10 ліпеня ў Брэсце супрацоўнік ДАІ спыніў хуткую, якая везла пацыента, каб выпісаць штраф за парушэнне правіл дарожнага руху. Кіроўца хуткай праехаў скрыжаванне на чырвоны сігнал святлафора, пры гэтым пробліскавыя маячкі не былі ўключаныя.

Варта адзначыць, што ў аўтамабілі хуткай дапамогі знаходзіўся хворы, які патрабаваў шпіталізацыі — у яго быў пералом ключыцы.

Адзін з пешаходаў зняў інцыдэнт на відэа. Ён спрабаваў пагутарыць з супрацоўнікам ДАІ, аднак той пагражаў яму ужываннем фізічнай сілы.

Асцярожна, у відэа ёсць нецэнзурныя словы.

Здарэнне абурыла інтэрнэт-карыстальнікаў, аднак ДАІ ў адказ апублікавала на сваім канале ў YouTube запіс з рэгістратара ў службовым аўто. На роліку бачна, што карэта хуткай перасякае скрыжаванне на чырвоны сігнал без уключаных маячкоў. Кіроўца з парушэннем пагадзіўся.

Па факце інцыдэнту УУС Брэсцкага аблвыканкама пачало праверку. Высвятляецца, ці была неабходная тэрміновая медыцынская дапамога чалавеку, які знаходзіўся ў машыне хуткай.

Інцыдэнт «Брэсцкай газеце» пракаментавалі медыкі.

«Сітуацыя не паўплывала на здароўе хворага. Яго дастаўлялі з траўмай пляча ў стацыянар, зараз ён сябе адчувае здавальняюча», — распавяла загадчыца філіяла «Станцыя хуткай медыцынскай дапамогі» Валянціна Пашкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0