15.07.2018 / 12:57

Дзень, калі Харватыя можа стаць чэмпіёнам свету 9

Сёння фінал: Францыя — Харватыя. Каманда невялікай краіны можа стаць чэмпіёнам свету. Харваты па шляху да фіналу выйгралі ва ўсіх матчах у групе (Нігерыя, Аргенціна і Ісландыя), а вось у плэй-оф дабіраліся да галоўнай гульні года праз серыю пенальці ў 1/8 фіналу і 1/4 фіналу, а ў паўфінале ў дадатковы час перамаглі Англію.

fifa.com

Хто лідары харвацкай каманды, якія могуць прынесці «шашачным» гістарычную перамогу?

Лука Модрыч

Модрыч вырас у партовым горадзе Задар. Адтуль паходзіў рымскі імператар Дыяклетыян, які добраахвотна сышоў у адстаўку. Астатак жыцця ён праводзіў у Харватыі. Легенда кажа, што Дыяклетыяна спрабавалі ўгаварыць вярнуцца ў Рым, на што мудры кіраўнік адказаў: «Калі б вы бачылі капусту, якую я вырасціў, то ніколі б не прапаноўвалі мне гэта».

Модрыч — адзін з тых футбалістаў, каго можна называць «дзецьмі вайны». 

Лука згадваў, што бывала і такое, калі на трэніровачнае поле прылятала граната і дзеці ўсе хаваліся.

У тую вайну краінскія сербы жорстка забілі дзеда Модрыча і яшчэ шэсць старых з іхнай вёскі. Бацька Стэпе Модрыч рамантаваў аўтамабілі для харвацкай арміі.

«Ён быў занадата худы і вельмі маленькі, каб нехта падумаў, што з яго вырасце футбаліст», — казаў старшыня ФК «Спліт» Ёсіп Бжэла. Модрыч і цяпер не ўражвае сваімі габарытамі: ягоны рост усяго 172 см, а вага — 66 кг. Пры гэтым Лука з’яўляецца адным з самых разумных гульцоў сучаснасці.

Кар’еру Модрыч пачаў у заграбскім «Дынама», але пасля яго аддалі ў арэнду ў баснійскі клуб «Зрыньскі». Там Модрыч становіцца найлепшым гульцом лігі. Пасля гэтага кар’ера харвата пайшла толькі ўгору. Ён замацоўваецца ў асноўным складзе «Дынама», потым пераходзіць у «Тотэнхэм», а ўжо адтуль у «Рэал», у складзе якога 4 разы перамагае ў Лізе чэмпіёнаў.

У асабістым жыцці Лука жанаты з Ваняй Босніч, якая працавала ягонай… агенткай. Яны пазнаёміліся ў 2006 годзе, а пабраліся шлюбам у 2010. У пары сын і дачка.

Іван Ракіціч

Футбаліст прыйшоў на свет у маленечкім горадзе Мёлін на поўначы Швейцарыі. Туды ягоная сям’я пераехала з Харватыі. Бацькі — Лука і Каця — адчувалі напружанасць, якая ўзрастала ў Югаславіі, таму прынялі рашэнне з’ехаць з краіны яшчэ да вайны. Бацька працаваў простым будаўніком. Іван, дарэчы, таксама паступаў у будаўнічы каледж.

Іван ніколі не быў церпялівым вучнем у школе. Ён адразу прыняў рашэнне, што лепш звяжа сябе з футболам, чым будзе чытаць кніжкі. І, на дзіва, у яго гэта атрымалася. У 14 гадоў ён трапіў у структуру футбольнага клуба «Базэль», а праз тры гады прабіўся ў асноўны склад.

Выбар нацыянальнай зборнай для Ракіціча быў вельмі складаны. Ён доўга вагаўся, абіраць Харватыю ці Швейцарыю, у якой вырас. Выбар паў на Харватыю, бацькі кажуць, што не ўплывалі на сына, але былі гэтаму вельмі радыя. Пасля гэтага Ракіцічу прыходзілі пагрозы ад заўзятараў, яго асвіствалі на стадыёнах. Маўляў, для каго мы падрыхтавалі футбаліста. Пасля рашэння Івана бацьку адмовілі ў атрыманні грамадзянства Швейцарыі.

У 16 гадоў Іван адверг прапанову ад агентаў Жазэ Маўрынью, які клікаў харвата да сябе ў «Чэлсі». З Швейцарыі Ракіціч спачатку з’ехаў у нямецкі «Шальке-04», а пасля ў іспанскію «Севілью». Менавіта ў Іспаніі ён сустрэў сваё каханне — гэта афіцыянтка Ракель Маўры. Яна прыносіла футбалісту замоўлены торт. Цяпер у пары дзве дачкі.

Сам Ракіціч гуляе ў асноўным складзе «Барселоны» побач з Месі і Суарэсам.

Дэян Лоўрэн

29-гадовы абаронца «Ліверпуля». Ён родам з баснійскай Зеніцы. І ўспаміны пра вайну вельмі ярка захаваліся ў хлопца. «Мы былі з мамай дома, калі пачулі сірэны, было неверагодна страшна. Яна ўзяла мяне на рукі і аднесла ў падвал, мама ўвесь час плакала. Гэта тое, што я ніколі не забуду. Як такое можна забыцца? Пасля таго, як усё стала ціха прыйшоў наш дзядзька, які на старэнькім аўтамабілі «Юга» адвёз нас у Нямеччыну. Так мы сталі бежанцамі», — расказваў Дэян.

У Мюнхене жыў дзед Дэяна па маці. «Калі б мы засталіся ў Босніі, то мае бацькі маглі б быць забітымі, як і я», — казаў Лоўрэн.

Малому Дэяну не спатрэбілася шмат часу, каб звыкнуцца да нямецкіх рэалій. Нават у дзіцячым садку ён быў далёка не адзіным «баснійцам». «Бацькам, вядома, было нашмат цяжэй», — кажа футбаліст.

На восьмы год жыцця ў Нямеччыне ўлады адхілі прашэнне бацькоў Лоўрэна на новую візу. Сям’і давялося вяртацца ў Харватыю, у горад Карлавац. Зрэшты, футбаліст кажа, што без гэтых выпрабаванняў не змог бы стаць тым, кім ёсць зараз.

Даніэль Субашыч

33-гадовы брамнік «Манака» стаў героем 1/8 фінала. У серыі пенальці Даніэль Субашыч змог выцягнуць тры ўдары. «Суба» з дзяцінства звыкся да цяжкасцяў.

Ён нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага серба і харваткі-каталічкі ў курортным Задары. Сербскае паходжанне яшчэ ні раз аўкнецца Даніэлю. Напрыклад, бацька ягонай дзяўчыны Антоніі быў катэгарычна супраць адносін дачкі з Субашычам. Маўляў, ён серб, пра што можа ісці гаворка? Зрэшты, маладых гэта не спыніла.

Два гады Даніэль думаў аб тым, як не трапіць пад бамбёжкі. Рост Даніэля 192 см, таму ў дзяцінстве ён больш гуляў у баскетбол. А калі прыйшоў на першую футбольную трэніроўку, то адразу сказаў, што хоча стаць брамнікам, бо яму падабаецца адчуваць адказнасць.

З Харватыі Субашыч з’ехаў у 27 гадоў, дастаткова сталы ўзрост. Усе апошнія шэсць гадоў ён стабільна выступае за «Манака». За ўсю кар’еру ў харвата было ўсяго тры клубы: «Задар», «Хайдук» і «Манака». Зайздросная для цяперашняга дня стабільнасць.

Пасля гульні з Даніяй Субашыч паказаў майку з сваім сябрам дзяцінства Хрвое Чусцічам, які ў 24 гады памёр ад страшнай чэрапна-мазгавой траўмы, якую атрымаў падчас гульні чэмпіянату Харватыі. Брамнік называе Чусціча сваім «анёлам-ахоўнікам».

Марыа Манджукіч

Нарадзіўся Марыа ў гарадку Славонскі-Брод на мяжы з Босніяй. Штодня горад бамбілі, а Марыа з сястрой Іванай хаваліся ў сутарэннях. Праўда, у 1992-м сям’я з’язджае ў Германію. Справа ў тым, што бацька Марыа Мічу, таксама футбаліст, заключыў кантракт з малым клубам «Дытцынген». Гэта і дазволіла перажыць вайну ў спакойных умовах.

Там сям’я пражыла чатыры гады, а пасля таго, як было адмоўлена ў відзе на жыхарства, зноў вярнулася ў Харватыю.

Футбаліст Манджукіч не вылучаецца асаблівым майстэрствам. Ён не самы яркі і тэхнічны, але ўмее рабіць галоўнае — забіваць галы. Цяпер ён забівае за «Ювентус». 

Калі сочыце за чэмпіянатам свету па футболе, раім вам зрабіць стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

21
Svr / Адказаць
15.07.2018 / 13:10
Только Франция.
2
Мiкалай / Адказаць
15.07.2018 / 13:31
Чытаў ужо анекдот на гэтую тэму:
Дамагой Віда моліцца: - Божа, Харватыя такая маленькая краіна, хто за нас у фінале будзе заўзець? Бог: -Зараз я шапну табе на вуха два словы, і за тваю каманду будуць хварэць яшчэ 40 мільёнаў!
11
LMI / Адказаць
15.07.2018 / 14:30
Толькі Францыя
Перамогі Жыру і іншым
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру