Супрацоўнікі «Радыё Рацыя» Аляксей Трубкін і Арцём Сізінцаў, стыпендыят праграмы імя Кастуся Каліноўскага Андрэй Цянюта ды графічны дызайнер Ігар Венско выдалі паштоўку, прысвечаную беларускаму антыбальшавіцкаму руху 1919—1924 гадоў.

Асновай паштоўкі, якая была выдадзена накладам у 500 экзэмпляраў, стала адмыслова зробленая каляровая версія вядомага фотаздымка партызанаў атамана Лукаша Сяменіка, якая дагэтуль была ў шырокім доступе толькі ў чорна-белым колеры і ў вельмі дрэннай якасці. Падчас вырабу паштовак выявіліся новыя факты, датычныя фотаздымка. Перадусім гэта месца (вёска Вялікае Стахава, што каля Барысава), дзе быў зроблены фотаздымак. Таксама атрымалася ўдакладніць дату — 1919, а не 1920 год, які фігураваў у беларускай гістарычнай літаратуры. Тое ж датычыць і правільнай формы прозвішча атамана Лукаша Сяменіка, якога па-рознаму памылкова называлі яшчэ ў часы дзейнасці яго партызанскага аддзела, пра што сведчыць артыкул у менскай газеце таго часу: «Беларускае жыцьцё» № 3 (25) 1920 год. Лукаш Сяменік — беларускі вайсковец, ураджэнец вёскі Траянаўка Халопеніцкай воласці Барысаўскага павета. Удзельнік Першай сусветнай вайны. Арганізатар Першага Беларускага партызанскага аддзела, які паспяхова дзейнічаў супраць бальшавікоў у Барысаўскім ды Менскім паветах у першай палове 1919 года. Аддзел налічваў каля 50 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0