За адзін дзень расследаваць справу па крадзяжы ровара, паўдзельнічаць у хрэсьбінах, падказаць дарогу да Мінска, разабрацца ў чужых мабільных тэлефонах і дачакацца машыну з каўбасой вельмі проста, калі ты працуеш прадавачкай у вясковай краме ў вёсцы Доры, што на Валожыншчыне.

Вольга Арлоўская працуе тут ужо чатыры гады. І расказвае, што за гэты час было рознае, здараліся розныя гісторыі, і вясёлыя, і сумныя, але ні разу за чатыры гады яна не пасварылася з пакупнікамі. Ні з тымі, хто па локаць засоўваў рукі ў пячэнне, ні з тымі, хто патрабаваў хутчэй адпусціць пляшку гарэлкі.

Магазінаў у Дорах два. Адзін належыць Валожынскаму райспажыўтаварыству, другі — камерцыйны. Канкурэнцыю дзяржаўнай краме вытрымліваць цяжка.

«І справа не толькі ў тым, што ў вёсцы два магазіны. Не так даўно пусцілі маршрутку на Мінск праз вёску. Вяскоўцы з раніцы садзяцца ў маршрутку, а пасля абеду бачу, што вылазяць з торбамі. У краму, дарэчы, сталі хадзіць з сумкамі з мінскіх гіпермаркетаў. Ды і дастаўка працуе».

Але ёсць у магазіна і свае адданыя пакупнікі.

«Да нас прыходзяць па валожынскі хлеб. Пад выхадныя заўсёды больш замаўляю, бо дачнікі і дзеці, якія прыязджаюць на выхадныя, абавязкова купляюць наш хлеб і вязуць дадому. І яшчэ мы ў вёсцы адны, хто гандлюе «камунараўскімі» цукеркамі».

Ёсць за два кіламетры ад вёскі магазін на запраўцы, але мясцовыя туды не ходзяць — дорага.

«Што вы! Раскупляюць у момант! На ўсю вялікую вёску засталося кароў 5—6. А цяпер сезон халаднікоў, зеляніны ў агародах шмат, бяруць запраўляць салаты».

У чацвер — дзень завозу каўбас.

«Чакаю машыну з Барысава. Але некаторыя вадзіцелі спачатку едуць у Валожын, а пасля па вёсках. Не думаюць жа, што ў горадзе магазіны працуюць да 9 вечара, а ў вёсках толькі да шасці. Даводзіцца чакаць».

Чакае машыну Вольга не адна. Ля вакна на зэдліку, зробленым са скрыні, сядзіць яе муж, Мікалай.

«На ферме абед, дык думаю, прыйду, дапамагу жонцы. А машыны няма і няма».

Вольга расказвае, што летам гандляваць весялей, людзі прыязджаюць на дачы, шмат дзяцей. Забягаюць у краму па напоі, марожанае, чыпсы.

«А зімой школьнікі на перапынках забягаюць па тыя ж чыпсы. Але зімой сумна. Крама ажывае толькі пад канец месяца, у дзень заробку».

У магазін заходзіць маладая сям’я. Пакуль мама выбірае капусту, яе дачушка босенькімі ножкамі забягае ў магазін і спыняецца ля паліцы з фарбай.

«Воль, можна я дзяўчынцы піражок адзін дам?» — пытаецца ў жонкі муж Мікалай і знікае ў службовым памяшканні. Праз імгненне вяртаецца з печывам.

«Ой, ну не можаш ты, каб не пачаставаць малое, — смяецца Вольга. — Купіла, называецца, сабе да чаю. А ў мяне ж за прылаўкам скрыні з пячэннем стаяць на ніжняй паліцы. От трэба сачыць! Ці дзеці, тыя, што ведаюць, адразу з парога забягаюць у краму і па локці запускаюць рукі ў скрыні, ці то сабака які, што прашмыгне праз ногі гаспадара, нос свой суне, толькі адцягвай за заднія лапы».

Паўдзельнічаць у хрэсьбінах не адыходзячы ад прылаўка — лёгка

У магазіне, акрамя прадуктаў прадаюць і прамысловыя тавары. Раней тут быў цэлы прамтаварны аддзел, але яго прыбралі гадоў шэсць таму. Хоць попыт на прамысловыя тавары і ёсць, але трымаць асобнага прадаўца нявыгадна.

«Шмат працуем на замову. Замаўляюць буйны тавар: шыфер, цэмент. Да Радуніцы разышліся штучныя кветкі, лампадкі, фарба. Калі казаць аб прадуктах, то замаўляюць торты пад святы. Кожны ж дзень не прывязеш. Вось пару дзён таму сям’я замовіла 120 брыкетаў масла валожынскага. Купляюць яны масла менавіта летняе, раз на год. І захоўваюць у маразілцы. Цяпер замовіла пустыя слоікі. Бяруць. А што, ягад шмат, разбіраюць і слоікі, і цукар».

За тыдзень у краме прадаецца прыкладна 150 кілаграмаў цукру.

Той, хто не хоча варыць варэнне сабе, можа здаць ягаду ў магазін. Цяпер тут прымаюць чарніцы па 3,50 рублі за кілаграм, чорныя парэчкі па 50 капеек за кілаграм, і парэчкі чырвоныя па 30 капеек.

Пра тое, ці можна здаць сёння чарніцы, запытваецца адна з жанчын.

«Так, але толькі з даведкай з санстанцыі, што ў чарніцах няма радыяцыі».

«Ай, ідзіце вы, мне, што ў Валожын везці чарніцы, каб тую даведку атрымаць? Лепш сабе варэння навару. А то за даведку заплачу 20 рублёў, а чарніц здам на 10».

Заходзяць у краму два сябры.

«Скажыце, а піва ў вас якое? Угу. Ясна. Дарагое. А гарэлка ў маленькіх бутэльках ёсць? Угу, няма. Ну давайце «Чароўную ноч».

Асартымент спіртнога ў краме небагаты: віно «Чароўная ноч», гарэлка і шампанскае.

«Дзень на дзень не прыходзіцца. Цяпер канец месяца, дык пад заробак магу прадаць і дзве скрыні віна за дзень. Пасля крыху сціхае».

«Коля! Воля! Вы ровар мой не бачылі? — у краму забягае мужчына, які згубіў свой ровар. — Паставіў пад сцяной, гляджу, няма, скралі».

«Паглядзі на двары, каму ён патрэбен».

Выбег на двор, праз хвіліну вярнуўся:

«Фух, не там паставіў, дзе звычайна, забыўся. Знайшоў. Дайце напою два літры. Піць хачу!»

Сама Вольга купляе прадукты выключна ў сваім магазіне.

«А ў мяне адзін выхадны толькі ў тыдзень. І тое я адразу еду да сябе, у Стоўбцы, там бацькі, якім па 88 гадоў, трэба іх даглядаць. Таксама любяць наш хлеб валожынскі. Бяру бялковы. Разрэкламавала сярод сваіх, дык бяруць памногу. Дзядуля адзін браў адразу па 12 булак. Але не так даўно памёр».

Пра тое, якія навіны адбываюцца ў вёсцы, Вольга ведае першая. Бо ў магазін часта прыходзяць не толькі па хлеб, але і падзяліцца навінамі. Асабліва пажылыя людзі.

«Просяць патэлефанаваць, расказваюць, хто памёр у вёсцы, хто жаніўся, у каго нарадзілася дзіця. Дарэчы, дзіцячыя сумесі разыходзіцца сталі хутка, значыць, жыве вёска, маладзее».

У садок у Дорах ходзяць 20 дзяцей, школьнікаў тут 89. У вёсцы 203 двары, 525 жыхароў. Стаіць царква, якую аднавілі ў 1995 годзе (старую царкву спалілі разам з жыхарамі ў 1943 годзе немцы). З Дорамі, дарэчы, звязаныя постаці Сямёна Шарэцкага, Франца Кушаля і Андрэя Скурко.

«Часам даводзіцца дапамагаць бабулькам разбірацца ў іх мабільніках. Прыносяць паперкі з нумарам тэлефона, просяць занесці ў тэлефон. Або просяць паглядзець, што за СМС прыйшло і хто званіў, бо не ведаюць, дзе паглядзець прапушчаны».

Таксама Вользе часта даводзіцца працаваць «даведкай». Шмат спыняюцца машыны, пытаюцца, як выехаць на трасу.

А калі ў вёсцы свята, то Вольга — галоўны госць.

«Ой, магазін жа ў цэнтры вёскі. Тут жа побач і сельсавет, і клуб, і ФАП, і пошта, і банк. Банк, праўда, працуе раз на тыдзень. Дык вось, калі ў сельсавеце рэгістрацыя шлюбу, то ўсе адразу ў магазін. Або хрэсьбіны. Вы ж ведаеце традыцыю, калі кумоў возяць на возіку па вуліцах. Не раз даводзілася браць удзел і ў такіх гулянках.

Пакуль гутарым з Вольгай, яна расстаўляе на паліцах тавар, папраўляе цэннікі.

«Пад Новы год у нас нават конкурс праходзіць на лепшае ўпрыгожанне магазінаў. Але мы чамусьці не перамагаем, Манькаўшчына ўжо другі год запар ­— найлепшы магазін. Ох, трэба шукаць каўбасу, дзе яна там дзелася, пайду званіць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?