«Кінг Конг» («King Kong»).

ЗША — Новая Зэляндыя, 2005, каляровы, 187 хв.

Жанр: прыгоды.

Адзнака: 9,5 (з 10).

Шэдэўр Пітэра Джэксана пра аграмадную закаханую малпу карануе сёлетні кінапракат. Кінг Конг зьявіўся ў 1930-х, у 1970-х быў створаны рымэйк.

Рэжысэр «Валадара пярсьцёнкаў» сёлета замахнуўся на сьвятое, стварыўшы звышвідовішчную кінаэнцыкляпэдыю. Гонкі з дыплядокамі, мярзотныя інсэкты, гіганцкія кажаны — фільмы Сьпілбэрга й Пола Вэрховэна адпачываюць.

Але «Кінг Конг» — ня проста шыкоўнае відовішча. Джэксан трапна грае з атмасфэрай 1930-х, калі голад Вялікай дэпрэсіі рыфмуецца з ілюзіяй тэатраў, а рэжысэр-уцякач нагадвае О.Уэлза ў абліччы «грамадзяніна Кейна».

Мы ўсе прыйшлі паглядзець на Кінг Конга, але малпа прыйшла паглядзець на нас. Калі гераіня Наомі Ўотс танцуе перад пачварай, то ў яе абліччы яна знаходзіць самага ўдзячнага гледача.

Рамантычная гісторыя бляндынкі й малпы — гэта ня проста казка прыязнасьці, але мэлядрама мастацтва і публікі. Плюгія кабарэтныя нумары, сыты рогат і вайсковая дурасьць зьнішчаюць ідылію.

Чарговая сьмерць Кінг Конга на хмарачосе — гэта трагедыя Гамлета забаўляльнага кіно. А ўсе мы — утрапёныя заўзятары й забойцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?