Выпускніца сярэдняй школы аграгарадка Фядоры, што ў Столінскім раёне, Вікторыя Цярлецкая ў цяперашняй уступнай кампаніі набрала 398 балаў з 400 магчымых.

Вікторыя тройчы перамагала на рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і магла атрымаць сертыфікат з максімальным балам па гэтым прадмеце «аўтаматам», але дзяўчына вырашыла прайсці выпрабаванне, каб маральна падрыхтаваць сябе да здачы наступных тэстаў па хіміі і біялогіі.

У выніку абітурыентка атрымала максімальны бал атэстата, «соткі» па беларускай мове і біялогіі, а хімію здала на 98 балаў. Як прызналася Вікторыя, вынікі па хіміі яе трохі засмуцілі.

«Спачатку, вядома, трошкі паплакала. Хімія прыйшла апошняй. Вядома, магло быць 400, але з іншага боку, магло быць і 350. Трэба радавацца таму, што ёсць. Мы ж атрымліваем не тое, што хочам, а тое, што нам трэба», — распавяла TUT.BY дзяўчынка.

Вікторыя рыхтавалася да ўступных іспытаў сама: «У школе ў мяне было свабоднае наведванне, да рэпетытараў не хадзіла. Сама ўсё вучыла».

Дзякуючы перамозе на алімпіядах Вікторыя магла без экзаменаў паступіць у любы беларускі ўніверсітэт на профільную спецыяльнасць. Акрамя таго, ёй прапаноўвалі грант на навучанне ў адной з ВНУ Санкт-Пецярбурга. Аднак дзяўчына вырашыла паступаць на фармацэўтычны факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Астатнюю частку «адпачынку» будучая студэнтка правядзе з сям'ёй:

«У мяне ёсць выдатны маленькі брацік і выдатны вялікі брацік. Будзем з малым гуляць, старацца дапамагаць маме. Ну ці прынамсі старацца ёй не перашкаджаць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?