28-гадовы жыхар Мінскай вобласці, які ў пачатку чэрвеня вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, дзе адбываў пакаранне за захоўванне наркотыкаў, вырашыў асесці ў Петрыкаве. Працу не знайшоў, але ўсё ж застаўся, пішуць «Моцныя навіны».
Свайго жылля ў райцэнтры ў яго не было, аднак мужчына знайшоў выйсце з сітуацыі. Падчас шпацыраў па горадзе ён прыкмячаў дамы, у якіх ніхто стала не жыве, пасяляўся ў іх без ведама гаспадароў (залазіў праз акно) і жыў, карыстаючыся ўсім, што знаходзіў у доме. Еў, піў, апранаўся за чужы кошт. Калі ў доме сканчвалася ежа, знаходзіў іншы.
У міліцыю звярнуліся гаспадары аднаго з пакінутых дамоў. Прыехаўшы на лецішча, яны знайшлі сляды жыццядзейнасці мужчыны. Яго асобу ўстанавілі па адбітках пальцаў.
Як паведаміў начальнік Петрыкаўскага РАСК Сяргей Насеня, за чэрвень злодзей паспеў пажыць у чатырох дамах. Па выяўленых фактах крадзяжоў узбуджаныя крымінальныя справы.
Каментары