Паўтары тысячы чалавек сабраліся ў Курапатах на Дзень памінаньня продкаў. Яны ішлі туды двума шэсьцямі, што так і ня здолелі злучыцца. Толькі кветкі ляглі пад адны крыжы, на адны ямы. У абодвух шэсьцях ішлі пераважна маладыя людзі.
Фота Юліі Дарашкевіч
16:10Сотні тысяч рублёў ахвяравалі людзі на ўстаноўку новых крыжоў у Курапатах.
Гаворыць Мая Кляшторная, дачка Тодара Кляшторнага, забітага ў Курапатах: Я ўсьцешаная, што Беларусь ужо не засьне. А мне асабіста важна, што ў такой грамадзе нічога ня боязна. Тут адзіным сэрцам усе.
15:31 Быў зачытаны зварот Зянона Пазьняка.
15:16 Валер Буйвал, адказы сакратар КХП-БНФ, заявіў на мітынгу – «Мы павінны браць прыклад з мужнага грузінскага народу і бараніць нашу Радзіму ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй ад агрэсіўнага акупанта», паведамляе радыё «Свабода».
14:57 Зладзіліся напачатку два розныя мітынгі. КХП-БНФ - пачалося наверсе свой, Партыя БНФ - унізе свой, кароткі.
Потым усе зьнізу падняліся наверх і перамяшаліся з прысутнымі. Большасьць удзельнічае ў мітынгу, на якім прамаўляюць сябры КХП-БНФ, рэшта разышлася па ўрочышчы ды ўскладае кветкі. Людзі прыходзяць і сыходзяць.
14:24 Калёна Партыі БНФ амаль дагнала калёну КХП-БНФ. Адлегласьць складае мэтраў 300.
Удзельнічае ў акцыі таксама група моладзі з Польшчы, з арганізацыі «Маладыя дэмакраты».
Шмат моладзі. Але ідзе і інвалід, без нагі, на мыліцах. Нейкі старэнькі пэнсіянер нясе таблічку «50 гадоў стажу - 50 тыс. пэнсіі».
14:18 Калёна, якую вядзе КХП-БНФ, дайшла да МКАД.
14:05 Калёна, якую вялдзе партыя БНФ, дайшла да Лагойскага тракту.
13:23 Калёна, што вядзе КХП-БНФ, зараз на вуліцы Карбышава. Сьпяваюць «Магутны Божа». Назіральнікі кажуць, што ў абодвух шэсьцях, бярэ прыкладна аднолькавая колькасьць людзей.
Вось толькі зараз пачалі гукаць «Жыве Беларусь». Дагэтуль ішлі моўчкі.
Адлегласьць паміж калёнамі - каля 1 кілямэтра.
Мілінкевіча няма. Але з простай прычыны. Ён разам зь Інай Кулей знаходзіцца ў Берасьці - у рэанімацыю трапіла маці Іны Кулей.
13:11 Калёна, якую вядзе БНФ, рухаецца па вуліцы Каліноўскага.
Ідуць зь людзьмі Аляксандар Бухвостаў, Алесь Марачкін, Зьміцер Дашкевіч, Вінцук і Франак Вячоркі, Анатоль Лябедзька, а. Аляксандар Шрамко, Міхась Пашкевіч, Яўген Афнагель.
12:58 Шэсьце, ладжанае КХП-БНФ, рухаецца ўздоўж вуліцы Сядых, ля Сьляпянскага вадасховішча.
З канца калёны ўжо бачна шэсьце, што вядуць сябры Партыі БНФ.
Юрась Беленькі выказаў здагадку, што ўчорашні вандалізм у Курапатах быў інсцэніроўкай. Былі вельмі апэратыўна выкліканыя бацькі, а жанчына-афіцэр, прыбыўшы на месца здарэньня, спыталася «А дзе, трэці?», хоць былі затрыманыя два чалавекі. Такое ўражаньне, што міліцыя ведала, кажа сп. Беленькі, пра акцыю і вырашыла інсцэніраваць затрыманьне вандалаў напярэдадні Дзядоў.
12:45 Шэсьце, ладжанае Партыяй БНФ, ідзе праспэктам. Бярэ ўдзел па розных ацэнках ад 500 каля 700 чалавек. Да гэтага шэсьця далучыўся і Павал Севярынец.
Дайшлі да вуліцы Каліноўскага.
Актыўнічае «Моладзь БНФ». Нясуць расьцяжку «Дзяды 1988-2008».
12:33 У акцыі на Ўсходніх могілках бярэ ўдзел каля 300 чалавек. Багата сьцягоў, апроч бел-чырвона-белых сьцягоў ёсьць сьцягі ЭС, Менску.
Ёсьць расьцяжка «Свабоду Аляксандру Баразенку», якога, нагадаем, 27 кастрычніка кінулі за краты.
12:29 Ускладаньне кветак на Ўсходніх могілках скончана. Апошнімі кветкі былі ўскладзеныя да магілы Васіля Быкава. Выступілі тут Лявон Баршчэўскі і Ўладзімер Някляеў, які прачытаў верш «9-ты клас», прысьвечаны народнаму пісьменьніку Беларусі.
12:23Удзельнікі акцыі, што арганізавана КХП-БНФ, дайшлі да вуліцы Каліноўскага. Каля 10 чалавек рушылі ў бок Усходніх могілак са сьцягам, каб ускласьці кветкі.
У гэтай калёне - каля 500 чалавек. Людзі няспынна далучаюцца, выходзяць з двароў, з грамадзкага транспарту. Мінакі ахвотна бяруць незалежную прэсу.
12:18 Калёна, якую вядуць сябры КХП-БНФ, дайшла да станцыі мэтро «Усход». Неўзабаве і паварот на Каліноўскага.
Была дробная сутычка зь нейкімі п'янтосамі, якія заклікалі «іці работаць».
Да калёны далучыўся Павал Севярынец.
12:16
Пачалася акцыя на Ўсходніх могілках. Ускладаюць кветкі да магілаў вядомых людзей. Усяго на могілках і ля брамы каля 300 чалавек.
Тут Лявон Баршчэўскі, паэт Уладзімер Някляеў, рэжысёр Валер Мазынскі, пісьменьнік Уладзімер Сіўчыкаў, праваабаронца Валянцін Стэфановіч, гісторык Аляксей Кароль з дачкой Ірынай Віданавай.
11.40 На пачатку калёны ідзе Пятро Шашкель, які быў асуджаны ў паўтарагодовым узросьце. Для яго гэта ўжо 20-я Дзяды.
Упершыню за 20 гадоў ў шэсьці ў Курапаты не бярэ ўдзелу Мая Кляшторная, дачка рэпрэсаванага ў 30-я гады паэта Тодара. Спадарыня Кляшторная кажа, што ня можа ісьці па стане здароўя, але ў душы яна разам з удзельнікамі шэсьця, паведамляе радыё Свабода. Яна прыехала адразу ў Курапаты.
11:30 Дайшлі да корпусу БАТУ.
Асобнай групай ідуць сябры Маладога Фронту, Хрысьціянскай Дэмакратыі, Партыі Свабоды, а таксама некалькі сябраў Партыі БНФ, а таксама Алесь Лагвінец. У калёне - Андрэй Кім з мэгафонам.
11:19 Калёна рушыла па ходніках уздоўж праспэкту.
Алесь Пушкін нясе карціну: НКВДдзіст трымае пісталет ля скроні сьвятара.
Прысутнічае амаль усё кіраўніцтва КХП-БНФ (Валеры Буйвал, Сяргей Папкоў, Алесь Чахольскі). Ёсьць прадпрымальнік Алесь Таўстыка. «Моладзь - за Беларусь» трымае сваю расьцяжку.
10:58 Удзельнікі акцыі фармуюць калёну. Людзей усё прыбывае і прыбывае. Недзе ўжо каля 300 чалавек.
Машыны, што едуць праспэктам, няспынна сыгналяць.
Мноства сьцягоў -- каля 40. У большасьці проста бел-чырвона-белыя, рэшта - партыйныя. Людзі ўздымаюць транспаранты.
Ідзе са сьцягам Андрэй Кім.
10:56 Аварыя насупраць мэтро Парк Чалюскінцаў. Кіроўца маршруткі заглядзеўся на акцыю і ўрэзаўся ў легкавік. Абышлося, дзякуй богу, без ахвяраў. Але перад маршруткі добра памяты.
10:47 Усяго людзей ужо за 150 на акцыі ля Гадзіньнікавага заводу.
Многа сьцягоў: у асноўным бел-чырвона-белыя, рэшта партыйныя: КХП-БНФ, БХД, пяць сьцягоў моладзевай ініцыятывы «Моладзь — за Беларусь».
Ёсьць перасоўная здымачная група БТ, ну і ціхары — куды ж бязь іх.
* * *
Ля Гадзіньнікавага заводу сабралася больш за пяць дзясяткаў чалавек. Тут ладзіць акцыю сябры КХП БНФ. Ужо ўзьнятыя два сьцягі.
А 12-й сваю акцыю на Ўсходніх могілках ладзіць Партыя БНФ.