30.06.2018 / 10:07

Хто такі абаронца Курапатаў Дзяніс Урбановіч? 26

Адным з найбольш яркіх абаронцаў Курапатаў стаў Дзяніс Урбановіч, ён бывае ля рэстарана «Паедзем, паядзім» штодня. Некалькі разоў быў проста пад коламі аўтамабіляў, але не прапускаў нікога. Хто ён такі?

На просьбу расказаць пра сябе, Урбановіч пачынае з крымінальнай справы, якую завялі на яго ў 2015 годзе. «Я пасля прэзідэнцкіх выбараў сеў на два гады. За што? Зняў дзяржаўны сцяг над будынкам ў вёсцы Кораньшчына ў Лагойскім раёне, дзе праходзіла галасаванне, а яшчэ на шыльдачцы «выбары» напісаў «За празрыстыя выбары». У выніку атрымаў 2 гады. Разам са мной пасадзілі і малодшага брата Максіма, ён некалькі разоў таксама прыязджаў у Курапаты», — расказвае Дзяніс.

Хлопец паўгода сядзеў да суда ў Жодзінскім СІЗА, а астатні час — на «хіміі» ў Мінску. «Гэта было на вуліцы Караткевіча, такая паказальная «хімія», калі што не так, то адразу АМАП, побач часць Унутраных войскаў. Мяне там паставілі на ўлік, як асобу схільную да экстрэмісцкай і дэструктыўнай дзейнасці. Вадзілі на працы дворнікам, але мяне стараліся не выпускаць. Чаму два гады? Следчыя мне сказалі, калі гэта выйдзе кудысьці ў прэсу, то я атрымаю шэсць гадоў. Адразу спрабавалі раскруціць, што я рыхтаваў выбухоўку, паліграф я прайшоў. Потым псаванне маёмасці, спыніліся на «Абразе дзяржаўных сімвалаў», — працягвае актывіст.

Пра быт мінскай «хіміі» ён расказвае дастаткова цікавыя рэчы. «Калі быў Дзень Волі ці Маршы недармаедаў, то саджалі ў клетку, бо баяліся, што падыму бунт. Начальнікам нашай «хіміі» быў Талайка Аляксей Пятровіч, дык ён казаў, каб я прадстаўляўся так: «Асуджаны «свядомы» Дзяніс Урбановіч». Мяне там называлі «свядомы». І казаў, каб так прадстаўляўся. Маўляў, ворага трэба заўсёды бачыць. Пастаянна былі нейкія вобшукі».

Па выхадзе на волю Урбановіч далучыўся да партыі Мікалая Статкевіча «Народная грамада». «Выйшаў 29 жніўня 2017 года, а 8 верасня быў ужо на акцыі да Дня вайсковай славы. Цяпер я пад наглядам».

Кажа, што інтарэс да сваёй асобы з боку сілавікоў адчувае пастаянна. «На Новы год мяне затрымалі па аператыўнай інфармацыі, нібыта я збіраюся вывешваць бел-чырвона-белы сцяг на галоўнай яліне Лагойска, а таксама труціць калодзежы. Мяне закрылі на двое сутак, на судзе далі дзве базавыя за абразу міліцыянтаў».

«Мне 29 гадоў, я родам з вёскі Міхалкавічы Лагойскага раёна. Я сваяк Адама Варлыгі (Язэпа Гладкага), заснавальніка першай беларускай школы ў Барысаўскім павеце, аўтара «Беларускага лемантара». Я нават жыў у ягонай хаце. Там вісела шыльда, але пры вобшуках у 2015 годзе знялі. Адам Варлыга — мой стрыечны дзядзька. Ягоны брат Казімір Гладкі быў расстраляны ў Курапатах», — кажа, што любоў да мовы ў яго якраз ад Варлыгі і бацькі.

«Вучыўся ў мінскім ПТВ на зваршчыка. Цяпер працу знайсці не магу. У Мінску працаваць не магу, бо знаходжуся пад наглядам, а ў Лагойску ніхто не бярэ. Нават начальнік Лагойскай міліцыі Дзмітрый Мілашэўскі пры мне званіў у калгас, каб мяне ўзялі туды працаваць. Сказалі, што Урбановіча з такімі крымінальнымі артыкуламі не возьмем. Да гэтага працаваў на «Мотавела», а таксама на адной эстонскай фірме. У нас жа ў Лагойску палова земляў належыць Катару, а палова — Ірану. Працу цяжка знайсці», — дзеліцца хлопец.

«Майму бацьку Іосіфу Іосіфавічу 70 гадоў, ён зацяты пазняковец. У хаце нават вісіць партрэт Пазняка, хаця ў партыі не лічыцца. У нас у вёсцы шмат мужыкоў былі за Пазняка, а жонкі іхнія за Лукашэнку. Нас чацвёра дзяцей у сям’і. Бацька гадаваў нас адзін. Бацька працаваў вартаўніком, але была вялікая гаспадарка: свінні, дзве каровы, конь. Нават журналісты прыязджалі, паказвалі. Бацька мяне падтрымлівае, толькі баіцца, што мне дзе-небудзь па галаве дадуць за кутом. Ён бы і сам прыехаў, каб троху маладзейшы быў», — расказвае Дзяніс.

Па ягоных словах, цяпер ёсць пагроза завядзення новай крымінальнай справы. «Нібыта я залез на тэрыторыю рэстарана, абмаляваў там усё. Запалохваюць усё. Я нічога не рабіў».

«Я прыехаў сюды, як толькі даведаўся. Абзваніў усіх сяброў, усіх заклікаў. У мяне тут расстраляны сваяк. Курапаты аб'яднаюць усю апазіцыю. Хоць кадэбэшнікі думаюць, што мы перасварымся, але мы наадварот аб’яднаемся. Курапаты для мяне святыня. Ёсць Бог, а потым — Курапаты», — сканчвае пра сябе аповед Дзяніс Урбановіч.

Зміцер Панкавец, фоты Волі Афіцэравай

8
Відавочца / Адказаць
30.06.2018 / 10:15
Сапраўдны беларус. Дарэчы, "мужыкі за Пазьняка, іх жонкі - за Лукашэнку" цікава )
81
калгасьник-трасяншчык / Адказаць
30.06.2018 / 10:34
Усе яны там аднаго поля ягады .
92
рубам / Адказаць
30.06.2018 / 10:45

... ён зацяты пазняковец. У хаце нават вісіць партрэт Пазняка, хаця...

Дыягназ пастаўлены. Дадатковых аналізаў не трэба.
Паказаць усе каментары/ 26 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру