12.07.2018 / 16:19

Леанід Козік: «Да слёз крыўдна было, што мяне крытыкавалі за кантрактную сістэму. А я нават прасіў Лукашэнку яе адмяніць!» 23

Былы кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік апошнім часам знік з навін. Мы пацікавіліся ў яго, чым сёння жыве былы чыноўнік.

Леанід Козік. Фота Волі Афіцэравай.

Леанід Козік: Як сышоў з пасады, дык больш нікому і не патрэбны. Так у нас заўсёды было, гэтак і цяпер застаецца… Чым займаюся? Гляджу за жыццём. Назіраю за ўсім: за СМІ, за людзьмі, за выступленнямі.

Вельмі шмат чытаю, у мяне вялікая бібліятэка. Я чытаў з дзяцінства, знаходзіў нейкія аркушыкі — і чытаў. Такая ўжо дзе страсць. Цяпер перачытваю ўсё запар. Сучасная літаратура мне не дужа цікавая. Я ўсё ж прыхільнік старога ладу, гераізму савецкага і беларускага народу, якія будаваў і працягвае будаваць.

З беларускай літаратуры чытаю ўсё: і Адамовіча, і Караткевіча. Люблю, канечне, беларускую прозу.

Унукаў гадую, іх у мяне чацвёра. Часам падкідваюць іх мне, хоць і не злоўжываюць. Я з радасцю вучу іх жыццю, як трэба вучыцца ў школе.

«НН»: За дзейнасцю прафсаюзаў сочыце?

ЛК: Мала. Яны мяне не турбуюць, я ім не патрэбны. Ніхто ні разу слова добрага не сказаў. У мяне няма ніякай крыўды ні да каго. Можа, у іх ёсць?

У свой час я проста напісаў заяву ды сышоў. Мне тады было 65 гадоў, я ўжо напрацаваўся. Дванаццаць гадоў у прафсаюзах. Я зрабіў для прафсаюзаў усё, што мне даручалі, гэта раз, і тое, што лічыў патрэбным, гэта два. І цяпер мяне сустракаюць з павагай. Усё ж было развалена і разбурана. Яны цяпер [кіраўніцтва прафсаюзаў — «НН»] прыйшло ўсё на гатовае і радуюцца. І лічаць, што так было і будзе заўсёды. Не. Калі не быць гаспадарнікам і не займацца, то праз пяць гадоў разваліцца і тое, што мы стварылі.

«НН»: Вас шмат крытыкавалі за кантрактную сістэму.

ЛК: Самае недарэчнае, за што мяне крытыкавалі, — гэта за кантрактную сістэму. І мне было так крыўдна. Не тое, каб да слёзаў, але вельмі крыўдна. Кантрактную сістэму ўвялі ў 1999 годзе, яшчэ пры Ганчарыку, я прыйшоў у прафсаюзы ў 2002 годзе.

Да мяне гэтыя тры гады ніхто не згадваў пра гэтую кантрактную сістэму, нікому трэба не было. Я яе ўспомніў. Пачаў адваёўваць паступова. Хадзіў да прэзідэнта, казаў, давайце адменім. Мне кажуць, што не. Ну давайце хоць гэта зробім? Ну давайце. Мы адстаялі тады правы пенсіянераў, жанчын у дэкрэце. Мы шмат чаго паступова зрабілі. А яны пасля нас нічога не зрабілі, толькі языкамі менцяць. Шмат хто хоча спісаць на Козіка кантрактную сістэму, але няхай спачатку падымуць архівы і гады. І пабачаць, хто гэта стварыў. У 1999 годзе ў парламенце ніхто ні слова не сказаў, ні пікета, ні забастоўкі, нічога не было. Гэта пустое. Я не прымаю тут на сябе ніякай віны, ні на сябе, ні на сваю каманду.

«НН»: Ваш сын нядаўна спрабаваў прабіцца ў палітыку, спрабаваў стаць дэпутатам. Падтрымлівалі?

ЛК: Канечне. Казаў: «Ідзі паспрабуй, убачыш, як яно будзе». І расказаў яму, як будзе. Так яно і было. Ён разумнік, я не саромеюся гэта сказаць. Ён ездзіць па ўсім свеце, чытае лекцыі на англійскай мове. Мяне толькі ў Маскву клікалі сябры. А тут мяне занеслі ў нейкі чорны спіс, нібыта мяне не існуе.

«НН»: А вы не ведаеце, з чым гэта можа быць звязана?

ЛК: А з чым можа? Не ведаю абсалютна. Паняцця не маю. Не трэба, дык не трэба. У мяне ўжо ўзрост не той.

«НН»: На лецішчы любіце час праводзіць?

ЛК: У мяне ў Барысаве лецішча ёсць, у Чырвоным Кастрычніку. 25 метраў, у 1980 годзе яго будаваў. Так, езджу, асабліва летам. Ягады, грыбы пачынаюцца. Вогнішча развяду, пасяджу там. Добра.

***

Леанід Козік нарадзіўся ў 1948 годзе ў Барысаве. Скончыў БДУ (1977), наргас (1985). Юрыст, эканаміст. Працаваў памочнікам пракурора, старшынёй прафкаму БАТЭ, дырэктарам швейнай фабрыкі ў Барысаве. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. У 1998 годзе быў віцэ-прэм’ерам. У 2001 — намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. У ліпені 2002 году быў абраны старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў. Доктар эканамічных навук (1999), прафесар.

Гутарыў Зміцер Панкавец

0
цікава / Адказаць
12.07.2018 / 16:31
Ніхто рэвалюцыю не распачаў з віламі супраць кантрактнай сістэмы, таму галоўны прафсаюзнік і сядзеў як мыш пад лаўкай? 
Дык хто яе распрацаваў, тую кантрактную сістэму? Ганчарык? Ці ўсё ж пад кіраўніцтвам Пяткевічыхі, якая зараз косіць пад цывілізаваную даму?
0
мдзя.. / Адказаць
12.07.2018 / 16:48
Працаваў на антызаконны рэжым пад відам прафсаюзаў, якія павінны змагацца за інтарэсы працоўных, так і скажы ўнукам.
0
калгасьник-трасяншчык / Адказаць
12.07.2018 / 16:59
КРОКОДИЛЬИ СЛЁЗЫ .
Паказаць усе каментары/ 23 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру