13.07.2018 / 13:02

Прадпрымальніца, якая першай атрымала зямлю пад рэстаран у Курапатах: Я хацела прынесці людзям радасць 75

«Новы час» звязаўся з Інай Лебедзевай, першым забудоўшчыкам аб’екта прыдарожнага сэрвісу, які ператварыўся ў забаўляльна-рэстарацыйны комплекс «Паедзем, паядзім» ля нацыянальнага мемарыялу «Курапаты».

Іна Лебедзева.

— Іна Сяргееўна, я хацеў удакладніць шэраг момантаў па пачатку будаўніцтва аб'екта прыдарожнага сэрвісу на 51-м км МКАД. Наколькі мне вядома, вы мелі непасрэднае дачыненне да гэтага аб'екта. Якім чынам пачалося гэтае будаўніцтва ў 2007 годзе? Ці былі атрыманыя ўсе дакументы на дазвол?

— З нагоды дакументаў на дазвол: у мяне была праведзена прэзідэнцкая праверка, і па дакументах усё было зроблена правільна. Пасля прэзідэнцкай праверкі, спадзяюся, ні ў каго не ўзнікае пытанняў з нагоды афармлення, законнасці і гэтак далей, праўда? Або ў вас узнікае?

— Вы маглі б назваць генпадрадчыка? Хто непасрэдна ажыццяўляў будаўніцтва?

— Навошта? Сэнс у чым? Навошта вы будзеце турбаваць маіх падрадчыкаў? Вы пытайцеся ў мяне. Далей, калі ласка.

— Значыць, не можаце адказаць?

— Не, я проста не хачу. Навошта? У будаўніцтве таксама не было ніякіх парушэнняў, бо за гэтым назіраў тэхнагляд. Звярніцеся ў выканаўчыя органы, якія вялі нагляд за аб'ектам.

— Вы можаце патлумачыць выбар самога месца размяшчэння вашага аб'екта? Чаму вы вырашылі пабудаваць аб'ект менавіта ля Курапатаў?

— Не, не каля Курапатаў, а каля запраўкі. І гэта цалкам нармальнае, вельмі правільнае размяшчэнне: запраўка, чалавек заехаў, заправіўся, паеў, паехаў далей. А не каля Курапатаў.

— Вы былі ў курсе падзей вакол Курапатаў, звязаных з абаронай, пра тое, як моладзевыя актывісты станавіліся на абарону мемарыяла падчас пашырэння МКАД?

— Я ведаю, што побач знаходзяцца Курапаты.

— Я да таго, што дадзенае ўкладанне было досыць рызыкоўным…

— Вы ведаеце, я б сказала, што гэта еўрапейскі падыход, калі побач з запраўкай будуецца кафэ. Проста ўжо потым гэта ўсё перавярнулі, можа быць, яшчэ нейкія парушэнні былі, я не ведаю. Але сам падыход зусім нармальны, і я не бачу ў гэтым нічога дрэннага, зрабіць нешта добрае для людзей — гэта абсалютна нармальна, пасадзіць дрэва, пабудаваць дом, зрабіць людзей больш шчаслівымі, што ў гэтым дрэннага? Ніхто не збіраўся ладзіць, як цяпер пішуць, «святы на костках».

— Ці ведалі вы на той момант, што будаўніцтва вялося ў ахоўнай зоне?

— На той момант гэта не было ахоўнай зонай, можа быць, потым яны пашырылі свае тэрытарыяльныя магчымасці, там была пустая прастора. На той момант гэта не было ахоўнай зонай, усё было ўзгоднена з Міністэрствам культуры, усё было падпісана. Гэта ўсё можна праверыць, гэта не так цяжка. Было некалькі пасяджэнняў з гэтай нагоды, праект узгадняўся. Ніхто не знайшоў у гэтым нічога дрэннага.

— Я вывучаў дакументацыю і выдадзенае вам заключэнне Міністэрства культуры з нагоды эскізнага рашэння ад 28.11.2005 г. № 01-05/587, адным з патрабаванняў якога было выключэнне з праекта ўсходняй часткі аб'екта з насыпным валам і зялёнымі насаджэннямі, якая ўжо знаходзілася непасрэдна ў ахоўнай зоне. Наколькі я разумею, вам было вядома пра гэта?

— Ахоўная зона была, але будаваўся аб'ект не ў ахоўнай зоне, а за 30 метраў ад ахоўнай зоны (Насамрэч, паводле пастановы Мінкульта ад 12.05.2004 г. №15, заходняя мяжа гэтай зоны на адлегласці 120 м паўтарала мяжу мемарыялу, — то бок у яе патрапляла значная частка будоўлі. Зона рэгуляванай забудовы ішла далей ад гэтай лініі на захад да ўсходняй мяжы тэрыторыі АЗС. — аўт.).

— Вы кажаце, 30 метраў?

— Так.

— Ці былі вы знаёмыя з уладальнікамі кампаній «БелРэстІнвест» і «Белноватэкс груп», з Аркадзем Ізраілевічам або Леанідам Зайдэсам?

— Не, ніякіх адносін у мяне з імі не было. Я нават з імі не знаёмая, не кажучы ўжо аб усіх астатніх адносінах. Вы наогул тэлефануйце, каб даведацца што? (Лебедзева відавочна раззлавалася праз узгадванне асноўных фігурантаў расследаванняў).

— Я хацеў бы, каб вы назвалі асноўную прычыну спынення будаўніцтва. Чаму вы вырашылі прадаць свой бізнэс?

(Доўгая паўза.) Было адмоўлена… (Паўза.) Банк адмовіў у выдачы крэдыту.

— Вы ў асноўным займаецеся педагагічнай дзейнасцю: у вас быў дзіцячы клуб, вы арганізоўвалі першую школу аргенцінскага танга ў Мінску. У мяне заканамернае пытанне: чаму вы вырашылі пабудаваць менавіта аб'ект прыдарожнага сэрвісу?

— Я ж вам ужо адказала, я імкнуся рабіць гэты свет лепшым, наколькі я магу ў сваім фармаце, прынесці людзям радасць. Не гадасць, а радасць, разумееце?

— А вы можаце пракаментаваць ужо 2009 год, якім чынам на вас выйшлі прадстаўнікі кампаніі «БелРэстІнвест»?

— Не, вы ведаеце, вось гэта дакладна не буду каментаваць (Лебедзева досыць рэзка рэагуе на даволі бяскрыўднае пытанне.) Гэта вам навошта?

— Гэта значыць, пытанне па «БелРэстІнвесце» вы ніяк не зможаце пракаментаваць?

— Не, ну з вашага боку засталося яшчэ пытанне, за колькі вы прадалі аб'ект. Гэта аналагічнае пытанне. А яно мяжуе, вельмі нават мяжуе на ўзроўні разумнага, неразумнага і вельмі нявыхаванага.

— Гэтае пытанне я вам не задаваў, мяне цікавіць, якім чынам яны на вас выйшлі? Наколькі вядома, гэтая фірма з'явілася ў верасні 2009 года. І літаральна праз тры месяцы выкупіла ў вас права арэнды і аб'ект.

— Чаму вы ў іх не спытаеце? Я давала аб'яву аб продажы, і што тут такога?

— У мяне ўзнікла ўражанне, што, магчыма, вас выкарыстоўвалі як падстаўную асобу. У мяне склалася такое ўражанне па ўсіх знойдзеных фактах. Як вы можаце гэта пракаментаваць?

— Наогул, мяне ніхто ніяк не можа выкарыстаць. І ў тым ліку, калі вы і далей будзеце задаваць такія пытанні, я палічу гэта выкарыстаннем.

— Я зразумеў. У мяне да вас апошняе пытанне: якое ваша стаўленне да канфлікту вакол гэтага комплексу?

— Мне на самай справе вельмі шкада, што так усё сказілі, так перакруцілі гэты аб'ект, і міжволі наварочваюцца слёзы, калі я ўсё гэта бачу. Сюды я ўклала досыць шмат працы, сіл і часу, страшэнна многа часу. Мне вельмі шкада. Гэты аб'ект не працуе, знаходзіцца ў нейкім незразумелым падвешаным стане.

— А, можа быць, вы прапануеце якія-небудзь кампрамісныя крокі, каб можна было неяк сітуацыю ўрэгуляваць, каб канфлікт не развіваўся, не было магчымай эскалацыі?

— Дайце людзям проста працаваць. Хай яны робяць нешта добрае для людзей, бо яны нічога дрэннага не зрабілі. Ніхто на касцях нічога там не пабудаваў. Я сама займалася катлаванам, я ўсё гэта бачыла, ніякіх костак там не было, не трэба нічога прыдумляць. Не трэба з мухі раздзімаць слана. У нас вельмі шмат дамоў будуецца побач з могілкамі, і гэта ніяк не абражае людзей, якія там пахаваныя.

— Разумееце, гэта не могілкі, а цэнтральнае месца ў Беларусі, дзе праводзіліся масавыя сталінскія рэпрэсіі.

— Так, дарэчы, а чаму вы думаеце, што гэта кафэ неяк паўплывала б на наведванне гэтага аб'екта? Чалавек, які сюды прыйдзе пакласці кветкі, успомніць пра сваіх блізкіх, чаму яму не зайсці ў кафэ? Што ў гэтым дрэннага? Зайсці ў кафэ — гэта значыць напіцца і патанчыць, так? А вось у мяне іншы погляд на гэта.

— Вы планавалі і пачыналі будаваць аб'ект прыдарожнага сэрвісу, а непасрэдна «БелРэстІнвест», які ў вас яго выкупіў, цалкам змяніў праект, зрабіўшы з аб'екта прыдарожнага сэрвісу цэлы забаўляльны комплекс з лазняй, хаткамі і гэтак далей. У 2012 годзе Генпракуратурай было вынесена прадпісанне па ўсіх выяўленых парушэннях з патрабаваннем іх ліквідаваць…

— Я вам яшчэ раз кажу, мне вельмі шкада, мне вельмі балюча, што ўсё так атрымалася, а бо сама ідэя першапачаткова была правільнай і добрай. Былі нармальныя паслугі для людзей: прыехаў, заправіўся, а некаторыя захочуць яшчэ і паесці. Гэта траса, на якой мусяць быць розныя віды паслуг, не толькі запраўкі. На той момант кафэ прыдарожных было вельмі мала.

5
Мікола / Адказаць
13.07.2018 / 13:10
Мутная кабета...
Можна было б запытацца дзе яна давала аб'явы аб продажу. І спраўдзіць.
4
Балаганов / Адказаць
13.07.2018 / 13:11
Как нагло себя ведет ! А потому что все не просто так было. Возникают   вопросы и к "президентской проверке", и к законности этой проверки. А так же к способу передачи земельного участа следующим застройщикам. 
1
человек / Адказаць
13.07.2018 / 13:13
Нужно знать где с кем и сколько 
Паказаць усе каментары/ 75 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру