Кіраўнік Нацыянальнай разведкі ЗША Дэн Коўтс распавёў пра маштабную хвалю кібератак, якой падвяргаецца інфраструктура ў ЗША, перадае CNN. Паводле яго слоў, падобныя «папераджальныя знакі» назіраліся перад тэрактамі 11 верасня.

«Мы бачым папераджальныя знакі … Я веру, што гэта крытычны пункт для нас. Сёння лічбавая інфраструктура нашай краіны ў літаральным сэнсе знаходзіцца пад атакай», — заявіў Коўтс на выступе ў Вашынгтоне.

Коўтс параўнаў гэтую сітуацыю з той, з якой ЗША сутыкнуліся перад тэрактамі 11 верасня. «За некалькі месяцаў да 11 верасня 2001 года, як казаў экс-кіраўнік ЦРУ Джордж Тэнет, сістэма «мігцела чырвоным». І вось, праз дваццаць гадоў, я выступаю перад вамі і кажу: сігнальныя агні зноў мігцяць чырвоным колерам».

Па словах кіраўніка Нацыянальнай разведкі, галоўнымі арганізатарамі кібератакі на амерыканскую інфраструктуру з'яўляюцца Расія, Кітай, Іран і Паўночная Карэя. Расію ў гэтым спісе Коўтс выдзеліў асабліва, назваўшы яе «самым агрэсіўным замежным акторам». Расія, сцвярджае ён, працягвае «свае намаганні па падрыву дэмакратыі».

Коўтс назваў галоўныя мэты кібератакі з-за мяжы: імі апынуліся сеткі федэральнага ўрада, вайсковых, мясцовых органаў улады і сеткі буйных прадпрыемстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?