13.07.2018 / 12:14

Паплечнік «Гавары Праўду» піша заявы ў міліцыю на незалежных блогераў 30

Жыхар Рэчыцы Дзяніс Сцепаненка яшчэ нядаўна балатаваўся ў дэпутаты мясцовых саветаў пры падтрымцы «Гавары Праўду». А цяпер ён піша заявы ў міліцыю, каб незалежныя суполкі ў сацыяльных сетках пакаралі як мага хутчэй.

фота vk.com

Першым увагу на гэта звярнуў блогер Эдуард Пальчыс. Ён паведаміў, што Сцепаненка звярнуўся ў міліцыю, каб праверылі суполку Укантакце «Рэчыца без цэнзуры». Па словах блогера, абурэнне Сцепаненкі выклікаў пост, які пераказваў артыкул Пальчыса, у якім праводзяцца аналогіі з Украінай і выказваюцца думкі, што мусіць адбывацца ў грамадстве, каб «зрынуць злачынны рэжым».

А калі міліцыя ніякага злачынства ў дзейнасці суполкі не знайшла, то Сцепаненка пайшоў у КДБ і пракуратуру. Там ён ужо напісаў заявы на міліцыянтаў.

Сам Сцепаненка гаварыць на гэтую тэму не захацеў.

«Я каментаваць нічога не буду пакуль, можа, пазней», — адказаў ён «Нашай Ніве».

Аднак ускосна пацвердзіў, што паскардзіўся на міліцыянтаў ў іншыя структуры. Пакуль што праводзяцца праверкі.

Па словах Сцепаненкі, адна з прычын, чаму ён пайшоў міліцыю, — абразы, якія з’яўляюцца ў суполцы «Рэчыца без цэнзуры».

«У дачыненні да мяне там пастаянна хлусня, паклёп, абразы, распаўсюджваецца непраўдзівая інфармацыя, якая ганьбіць мяне. І гэта стала прычынай напісання заявы», — патлумачыў ён.

Дарэчы, пошук па запісах суполкі паказвае, што Сцепаненку там, мякка кажучы, не вельмі любяць.

А што з допісам, у якім пераказваўся артыкул Пальчыса? Пасля яго актывіст сапраўды пайшоў у міліцыю?

Сцепаненка прызнае, што заяву напісаў, бо нешта ў тым допісе яго абурыла. А што канкрэтна — не памятае.

«Я не памятаю, што я пісаў. Я напісаў і забыўся, хай правяраюць, што хочуць, тое і робяць», - адказаў ён.

Праўда, «Гавары Праўду» ужо адхрысцілася ад Сцепаненкі. Андрэй Дзмітрыеў паведаміў, што ў арганізацыі фіксаванае членства — кандыдаты пішуць заявы, і іх асобы разглядаюцца. Сцепаненка членам «Гавары праўду» ніколі не быў, запэўніў Дзмітрыеў, маўляў, проста дапамагаў арганізацыі.

«Што тычыцца выбараў у мясцовыя саветы. Ён ішоў пры падтрымцы «Гавары праўду». Гэта было палітычнае рашэнне — мы ставілі перад сабой задачу ўцягнуць у палітычную працу як мага больш грамадзян, якія падзяляюць стратэгію мірных пераменаў. Частка з тых, хто ішоў на выбары пры нашай падтрымцы, не былі сябрамі ГП і не сталі імі пасля. Мы разумелі рызыкі, з якімі звязана такое рашэнне. І пайшлі на іх свядома», — напісаў Дзмітрыеў у фэйсбуку.

УШ

1
ўантуфры / Адказаць
13.07.2018 / 12:22
Служыць бы рад, прыслужывацца - тожа.
3
Віталь / Адказаць
13.07.2018 / 12:29
Андрэй, што за зброд вы сабе панабіралі?
1
Лена / Адказаць
13.07.2018 / 12:30
Так видно...
Паказаць усе каментары/ 30 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру