Саман Кунан. Фота са старонкі ў фэйсбуку

Саман Кунан. Фота са старонкі ў фэйсбуку

Кароль Тайланда Маха Вачыралангкорн (Рама X) пасмяротна ўзнагародзіў загінулага пры выратаванні дзяцей з пячоры дайвера, старшага сяржанта запасу войскаў спецпрызначэння ВМС Тайланда Самана Кунана дзяржаўным ордэнам Белага слана. Загад тайскага караля апублікаваны ў мясцовай урадавай газеце Royal Gazette, піша РБК.

Вадалазу, згодна з дакументам, таксама быў прысвоены Рыцарскі Вялікі Крыж караля Тайланда (у 1869 годзе гэтая ўзнагарода лічылася самым высакародным ордэнам кароны Сіяма і да гэтага часу застаецца адной з найбольш прэстыжных узнагарод краіны). Акрамя гэтага, Кунана Маха Вачыралангкорн пасмяротна перавёў у капітаны трэцяга рангу. Узнагародамі і ордэнамі, як указваецца ў дакуменце, дайвер быў уганараваны за «добрыя справы і адданасць дапамозе людзям да смерці».

Саману Кунану, як нагадвае выданне Bangkok Post, было 37 гадоў. 10 гадоў таму ён звольніўся ў запас з атрада баявых плыўцоў тайскага флоту. Пасля гэтага мужчына працаваў у якасці супрацоўніка службы бяспекі міжнароднага аэрапорта Суванапхум у Бангкоку. У Чанг Раі для ўдзелу ў аперацыі па выратаванні 12 падлеткаў і іх футбольнага трэнера, заблакаваных паводкай у пячоры Кхао Луанг, Кунан выклікаўся добраахвотнікам.

6 ліпеня стала вядома пра тое, што ён страціў прытомнасць на зваротным шляху з пячоры, даставіўшы ў яе кіслародныя балоны. «Яго працай было дастаўляць кісларод. Але яму не хапіла [кіслароду] на дарогу назад», — тлумачыў намеснік губернатара вобласці Чанг Раі Пасакорн Буньялак.

Ордэн Белага слана з'яўляецца адным з найстарэйшых вышэйшых ордэнаў Тайланда. Гэтая ўзнагарода прысвойваецца ваенным і грамадзянскім асобам за заслугі перад Каралеўствам Тайланд.

12 падлеткаў з мясцовай футбольнай каманды і іх 25-гадовы трэнер зніклі без вестак у Тайландзе 23 чэрвеня. Ратавальнікі знайшлі іх у пячоры Кхао Луанг у запаведніку «Понг Пха». Праход да дзяцей і трэнера апынуўся затоплены ручаём, узровень вады ў якім моцна падняўся праз дажджы. 25 чэрвеня да выратавальнай-пошукавай аперацыі далучыўся спецназ ВМС Тайланда. 10 ліпеня з пячоры вывелі апошніх людзей, якія заставаліся там.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?