Супрацоўнік ізалятара часовага ўтрымання, што месціцца ў Мінску на вуліцы Акрэсціна, прыехаў у Курапаты падтрымаць абаронцаў мемарыяла. Пра гэта напісала актывістка, інжынер з Мінска Ганна Шапуцька ў сваім фэйсбуку.

Праз турму на Акрэсціна за перыяд кіравання Аляксандра Лукашэнкі прайшла вялікая колькасць палітычных зняволеных.

Шапуцька напісала, што супрацоўніка органаў унутраных спраў зваць Міхаіл Грамыка. Грамыка добра памятае былых палітвязняў, якія цяпер бяруць удзел у абароне Курапат. Ён, у прыватнасці, назваў імёны таксіста з Мінска Леаніда Кулакова, прадпрымальніка Змітра Дашкевіча і палітыка, лідара Хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца.

Супрацоўнік МУС далучыўся да групы людзей, што дзяжураць каля «рэстарана на касцях», і тлумачаць наведнікам, у якім месцы ён адкрыты.

Акрамя гэтага мужчыны, з абаронцамі Курапат салідарызаваліся і некаторыя іншыя былыя праваахоўнікі, сцвярджае Шапуцька.

Гаворка ідзе пра 82-гадовую жанчыну, былога следчага, піша Шапуцька. 

Таксама актывістаў прыйшоў падтрымаць былы падпалкоўнік міліцыі, які нават вёў стрым у сябе ў фейсбуку.

Увагу да Курапат ізноў прыцягнула адкрыццё каля гэтага ляснога масіва, дзе ў 1937—1941 гадах адбываліся масавыя расстрэлы грамадзян, забаўляльнага цэнтра «Паедзем паядзім».

Зямлю пад рэстаран Мінскі райвыканкам выдзеліў яшчэ ў 2000-х. У 2012 намеснік генпракурора рэкамендаваў уладам Мінскага раёна і вобласці спыніць будаўніцтва і ўказваў на парушэнні пры выдзяленні зямлі, але кіраўнікі Мінскай вобласці праігнаравалі гэты зварот. Наадварот, пры міністру Святлове Міністэрства культуры зацвердзіла такія межы ахоўных зон вакол Курапат, пры якіх рэстаран мог заставацца стаяць.

Збудаваны рэстаран назвалі спачатку «Бульбаш-холам», але ў выніку грамадскіх пратэстаў так і не адкрылі, ён прастаяў 4 гады пусты. Новая спроба адкрыць яго адбылася гэтым летам.

Праціўнікі гэтага дзяжураць на пляцоўцы каля забаўляльнага цэнтра і інфармуюць людзей пра Курапаты. 

У Курапацкім лесе у брацкіх магілах ляжаць парэшткі дзясяткаў тысяч людзей, расстраляных саветамі.

Людзі патрабуюць перанесці ці перапрафіляваць будынкі «Паедзем паядзім». З асуджэннем адкрыцця рэстарана выступілі шматлікія інтэлектуалы і грамадская дзеячы — ад Святланы Алексіевіч да Мікалая Чаргінца і Вячаслава Кебіча. З імі салідарызаваліся бізнэсоўцы Юрый Зісер і Віктар Пракапеня.

Улады пакуль не зрабілі ніякіх крокаў па праверцы законнасці выдзяленні пляцу пад забудову. Затое супрацоўнікі МУС склалі больш за 60 пратаколаў на людзей, якія пратэставалі супраць «рэстарана на касцях».

Чытайце таксама:

«Квоты перавыкананы»: кашмарныя архіўныя дакументы пра 1937 год у Беларусі

Гаспадар скандальнага рэстарана ў Курапатах — 54-гадовы бізнэсмен Леанід Зайдэс

Скандал у Курапатах: колішняя тэлевядучая БТ і яе муж-бізнэсмен наехалі на аўто на двух пікетоўцаў

Пракуратура патрабавала ад Батуры спыніць будаўніцтва «Бульбаш-хола», але той не спыніў