ўвагай аўтараў, я ужо не кажу пра ўспаміны сучаснікаў, здабыткі купалазнаўства, архіўныя дакументы.

Складанае, драматычнае, глыбока чалавечнае ў сваёй цяжкой складанасці жыццё паэта было пераўтворана ў просценькі вадэвільчык без прыкметаў часу. Не хочацца нават пералічваць анахранізмы, біяграфічныя памылкі, дый проста — бязглуздзіцу, дапушчаную ў п’есе не са злачынных мэтаў, а проста з-за неадукаванасці і невуцтва, няведання прадмета гутаркі.

Чамусьці нават лозунгі, якія вынеслі на сцэну дзяўчаты ў сукенках узору саракавых гадоў, гучалі як «Мир, труд, май» — чаму менавіта гэтыя лозунгі? Што яны кажуць пра час, у якім жыў Купала? Што за выявы гор і скал, якія настойліва ўзрывалі нейкія машыністы на кадрах архіўнай хронікі? Гэта будаўніцтва Кругабайкальскай чыгункі? Засваенне нафтавых скважын на Каўказе? Якое дачыненне гэта ўсё мае да Купалы?

Крануў эпізод, калі Мядзёлка сустракае Купалу на вуліцы і дае яму кніжку. «Вось, пачытай. Добрая кніжка. Тут пра Вялікае Княства Літоўскае, было такое калісьці. Цікавая рэч».

Ці яшчэ адзін. «Паўліна, я тут верш напісаў». — «Прачытай». — «Ты што, хочаш, каб мяне арыштавалі прама тут, на вуліцы? (Робіць юрлівы выраз твару.) Я так сумаваў, Паўліна!» Гэта спосаб спакусіць Паўлінку нумар два, як хто не здагадаўся. Пэўна, стары, пра «нешта мне холадна», перастаў працаваць.

Заўважаю апошнім часам такую дзіўную рэч. Людзі бяруцца пісаць тэксты на гістарычную тэму, не ведаючы гісторыі.

«Хацелася б напісаць раман пра Платона Галавача, ці не маглі б вы мне хуценька распавесьці, што вы ведаеце пра яго?» — звярнуўся неяк да мяне адзін пісьменнік-пачатковец. Нібыта каб напісаць пра Платона Галавача, дастаткова ведаць толькі пра Платона Галавача. Ды яшчэ і «хуценька».

На такіх хуткасцях зараз існуе прыўкрасная адгаворка, скарыстаная таксама і ў няшчаснай праграмцы да спектаклю: канешне, маўляў, мы не прэтэндуем, у нашай п’есе (рамане, фільме) ёсць месца і здагадкам, і містыцы. Але і здагадка, і містыка толькі тады маюць права на існаванне ў гістарычным тэксце, калі яны лагічна ўпісаны ў існы гістарычны кантэкст. Інакш маем прафанацыю. Праўда, яе сёння тактоўна называюць «альтэрнатыўнай гісторыяй».

Наогул існуюць усё ж нейкія межы прыстойнасці нават у інтэрпрэтацыйных творах. За Купаліху, скажу па праўдзе, я б проста дала аплявуху таму, хто зрабіў яе такой, якая яна выведзена ў п’есе. За Купалу вызвала б на дуэль.

Дый не даседзела я да той шчаслівай хівліны, калі на сцэну выйшлі тыя, каму адрасаваныя мае прэтэнзіі — сышла. Не хапіла моцы вытрымаць да канца.

Быў у спекталі яшчэ і балет. Вось ён якраз ідэальна быў упісаны ў стылістыку спектаклю: прымітыўныя, крыўдна банальныя рухі, за якімі не чыталася ніякага сэнсу, паўтараліся дзясяткі разоў пад невыразную, у стылістыцы сямідзясятых, музыку.

Але было ў спектаклі і добрае, што ж гэта я. Было і добрае.

Купалавы вершы.

Нават галасы ў акцёраў гучалі па-іншаму, нават грудзі распраўляліся, вочы блішчэлі, калі яны чыталі ці пелі сапраўдныя вершы сапраўднага паэта. Калі б я была аўтарам лібрэта, я б зараз сказала, што гэтыя вершы «зіхацелі, як дыяманты пасярод смецця», ці выкарыстала б яшчэ які замурзаны публіцыстычны штамп, але годзе.

Чаму наогул я вырашыла блага адгукнуцца на спектакль?

Яго збіраюцца паказваць дзецям. Мне, настаўніцы, добра зразумела ўсё гэта: і маркіроўка «12+» ля назвы, і пурытанскія, вытрыманыя інтымныя сцэны, і выбар «самага праграмнага з праграмных» героя. Дзякуй богу, зараз канікулы. Але прыдзе верасень — і на музычную драму-версію пагоняць дзяцей.

Нашы дзеці, на жаль, масава не любяць беларускую літаратуру. Яе паспяхова псуе школьная праграма і некаторая колькасць неталенавітых настаўнікаў. Ёй і так дастаецца. А тут яшчэ непісьменны вадэвіль пра Янку Купалу.

Не вадзіце туды дзяцей, вельмі прашу. Мы, дарослыя, шчэ неяк крапчэйшыя. Чаго мы толькі пра Купалу не бачылі. Перажывём і гэта.

1
Студэнты філфака БДУ / Адказаць
29.06.2018 / 15:06
Рэд. Дзякуй за заўвагі.
5
Адна Дзевачка / Адказаць
29.06.2018 / 15:41
Ой дзякуй Вам, нарэшце нехта напiсаў шчыра i як ёсць, а не "современно, модно, молодежно". Бо зрабiлi з Купалы цырк, а з тэатру наогул... З тымi ж пачуццямi выйшла са спектаклю, тымi ж словамi. Цудоўны водгук, усё праўда.
6
человек / Адказаць
29.06.2018 / 16:33
Привлекать внимание к своему творчеству какими-то  произведениями про людей с громкими именами - это вообще безвкусица. если еще и про какие-то собственные фантазии на тему знаменитых людей. Про Шукшина  с его "веткой сирени" -  абы што для белорусов. Шукшин про каких-то крестьян российских с их переживаниями. а  Беларусь в то время уже была промышленно развитой республикой с белорусами-технарями. Страдания российские нам непонятны с  "калиной красной". когда за неприкаянного зека россияне переживают. видно, после своего сталинизма. когда одна половина сидела. а другая охраняла. 
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру