09.07.2018 / 07:26

Названа найлепшая кніга за ўсю гісторыю Букераўскай прэміі

Wikimedia Commons

Гісторыя кахання ваеннага часу, раман канадскага пісьменніка Майкла Андатжэ «Англійскі пацыент» стаў лаўрэатам «Залатога Букера» — адзінай у сваім родзе ўзнагароды, якая была заснавана да 50-гадовага юбілею Букераўскай прэміі.

Кніга Андатжэ атрымала яе як найлепшы з раманаў, якія за час існавання Букера — апошнія 50 гадоў — станавіліся лаўрэатамі штогадовай Букераўскай прэміі па літаратуры. Узнагарода была ўручана ўвечары 8 ліпеня.

«Англійскі пацыент» — захапляльны мастацкі твор — паэтычны і філасофскі», — гаворыцца ў заяве старшыні Фонда Букераўскай прэміі баранэсы Хелены Кэнэдзі. «Паколькі мы святкуем 50-годдзе ўзнагароды, тое, што ўсе ўладальнікі прэміі яшчэ друкуюцца, сведчыць пра ўплыў і спадчыну Букера», - адзначыла яна.

«Англійскі пацыент» распавядае пра жыцці чатырох герояў падчас Другой сусветнай вайны. Лаўрэатам Букераўскай прэміі гэты раман стаў у 1992 годзе. У 1996 годзе рэжысёр Энтані Мінгела зняў па гэтай кнізе аднайменны фільм. У пастаноўцы ўдзельнічалі ў тым ліку такія акцёры, як Крысцін Скот Томас і Рэйф Файнс. У 1997 годзе фільм быў вылучаны на атрыманне прэміі Амерыканскай кінаакадэміі ў 12 намінацыях і ў выніку атрымаў «Оскар» у дзевяці з іх, уключаючы ўзнагароду за «Найлепшую карціну».

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру