Найноўшая беларуская, ці, дакладней, беларускамоўная літаратура пасьпяхова змагаецца з сындромам гета і ўнікае тупікоў палітычнага заказу. Беларускія пісьменьнікі між Лукашэнкам і постмадэрнізмам — польскі крытык пра раманы Артура Клінава «Горад сонца» і Ігара Бабкова «Адам Клакоцкі і яго цені».

Сучасныя пісьменьнікі Беларусі змагаюцца з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, які назваў нацыянальную мову беднай і схіляе да барацьбы зь ёй. Аднак апроч гэтага яны пішуць вытанчаныя тэксты, здольныя зьдзівіць Эўропу, — піша польская газэта «Дзеньнік».

Беларусь — апошняя таталітарная краіна Эўропы, якой кіруе на савецкі ўзор шалёны сатрап, які паводзіць сябе так, нібыта ягоная галоўная мэта (апроч пажыцьцёвага кіраваньня краінаю) — зманкуртаваць суайчыньнікаў. Аляксандар Лукашэнка лічыць беларускую мову перажыткам адсталасьці, лішнім у эпоху інтэрнэту, мабільных тэлефонаў і аўтамабіляў на біяпаліве. Як мяркуе вусаты прэзыдэнт, lingua beloruthenica — мова нязграбная, на якой немагчыма выразіць глыбокія думкі, у адрозьненьне, напрыклад, ад мовы расейскай. Таму найлепшы хакеіст карыстаецца амаль выключна расійскай і жалезнай рукой схіляе да гэтага грамадзтва.

Хоць беларуская мова мае афіцыйны статус дзяржаўнай мовы, яе выцясьняюць са школаў, унівэрсытэтаў і СМІ, а аўтары, верныя беларушчыне, трапляюць пад нагляд.
У пэўным сэнсе беларуская мова натуральным чынам зрабілася мовай дэмакратычнай апазыцыі і прагрэсіўнай інтэлігенцыі.

Таму Лукашэнка панічна баіцца пісьменьнікаў. За надрукаваны ў невялікім апазыцыйным выданьні, што выходзіла ў Віцебску накладам 300 асобнікаў, правакацыйны верш «Забі прэзыдэнта» паэт Славамір Адамовіч трапіў у турму. Пазьней пісьменьнік эміграваў у Нарвэгію.

Падначаленыя прэзыдэнта спрабавалі пасварыць пісьменьніцкае асяродзьдзе, стварыўшы падуладны саюз пісьменьнікаў,
сябры якога могуць разьлічваць на выгаднае супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі выдавецтвамі і распаўсюд сваіх кніг па ўсёй краіне.

Літаратура ў паўпадпольлі

Такім чынам, беларускамоўныя пісьменьнікі практычна сышлі ў падпольле і апынуліся ў сытуацыі, што ня мае адпаведнікаў у эўрапейскай гісторыі. На іх ляжыць пачуцьцё абавязку перад айчынай, цяжар аднаўленьня нацыянальнай ідэнтычнасьці, а іх саміх разглядаюць як прарокаў. Андрэй Хадановіч (нар. 1973), паэт, перакладнік і літаратуразнаўца зь Менску, заўважыў, што

пісьменьнік у Беларусі застаўся тым, кім быў у Эўропе ХІХ стагодзьдзя, — вестуном‑прарокам і ўладаром чалавечых душаў:
«Ад сучаснага пісьменьніка ў нас па‑ранейшаму чакаюць адказу на пытаньне, што рабіць ў дадзенай сытуацыі. Я адчуваю сябе трохі прарокам, навукоўцам і філёзафам‑футурыстам, які зазірае ў будучыню, па‑ранейшаму фармуе нацыянальную ідэнтычнасьць, карацей, робіць тое, што рабілі некалькі сотняў гадоў таму пісьменьнікі на захад ад Беларусі».

На сустрэчы зь пісьменьнікамі, якія часта бываюць адзіным спосабам кантакту аўтара з чытачамі, прыходзяць сотні людзей. Пахаваньне Васіля Быкава (1924—2003), аўтара знакамітай «Сьцяны», сабрала шмат тысяч людзей і перарасло ў антыўрадавую дэманстрацыю.

Можа падацца, што гэты амаль архаічны разрыў паміж творчасьцю і службай народу прывядзе літаратуру наднёманскага краю, да непрыхаванай радасьці Аляксандра Лукашэнкі і ягоных чыноўнікаў з Саюзу пісьменьнікаў, у мастацкі тупік. Няма нічога больш памылковага:

найноўшая беларуская, ці, дакладней, беларускамоўная, літаратура пасьпяхова змагаецца з сындромам гета.
Перафразуючы польскага клясыка, можна сказаць, што беларускім пісьменьнікам удаецца пісаць і пра паравіны году, а ня толькі пра Беларусь пад дыктатурай Лукашэнкі. Зусім іначай — з друкаванай прадукцыі «пісьменьнікаў‑патрыётаў» з афіцыйнага Саюзу пісьменьнікаў, якая праз пару гадоў будзе цікавіць хіба што мышэй.

Борхес і Картасар зь Менску

У польскія кнігарні трапілі дзьве кнігі, якія могуць лічыцца беларускім літаратурным таварам на экспарт. У выдавецтве «Oficyna 21» выйшаў раман Ігара Бабкова (нар. 1964) «Адам Клакоцкі і ягоныя цені».

Яго аўтара, філёзафа, перакладніка і падарожніка, параўноўваюць з Картасарам і Борхесам.
На айчыне аўтара кніга не атрымала належнага распаўсюду. Размножаны на рызографе твор вандруе па краіне і прачытваецца як зафіксаваны досьвед забытай сьветам часткі Эўропы і як памфлет на рэжым Лукашэнкі. Тэрмін «раман» не да канца перадае асаблівасьці гэтага адмыслова складзенага тэксту. Гэта літаратурны палімпсэст, дзе ў аснове ляжыць гісторыя галоўнага героя, які жыў на мяжы XVIII i XIX стст., — «адважнага асьветніка і энцыкляпэдыста». Аўтар гуляе словамі, жанглюе ідэямі, зьмешвае стылі і жанры — і перад намі аповесьць, дзёньнік, філязофскі трактат, разважаньні пра прыроду гісторыі і раман‑выхаваньне адначасова. Дзівоснае чытаньне.

Такія ж абсягі ўяўленьня адкрывае перад чытачамі Артур Клінаў у апублікаванай выдавецтвам «Czarne» кнізе «Малая падарожная кніжка па горадзе Сонца». Беларускі празаік (нар. 1965) напісаў альтэрнатыўны даведнік пра Менск. Тапаграфія беларускай сталіцы чытаецца праз прызму «Ўтопіі» Мора і «Гораду Сонца» Кампанэлы, гісторыі Цэнтральнай Эўропы, а таксама ўласных успамінаў аўтара з часоў брэжнеўскага застою. «Малая падарожная кніжка па горадзе Сонца» — гэта настальгічнае падарожжа ў дзяцінства і філязофская рэфлексія на тэму дэкаратыўных асаблівасьцяў архітэктуры і сацыялістычнага горадабудаўніцтва.

Аўтар парадаксальна эстэтызуе родны Менск, манумэнтальныя гмахі якога і пустыя абшары асацыююцца з соннымі пэйзажамі дэ Кірыка.
Нават хочацца пабываць там і спазнаць Менск такім, якім яго спазнаў апавядальнік — ад вакзалу да цэнтру.

Мача, якога пераехаў трактар

Каб мець лепшае ўяўленьне пра праблемы, якімі жывуць нашы ўсходнія суседзі, трэба зьвярнуцца да іх сучаснай літаратуры. Можна пачаць з напісанага адным бясконцым сказам раману «Любіць ноч — права пацукоў» Юр’я Станкевіча, які робіць пэсымістычны прагноз адносна лёсу Беларусі. Таксама раю «Лабуха» Ўладзімера Някляева — гэта эратычна‑палітычны трылер, дзея якога адбываецца ў Беларусі 90‑х гадоў мінулага стагодзьдзя. І, нарэшце, фэміністычны аповед пра фатальны раман унівэрсытэцкага выкладніка‑мача і эмансыпаванай мастачкі (якая ў фінале пераяжджае каханка трактарам ) «Галоўная памылка Афанасія» Югасі Каляды.

Дзіўна, праўда? Можна сказаць, што

дыяпазон праблемаў, якія падымаюць беларускія літаратары, — такі ж вялікі, як і няведаньне Эўропы пра гэтую краіну
. Ва ўяўленьні эўрапейцаў Беларусь — гэта вялікі скансэн (бытавы, эканамічны, палітычны і літаратурны). Між тым маладыя пісьменьнікі зь Менску, Гомеля, Горадні і Берасьця жывуць тым самым, што і іх аднагодкі з‑за Бугу. І часта яны апынаюцца больш рафінаванымі постмадэрністамі і арыгінальнейшымі як творцы. Беларусы могуць добра пісаць. Іхную літаратуру варта як мага хутчэй зрабіць чытанай у Эўропе. На гэтым выйграюць усе.

* * *

«Mińsk. Przewodnik po mieście słońca». Artur Klinau. Czarne, 2008

«Adam Kłakocki i jego cienie». Ihar Babkou. Oficyna 21, 2008

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?