Яшчэ да прыезду ў Курапаты чытаем: Зміцер Дашкевіч затрыманы. Ён разам з Валерыем Мінцом і Ягорам Лаўрухіным ехаў ва ўрочышча, везлі новыя крыжы. Мінец дзеля гэтага прыгнаў з Ліды грузавік. Не паспелі выехаць на Партызанскі праспект, як машыну спачатку спынілі ДАІшнікі, а потым і людзі ў цывільным падцягнуліся. Кажуць, што гэта былі байцы «Альфа», але хто праверыць.
Наста Дашкевіч, жонка цесляра і грамадскага актывіста Змітра Дашкевіча, прыехала ў Курапаты, калі даведалася пра затрыманне мужа.
Пятніца ў Курапатах — гэта дзень дзяжурства «Маладога фронту». Арганізацыі размеркавалі між сабой усе дні тыдня. За панядзелак адказваюць «Альтэрнатыва» і АГП, аўторак — рух «Разам», серада — БХД, чацвер — БНФ, пятніца — «Малады фронт», субота — «Еўрапейская Беларусь», нядзеля — КХП-БНФ. І так ужо вядуць тлумачальную працу цэлы месяц.
Інжынер Ганна Шапуцька і палітык Павел Севярынец змяшчаюць інармацыю на плоце «Паедзем паядзім».
«За ўчорашні дзень было 12 кліентаў, каля дзесяці нам атрымалася пераканаць не ісці ў гэтую ўстанову», — расказвае Павел Севярынец. Менавіта ён пачаў вахту ля рэстарана. У выходныя дні ва ўстанову прыходзіць чалавек 25—30. Здаецца, і нямнога, але ахвотныя знаходзяцца ўвесь час.
У пятніцу ў Курапатах асабліва шматлюдна. Справа ў тым, што на іншым канцы горада мемарыял у Трасцянцы адкрывае Аляксандр Лукашэнка. Менавіта з гэтай нагоды па ўсе бакі ад Курапатаў дзяжураць не звычайныя міліцыянеры, а хлопцы ў крапавых берэтах.
Замежны турыст натхніўся пратэстам беларусаў.
«Вы хоць ведаеце, што гэта за месца?» — пытаецца іх Севярынец.
«Ведаем», — адказвае па-беларуску адзін з іх.
Севярынец уручае ім буклеты з інфармацыяй пра расстрэлы людзей. Хлопцы адразу бяруць пачытаць.
Многіх здзіўляе тое, што за месяц супрацьстаяння пра Курапаты ніяк не выказаўся Аляксандр Лукашэнка. Ён так і не стаў ні на адзін з бакоў. Мабыць, менавіта праз гэта многія чыноўнікі таксама знаходзяцца ў такім нявызначаным стане. І не ведаюць, што рабіць.
Кіраўнік руху «Дзея» Алесь Лагвінец прывёз чатыры вялізныя вядры з камянямі, каб умацаваць крыжы. Кіраўнік БНФ Рыгор Кастусёў разам з намеснікам Аляксеем Янукевічам ледзь цягнулі адно на двух. Сапраўды, цяжка.
Яшчэ на мінулым тыдні Кастусёў разам з адвакатам Юрасём Зянковічам анансавалі перамовы з уласнікам «Паедзем, паядзім» Леанідам Зайдэсам. Ніякіх перамоваў не адбылося. Адны кажуць, што Зайдэс да 3 ліпеня ў Ізраілі, іншыя — наадварот, што 3 ліпеня толькі туды з’едзе. Так і не зразумела, хто даў жыхару ЗША Зянковічу паўнамоцтвы весці гэтыя перамовы.
Выказваецца меркаванне, што пра дату 29 чэрвеня было заяўлена невыпадкова, каб актывісты не стаялі ў дзень адкрыцця Трасцянецкага мемарыялу.
Ужо ад ранку ў Курапатах была невялікая група з нямецкіх і французскіх турыстаў, якія прыехалі паглядзець гэтае месца. Адзін сталы спадар так уцягнуўся ў працэс, што стаў дапамагаць пратэстоўцам разразаць скотч, каб вывешваць на сцены плакаты. Іншыя з цікавасцю фоткалі. «Найперш за гэтае месца павінны пакаяцца», — кажа адна жанчына з дэлегацыі.
У палову на адзінаццатую дазнаёмся, што ў саміх Курапатах знаходзіцца польская дэлегацыя на чале з высокапастаўленым супрацоўнікам канцылярыі прэзідэнта Польшчы Кшыштафам Шчэрскім. Гэта чыноўнік узроўню Максіма Рыжанкова ў нас. Узровень дастакова высокі.
Кшыштаф Шчэрскі ўскладвае кветкі.
Шчэрскі разам з іншымі прадстаўнікамі дэлегацыі ўскладвае вянок да «польскіх крыжоў». Мяркуецца, што ў Курапатах разам з беларусамі расстрэльвалі і польскіх афіцэраў. Папраўляе лампадкі, жагнаецца. Гэта ўсё было да адкрыцця мемарыялу ў Трасцянцы. Туды ён паедзе акурат з Курапатаў. Палякі хацелі, каб гэты візіт адбыўся незаўважна, таму адмаўляюцца ад інтэрв’ю. Яны нават пад’ехалі з іншага боку ва ўрочышча, каб застацца незаўважанымі, але не атрымалася. Да рэстарана яны не пайшлі.
Польская дэлегацыя ў Курапатах.
Неафіцыйна кажуць, што ў Курапаты прыедзе і прэідэнт Аўстрыі Аляксандр ван дэр Белен, а вось нямецкая дэлегацыя не была зацікаўленая ў наведванні гэтага месца.
Ля рэстарана сёння ад ранку сабралася шмат пратэстоўцаў — чалавек 25. І гэта нават да адкрыцця ўстановы. Адказны дзень, таму і адказнасць павышаная.
Звяртае ўвагу прыезд Максіма Клімковіча — унука аўтара гімна Беларусі Міхася Клімковіча.
29-гадовы Дзяніс Урбановіч з Лагойска прыязджае штодня. На руцэ ў яго татуіроўкі «БНР» і «Беларусь». Дзяніс адзін з тых людзей, на якіх трымаюцца пратэсты.
Рэжысёрка Вольга Мікалайчык і дысідэнт Максім Вінярскі ладзяць яркі перфоманс. Яны абклейваюць плот «Паедзем, паядзім» складзенымі на іх пратаколамі. Пасля выпэцкваюць рукі ў чырвоную фарбу і пакідаюць на пратаколах свае адбіткі.
«Лёня, ты павінен пакінуць апошні», — крычаць яны Леаніду Кулакову. У актывіста зламаная рука, пасля таго, як на яго наехаў аўтамабіль. Цэлай рукой Кулакоў усё ж пакідае свой аўтограф.
Ужо аб 11-й гадзіне сонца смажыць так, што стаяць вельмі цяжка. Севярынец ідзе на блізкую запраўку, дзе набывае вады і ліманаду. Ніхто сыходзіць не збіраецца. У нядзелю пачнецца ўжо другі месяц вахты.