У мінулым годзе на нашым сайце мы напісалі пра вяселле ў нацыянальным стылі, якое зладзілі Вікторыя і Міхась Петрусевічы з Гродна. Гісторыя кахання і атмасферныя фотаздымкі з вяселля настаўніцы беларускай мовы і праграміста прыйшліся чытачам даспадобы: пара вельмі харызматычная і вельмі адказна падышла да афармлення свайго свята. Спадабалася пара і мінскім ідэолагам, якія вырашылі выкарыстаць фотаздымак у прадукцыі да 3 Ліпеня.

Адзін з фотаздымкаў той самай вясельнай серыі, зробленай фатографам Сяргеем Марозавым.

Вось так фотаздымак зайграў на стэндзе.

Праўда, высветлілася, што ні Вікторыя, ні Міхась нават не ў курсе, што іх фотаздымак «гуляе» па Мінску ды яшчэ і ў такіх памерах.

Акрамя гэтага, фота прамільгнула ў сюжэце Белтэлерадыёкампаніі, у якім карэспандэнты зрабілі справаздачу пра тое, як Мінск рыхтуецца да 3 Ліпеня. У відэароліку адзначаецца, што «Мінск патанае ў яркіх фарбах: білборды, арт-інсталяцыі, пано са сцяжкоў паступова ўпрыгожаць ўсе раёны горада. У гэтым сезоне дызайнеры зрабілі стаўку на прыродныя матывы: залатыя каласы, васількі». Аляксей Мартынаў, галоўны мастак і намеснік дырэктара ГП «Мінскрэклама» дадае, што «ўсім знаёмыя элементы на Дзень Незалежнасці ў гэтым годзе паспрабавалі разбавіць лірычнымі сюжэтамі». Каласы і лірычныя сюжэты — гэта было якраз пра фотаздымак Вікторыі і Міхася.

Даведаўшыся пра сітуацыю, Вікторыя абуралася: «Як гэта ўзяць і без дазволу ў такіх маштабах выкарыстаць асабістае фота? Тым больш мы з мужам супраць таго, каб стаяць на фоне не (!) нашага, не бел-чырвона-белага сцяга».

Дзяўчына выказала меркаванне, што дазвол мог даць фатограф Сяргей Марозаў, які здымаў іх вяселле. Але Сяргей таксама здзівіўся навіне.

«З аднаго боку, як фатограф я рады, што горад абраў мой фотаздымак. Калі цытуюць, а тым больш крадуць прадукт тваёй творчай або інтэлектуальнай працы — гэта фактычна прызнанне, што ты дасягнуў вядомасці і высокага ўзроўню майстэрства. З іншага боку, крыўдна, што нават не запыталіся, не папярэдзілі. Гэты фотаздымак дакладна не падпадае пад вызначэнне «сацыяльная з'ява». Я б яшчэ зразумеў, калі б такое зрабіла маленькая кантора з нулявым бюджэтам, а тут дзяржаўны ўзровень», — пракаментаваў сітуацыю Сяргей.

Супрацоўнік «Мінскрэкламы» Андрэй Шаруба, мабільны тэлефон якога я атрымала ў прыёмнай, каб спытаць, ці ў курсе іх дызайнеры Закона аб аўтарскім і сумежных правах, у адказ толькі папрасіў даслаць фотаздымкі стэнда, маўляў, трэба зразумець пра што ідзе гаворка. Пасля гэтага ён перастаў здымаць слухаўку.

У прэс-службе Мінгарвыканкама доўга не маглі атрымаць ад мяне фотаздымкі, бо ў іх пошты «ёсць ліміт на аб’ём файлаў». Але праз некалькі гадзін усё ж далі пісьмовы адказ:

«Так, сапраўды, для падрыхтоўкі сюжэту сацыяльнай рэкламы «Беларусь — краiна шчасця» дызайнерам дзяржаўнага прадпрыемства «Мінскрэклама» для гэтага сюжэта была ўзятая фатаграфія з агульнага доступу ў інтэрнэце. На ёй змяшчаецца пара з Гродна ў нацыянальных касцюмах. У цяперашні час прадпрыемствам вядзецца праца па ліквідацыі парушэнняў, звязаных з аўтарскімі правамі».

Як высветлілася, «праца па ліквідацыі парушэнняў, звязаных з аўтарскімі правамі» звялася да тэлефонных званкоў дырэктара рэкламнага агенцтва з просьбамі заключыць з імі дамову задняй датай і атрымаць за гэта грошы.

Вікторыя расказвае: «Мы адмовіліся, сказалі, што ёсць справа прынцыпу, ёсць аўтарскія правы. І мы не згодныя з тым надпісам, што змяшчаецца на стэндзе, мы не прымаем той фон. Прадстаўнік агенцтва пачаў ціснуць на жаль, маўляў, прыйдзецца праз гэта звольніць простага чалавека. Мы з мужам папрасілі проста даць яму вымову, навошта звальняць. І мы толькі за тое, каб зняць гэта ўсё і забыцца».

Цяпер дзяўчына перажывае, што на яе працягнуць ціснуць іншымі спосабамі, але кажа, што не баіцца.

Гэта ўжо не першы эпікфэйл дзяржаўных структур, звязаны з парушэннямі аўтарскіх правоў. Так, не так даўно Белтэлерадыёкампанія выкарыстала ў сваім сюжэце фотаздымак паўночнага ззяння, зроблены блогерам Антонам Матолькам. Антон падаў на БТ у суд, але на жаль, прайграў. Суд вырашыў, што здымкі фатографа не з’яўляюцца вынікам творчай дзейнасці, а значыць аўтарскія правы на яго не распаўсюджваюцца.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?