Фота Паўла Дзюсекава

Фота Паўла Дзюсекава

Дэмантаж магільных агароджаў і ўсталяваньне тыпавых надмагільляў на Кальварыі можа пачацца ўжо ў наступным годзе, піша Радыё Свабода.

Пра тое, што ўсе могілкі Менску, у тым ліку Кальварыйскія, будуць добраўпарадкаваныя на ўзор Вайсковых, на адмысловай прэс-канферэнцыі расказаў намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Віктар Лапцеў.

«На сёньня тэрмін уведамленьняў (пра неабходнасьць добраўпарадкаваць пахаваньне, якія супрацоўнікі Спэцкамбінату пакідаюць ля старых надмагільляў для родных і блізкіх пахаваных. — РС) на іншых могілках скончыцца, наколькі я памятаю, у гэтым годзе, — сказаў Віктар Лапцеў. — І працы па добраўпарадкаваньні будуць праводзіцца пачынаючы з наступнага. Калі гаварыць канкрэтна па працах на Кальварыйскіх могілках, то сёньня такіх плянаў яшчэ няма. Але ў любым выпадку парадак там наведзены будзе».

Чыноўнік таксама паведаміў, што ў Менгарвыканкаме разгледзяць магчымасьць улічыць некаторыя крытычныя заўвагі, якія былі агучаныя пасьля пачатку добраўпарадкаваньня Вайсковых могілак.

«Безумоўна, пэўны досьвед і меркаваньні, у тым ліку грамадзкія, будуць улічвацца, — сказаў Лапцеў. — Мы б не хацелі прыцягваць нэгатыў. Мы б хацелі, каб працэс добраўпарадкаваньня праходзіў спакойна. Але парадак на ўсіх могілках будзе наводзіцца. У тым ліку і на Кальварыйскіх».

Кальварыйскія могілкі — гэта самы стары нэкропаль у Менску. Налічвае каля 30 тысяч пахаваньняў (на Вайсковых — каля 8 тысяч). Вядомыя з канца 18 стагодзьдзя. Зьяўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю першай катэгорыі, ахоўваюцца дзяржавай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?