Драўляныя замкі ніколі раней так пільна не вывучаліся. Іх нават знайсці цяжка, бо дрэва спарахнела, пад зямлёй адшукаць хоць нешта — гэта поспех. А тут — найважнейшая знаходка — уязная вежа ў сярэднявечны замак.

Археолагі па сантыметры адкрываюць элементы ўмацаванняў старадаўняга замка ў Беразаўцы. Камень за каменем на паверхні з'яўляюцца падмуркі некалі параднай уязной вежы. Знаходка ўнікальная для гісторыкаў. Аказалася, падмуркі абарончых збудаванняў драўляных замкаў у XVI стагоддзі рабілі не з дрэва, як лічылася, а з валуноў.

З боку замак — гэта парослы зелянінай узгорак пасярод поля, але ў XVI стагоддзі тут віравала жыццё. Сям'я Кмітаў атрымала зямлю ў падарунак ад вялікага князя і пабудавала рэзідэнцыю. 95 на 60 метраў — буйны па тых часах двор, шмат прыслугі і набліжаных. Тут было ўсё для жыцця: панскі дом, памяшканні для прыслугі, гаспадарчыя пабудовы і свая царква. У XVI стагоддзі трапіць у замак можна было праз мост. Засталіся ямы для яго апор. А наперадзе і сама вежа — 30 квадратных метраў. Пасярэдзіне — вароты, па баках — памяшканні для стражнікаў.

Навукоўцы і валанцёры з усёй краіны працуюць тут ужо другі тыдзень. Кажуць, што ўезд у двор — найкаштоўнейшае месца для археолага, бо тут хадзіў кожны жыхар замка. Раскоп усяго 10 на 6 метраў, але ў ім чаго толькі няма: гаршкі, манеты, кафля, пломбы для дакументаў ці тавараў, упрыгажэнні і нават музычныя інструменты.

Каб знайсці месца, адкуль пачыналася рэзідэнцыя, навукоўцам спатрэбілася пяць гадоў. Цяпер вылічыць астатнія пабудовы комплексу будзе прасцей: у 1636 годзе новы ўладальнік замка з роду Радзівілаў падрабязна апісаў сваю маёмасць.

Таксама навукоўцам трэба будзе знайсці абарончыя сцены і дзве вежы. На поўнае даследаванне замкавага комплексу сыдзе не адзін дзясятак гадоў. Аднак пабачыць, як маглі выглядаць уладанні Кмітаў, можна будзе ўжо ў наступным годзе. Навукоўцы рыхтуюць 3D-мадэль аб'екта і мараць, што ў будучыні гэтае месца стане не менш папулярным у турыстаў, чым размешчаны непадалёк Мірскі замак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?