16.07.2018 / 13:01

Кандыдат у паслы Расіі ў Беларусі праславіўся як «сматрашчы ФСБ». Ці стане Беларусь яго трамплінам да найвышэйшых пасад у Маскве? 32

12 гадоў паслом у Беларусі быў Аляксандр Сурыкаў — чыноўнік і гаспадарнік, стары, 77-гадовы. На змену яму Масква хоча высадзіць у Мінску дэсантніка і спецслужбіста ў адным флаконе — зусім маладога. Гэта Міхаіл Бабіч.

Бабічу 49 гадоў. Нарадзіўся ён у Разані акурат у Дзень памежніка — 28.05.1969 года. Пасля школы паступіў у Разанскае вышэйшае каманднае вучылішча сувязі, якое рыхтавала афіцэраў па спецыяльнасці «сувязь у паветрана-дэсантных войсках».

Па сканчэнні вучылішча, згодна з афіцыйнай біяграфіяй, «праходзіў службу на камандных пасадах у Паветрана-дэсантных войсках і войсках КДБ СССР, браў удзел у баявых дзеяннях». Удзельнічаў у Прыднястроўскім канфлікце ды ў Першай чачэнскай вайне, атрымаў медаль «За адвагу». Хіба ўжо тады атрымаў і сваю дадатковую «спецыяльнасць» — «смотрящий» ад КДБ/ФСБ за непрадказальнымі суб’ектамі».

У 1995 годзе ягоны паднаглядны генерал Аляксандр Калмакоў быў пераведзены на другасную пасаду ў сухапутныя войскі РФ, а 26-гадовы (!) Міхаіл Бабіч узначаліў толькі што створаную пастановай Ураду Расейскай Федэрацыі ад 01.12.1994 г. № 1309 ААТ «Прамысловая кампанія «Канцэрн «Антэй», 100% акцыяў якой было замацаванае ў федэральнай уласнасці.

Канцэрн «Антэй» спецыялізаваўся на вытворчасці ракетных сістэм «С-300» і «Тор», цяпер гэта «Канцэрн паветрана-касмічнай абароны «Алмаз-Антэй»». І вось гэтай суперважнай для бяспекі Расіі структурай быў прызначаны кіраваць 26-гадовы Бабіч.

У 1998 годзе 29-гадовага «кідаюць» на іншы адказны кірунак — забеспячэнне прадуктовай бяспекі РФ. З 1998 года па 1999 год ён — першы віцэ-прэзідэнт кампаніі «Росмясомолторг». З 1999 года па студзень 2000 года быў першым намеснікам генеральнага дырэктара ГУП «Федэральнае агенцтва па рэгуляванні прадуктовага рынку» пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Расіі.

У гэты момант на чале Расеі стаў Пуцін, і 31-гадовы палкоўнік Бабіч быў адкліканы з «камандзіроўкі ў сельскую гаспадарку» для працы па асноўнай сваёй спецыяльнасці. У пачатку 2000 г. Масква прызначае яго першым намеснікам старшыні ўрада Маскоўскай вобласці — наглядчыкам за толькі што абраным губернатарам гэтай вобласці, патэнцыйным палітыкам агульнарасійскага маштабу, Героем Савецкага Саюза генералам Барысом Громавым, які пабудаваў сваю пераможную выбарчую кампанію на крытыцы Крамля. Але калі Пуцін пераканаўся, што Громаў цалкам задаволены «кармленнем» (ён прабыў губернатарам аж да 2012 г.) і на палітычныя ролі не прэтэндуе, то перакінуў Бабіча ў іншы патэнцыйна «гарачы пункт».

У 2001 годзе палкоўніка прызначаюць наглядаць за іншым патэнцыйным «бунтаўніком» — галавой адміністрацыі Іванаўскай вобласці камуністам Уладзімерам Ціханавым, лідарам унутрыпартыйнай апазіцыі супраць кішэннага кіраўніка Кампартыі Зюганава.

Ціханаў быў абраны кіраўніком Іванаўскай вобласці ў снежні 2000 г. у супрацьборстве з кандыдатурай Крамля і без падтрымкі Зюганава. У студзені 2001 г. Масква прызначае Бабіча ягоным першым намеснікам. Ён заставаўся на гэтай пасадзе да сярэдзіны 2002 г. — відаць, да таго часу, пакуль у Маскве не пераканаліся, што Ціханаў сапраўдным канкурэнтам Зюганава не стане. І насамрэч, спроба замяніць Зюганава Ціханавым на Х з’ездзе КПРФ была падаўленая Мінюстам РФ, а спробы апошняга, пасля ягонага выключэння з партыі Зюганава, ствараць новыя камуністычныя структуры засталіся бясплённыя (гл. лёс ВКПБ).

Што да Бабіча, то ён тым часам атрымаў яшчэ больш адказнае заданне: у лістападзе 2002 г. быў прызначаны старшынёй урада Чачэнскай рэспублікі, дзе на той момант яшчэ працягвалася партызанская вайна. Прабыў ім да лютага 2003 г. — усяго 3 месяцы. Але з задачай справіўся — 23 сакавіка 2003 г. у Чачні быў праведзены рэферэндум па новай Канстытуцыі, згодна з якой рэспубліка сталася суб’ектам Расейскай Федэрацыі.

Пасля гэтага адказнага і рызыкоўнага задання — у Чачні можна было і загінуць — быў адпраўлены «на адагрэў і адпачынак» у Дзярждуму РФ. Прабыў дэпутатам Дзярждумы з 2003 па 2011 г. А пасля атрымаў прызначэнне ў найвышэйшую наменклатуру — быў прызначаны Паўнамоцным прадстаўніком прэзідэнта ў Прыволжскай федэральнай акрузе, а літаральна праз два тыдні стаўся адначасова і старшынёй Дзяржаўнай камісіі РФ па хімічным раззбраенні. Гэта значыць, адказным за хімзброю РФ — як тое нам нагадала цяпер хімічная атака ў Брытаніі з ужываннем «Навічка».

Што ж адбылося ў расійскім Прыволжы падчас куратарства там палкоўніка Бабіча?

Башкартастан страціў пасаду прэзідэнта.

Былы губернатар Ніжагародскай вобласці Барыс Нямцоў быў забіты.

Губернатар Кіраўскай вобласці Мікіта Бялых пераехаў на «зону».

Татарстан страціў свой асаблівы статус.

Кіраўнік Рэспублікі Марый Эл пераехаў у следчы ізалятар. Следам за ім туды адправіўся ў следчы ізалятар кіраўнік Удмуртыі.

У 2016 годзе палкоўніка ўжо спрабавалі зрабіць «дыпламатам». Яго адпраўлялі паслом ва Украіну. Украіна тады адмовілася прыняць такога пасла.

У прынцыпе, хтосьці такі, як Бабіч, малады, надзейны і з ФСБ, можа прэтэндаваць і на найвышэйшыя пасады. Нават, хто ведае, чаму б і не пераемнікам Уладзіміра Пуціна? Ён жа намякаў, што таленавітыя кадры падрастаюць у правінцыі. Але для вялікага росту патрэбныя вялікія поспехі ў кар’еры, якія апраўдаюць такі выбар. Вялікія поспехі. Бабіч негаваркі, упэўнены ў сабе і шмат што прайшоў.

Ігар Лялькоў. Фота Wikipedia commons

3
Застабилий Чаркашкваркович / Адказаць
16.07.2018 / 13:17
Сматрашчы эта харашо. Уважаемая у Расеи прафесия
1
Мікола))) / Адказаць
16.07.2018 / 13:24
Бачна, што гэты чалавек расправіўся з нацыянальнымі рэспублікамі ў Расіі. Цяпер яго рыхтуюць на шэрага кардынала РБ -- з пэрспэктываю генэрал-губэрнатара Менскай народнай рэспублікі, ды не дамо плянам Крамл:еўскага гэбізму збыцца.
1
Anti social social club. / Адказаць
16.07.2018 / 13:37
Сначала Пашка-краник, теперь еще один рязанский смотрящий.
Паказаць усе каментары/ 32 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру