Чытачы аўтамабільнага партала abw.by заўважылі на мінскіх дарогах незвычайнага госця. На дарагім «Поршэ Каен» нумары чамусьці стаялі дагары нагамі. Самі нумары — маскоўскія.
Фота - abw.by
Чытачы паведамілі, што аўтамабільныя нумары былі ў перагорнутым стане і спераду, і ззаду машыны — то бок, гэта наўрад ці выпадкова. Хутчэй за ўсё, такім чынам уладар нятаннай машыны вырашыў ашчадзіць і падмануць камеры відэафіксацыі.
«Наша Ніва» пацікавілася ў ДАІ, ці існуе нейкае пакаранне за нумары, якія так замацаваныя на аўто. У міліцыі растлумачылі, што за гэта кіроўцу могуць папярэдзіць ці пакараць штрафам да 2 базавых велічынь.