Больш за 80% месячнай нормы ападкаў выпала ў Брэсце за дзень 12 ліпеня, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
«Учора найбольш моцныя дажджы прайшлі ў Брэсце. З 12.00 да 21.00 там выпала 60 мм ападкаў — гэта больш за 80% месячнай нормы», - сказалі ў Белгідрамеце.
Як паведамлялася, моцны лівень ўчора днём падтапіў вуліцы ў цэнтры Брэста. Залева суправаджалася навальніцай і моцнымі парывамі ветру. У некаторых месцах назіраўся невялікі град. На дарогах утварыліся заторы. Аварыйныя службы займаліся ліквідацыяй наступстваў залевы.
На другім месцы па колькасці ападкаў днём 12 ліпеня - метэастанцыя Высокае ў Камянецкім раёне: там выпала 27 мм ападкаў. «Мінулай ноччу, з 21.00 да 6.00, больш за ўсё ападкаў выпала ў Пінску і Валожыне - па 17 мм. Дажджы адзначаліся ў многіх раёнах», - дадалі ў Белгідрамеце.
На сёння таксама па ўсёй краіне прагназуюць моцныя дажджы, залевы, месцамі град.