Тры драўляныя крыжы памяці ахвяраў рэпрэсій, якія ў розныя гады былі ўсталяваныя на тэрыторыі Трасьцянецкага мэмарыялу, што пад Менскам, зьніклі незадоўга да адкрыцьця другой чаргі мэмарыялу на тэрыторыі былога канцлягера. Адкрыцьцё адбылося 29 чэрвеня з удзелам прэзыдэнтаў Аўстрыі, Беларусі і ФРГ, піша Радыё Свабода.

Свабода высьвятляла лёс зьніклых крыжоў.

Тры драўляныя крыжы ў Трасьцянцы

Пра зьнікненьне крыжоў паведаміў прадстаўнік міжнароднага таварыства «Мэмарыял» у Беларусі, актывіст АГП Уладзімер Раманоўскі. Ён спаслаўся на актывістак Ірыну Кашталян і Галіну Левіну, якія ня ўбачылі крыжоў падчас нядаўняга наведваньня мэмарыялу. 27 чэрвеня Раманоўскі даведаўся ад супрацоўніка прадпрыемства «Гардарбуд» Васіля Ібіша, што трасьцянецкія крыжы не былі зьнішчаныя — іх перадалі ў Беларускі культурны цэнтар духоўнага адраджэньня, што дзейнічае пры праваслаўнай царкве на вуліцы Каліноўскага ў Менску.

«Нешта стала блага. Згадаў лёс крыжа, усталяванага ў 2008 годзе ў вёсцы Дражна (у памяць сялян, якія загінулі ад рук партызан). Улады яго выдралі і перадалі бліжэйшай царкве. Назад яго так і не атрымалі. З крыжамі трэба рыхтавацца да горшага», — напісаў Уладзімер Раманоўскі ў Фэйсбуку.

Трасьцянец — ня толькі месца гібелі ахвяр Другой усясьветнай вайны. Паводле дасьледчыкаў, на пачатку 1941 году ва ўрочышчы Благаўшчына каля Трасьцянца савецкіх грамадзян расстрэльвалі супрацоўнікі НКВД. Таксама гітлераўцы расстрэльвалі ў Трасьцянцы жыхароў Менску, абвінавачаных у падпольнай дзейнасьці.

Першы крыж у Трасьцянцы ў 2008 годзе быў усталяваны ў памяць пробашча Чырвонага касьцёла Вінцэнта Гадлеўскага, расстралянага тут нацыстамі падчас вайны. Гэтую акцыю ініцыяваў краязнаўца і навуковец Анатоль Белы.

Ушанаваньне памяці Вінцэнта Гадлеўскага ў сьнежні 2015 году

Ушанаваньне памяці Вінцэнта Гадлеўскага ў сьнежні 2015 году

Пазьней у памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій актывісты ўсталявалі ў Трасьцянцы яшчэ два крыжы. Адзін зь іх быў пастаўлены ў 2016 годзе — з надпісам «Памяці палітвязьняў менскіх турам НКВД, расстраляных катамі НКУС 25 чэрвеня 1941 г.». Да ўсталяваньня гэтага крыжа меў дачыненьне Ўладзімер Раманоўскі, праз «Мэмарыял» ён дапамагаў сабраць на яго грошы.

На другім крыжы не было надпісу, але ён таксама быў у памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Яго ў 2013 годзе паставілі Алесь Макаеў, Яўген Батура ды іншыя актывісты руху салідарнасьці «Разам».

Крыжы дэмантавалі будаўнікі-дарожнікі

Паводле Васіля Ібіша зь менскага «Гардарбуду», 2—3 тыдні таму, калі ішлі працы па ўпарадкаваньні тэрыторыі мэмарыялу ў Трасьцянцы, крыжы дэмантавалі і перадалі іншым арганізацыям.

Крыж памяці вязьняў менскіх турмаў, расстраляных НКВД. Фота — «Новы час»

Крыж памяці вязьняў менскіх турмаў, расстраляных НКВД. Фота — «Новы час»

Крыж памяці палітвязьняў менскіх турмаў, расстраляных НКВД, — у Цэнтар духоўнага адраджэньня, крыж памяці ксяндза Гадлеўскага — у касьцёл на праспэкце Незалежнасьці.

Што да трэцяга крыжа, памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, дык пасьля ўдакладненьня спадар Ібіш паведаміў, што той па-ранейшаму стаіць на гары ў Трасьцянцы.

«Ён зарос хмызьняком, таму яго ня бачна. Гэта інфармацыя прадпрыемства «Экарэс», якое распараджаецца той тэрыторыяй», — сказаў Васіль Ібіш карэспандэнту Свабоды.

Між тым актывіст Яўген Батура, які сёньня ўвечары пабываў у Трасьцянцы, гэтага крыжа не знайшоў.

«Няма на былым месцы гэтага крыжа, няма і ніякіх хмызьнякоў — усё пачысьцілі», — сказаў ён карэспандэнту Свабоды.

Усталяваньне крыжа ў чэрвені 2016-га. Фота — «Новы час»

Усталяваньне крыжа ў чэрвені 2016-га. Фота — «Новы час»

У дзяржаўным прадпрыемстве «Беларускі культурны цэнтар духоўнага адраджэньня», якое падпарадкоўваецца Менгарвыканкаму, пацьвердзілі, што туды быў перададзены адзін з крыжоў, якія раней стаялі ў Трасьцянцы.

«Яго адрамантуюць, пакрыюць прапіткай і пафарбуюць. Цягам году ўсё зробім. А дзе яго зноў паставяць, гэта вырашаць улады гораду», — сказаў дырэктар Цэнтру Аляксандар Госьцеў.

Крыж Гадлеўскаму перадалі ў касьцёл

Паводле спадара Госьцева, другі крыж — памяці ксяндза Гадлеўскага — быў перададзены каталіцкаму касьцёлу.

Цяпер ён у касьцёле Сьвятога Роха на Залатой горцы ў Менску, што побач з праспэктам Незалежнасьці. Гэта Свабодзе пацьвердзіў пробашч касьцёла, айцец Юры Санько.

Фота крыжа ў касьцёле

Фота крыжа ў касьцёле

«Крыж знаходзіцца ў нас, ён будзе ўсталяваны ў пачэсным месцы, яго пабачыць кожны, хто будзе прыходзіць у касьцёл. Цяпер ён унутры каля статуі сьвятога Роха. Яго трэба крыху зачысьціць, падфарбаваць лякам, і ён будзе ўсталяваны. Мне мітрапаліт патэлефанаваў і спытаў, ці магу ўзяць. Я сказаў, што так», — сказаў айцец Юры.

На пытаньне, ці ня лічыць айцец Юры, што з крыжам зрабілі нешта ня так, сьвятар адказаў:

«Рады, што крыж уратаваны і будзе знаходзіцца ў годным месцы, а памяць пра айца Гадлеўскага будзе захаваная».

Ці вернуцца крыжы ахвярам сталінізму на месца, невядома

Між тым актывіст Яўген Батура, які ў 2014 годзе ўдзельнічаў ва ўсталяваньні аднаго з крыжоў у Трасьцянцы, кажа, што ў мінулую суботу, наведаўшы мэмарыял, не пабачыў там ніводнага драўлянага крыжа. Яўген Батура спадзяецца, што крыжам у памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій усё ж знойдзецца месца на мэмарыяле ў Трасцянцы.

Галоўны архітэктар праекту мэмарыяльнага комплексу «Трасьцянец» Ганна Аксёнава з інстытуту «Менскграда» не гарантавала вяртаньня крыжоў на ранейшыя месцы.

Крыж памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій у Благаўшчыне

Крыж памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій у Благаўшчыне

«Дайце нам адкрыць мэмарыял, а потым будзем вырашаць усе іншыя пытаньні, працягваць працу на пэрспэктыву. Мы будзем замаўляць на іх комплекснае навуковае дасьледаваньне, калі яны ўзьніклі, чаму, якая за імі гісторыя. Ці варта пераўсталяваньня тое, што там было ўсталявана несанкцыянавана.

На дадзены момант у нас стаіць мэмарыяльны знак, дзе дадзеная ўся інфармацыя. Калі там нейкая іншая гісторыя, дык гэта мы будзем разглядаць дадаткова. Гэта ня проста вырашаецца, узгадняецца з усімі інстанцыямі. То бок праца па мэмарыяльным комплексе «Трасьцянец» будзе працягнутая. Яшчэ шмат чаго не рэалізавана і паводле праекту. А ўсе гістарычныя пытаньні, якія ўзьнікаюць, будуць разглядацца дадаткова, у тым ліку з удзелам гісторыкаў», — сказала Ганна Аксёнава.

Паводле спадарыні Аксёнавай, на тэрыторыі мэмарыялу не выключаюцца і новыя раскопкі.

«Яшчэ будуць дадаткова зьбірацца і сьпісы ўсіх, хто там быў зьнішчаны, яшчэ наперадзе шмат працы», — запэўніла галоўны архітэктар праекту мэмарыяльнага комплексу «Трасьцянец».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?