Ліза Кастэнка.
Не так даўно Ліза выпусціла дэбютны EP з пяці песень «Аксаміт» і кажа, што восенню прэзентуе ўжо паўнавартасны альбом «з гісторыяй». Пра што будзе гэтая гісторыя, спявачка пакуль не расказвае — гэта сакрэт, пра які вядома толькі яе сябру, разам з якім яна над ёй і працуе. Праўда, можна быць упэўненымі на 100%, што яна не здрадзіць сённяшняй стылістыцы, якую ў народзе празвалі «псіхадэлічны поп».
Пакуль жа новы альбом дапісваецца, знаёмім вас з новым імём у беларускай музыцы бліжэй.
Пяць фактаў пра Лісу
- Бацькі Лізы — журналісты: маці са Смаргонскага раёна, тата — са Жлобіна. Сама Ліза нарадзілася ў Мінску і таксама паступіла на журфак. Не толькі таму, што ў гэтай сферы працуюць бацькі. Перш-наперш ёй самой даўно падабаецца пісаць.
- Сваю першую песню дзяўчына напісала ў 10-м класе. Яна называлася «Красавік» і была прызначана, каб грацца пад гітару. Гэтую песню Ліза прысвяціла бацькам. «Мне было вельмі важна пачуць, што яны пра гэта думаюць. І ім спадабалася! Яны ўвогуле моцна падтрымалі маё новае захапленне. Пасля гэтага я пачала пісаць яшчэ і яшчэ — мяне вельмі натхняе мая сям’я», — расказвае Ліза.
- У школе Ліза спявала ў хоры. Працэс стварэння трэкаў пад мінусы сяброў пачаўся, калі яна зразумела, што прыйшоў час пераходзіць на новы ўзровень. Для «Аксаміту» біты стварылі Janne, Divewithin і Started. Звадзіў усё Дан Жураўкевіч з ArrowSound. Трэкі атрымаліся самастойнымі, але можна сказаць, што агульную лінію ім задае тэма кахання.
- «Мяне натхняе любоўная лінія ў маім жыцці — людзі, з якімі я сябрую і камунікую. Я ўдзячная нават тым, хто прыносіць мне дрэнныя эмоцыі — урэшце рэшт яны таксама могуць выліцца ў песню. Таксама мяне натхняе любая музыка, гукі, цікавыя словы. Часам я слухаю нейкую песню і думаю: «Блін, шкада, што не я гэта напісала». Я слухаю розную музыку. З рускамоўных люблю Бакея, Какору, Басоту, ЛСП. З замежнікаў аддаю перавагу Лане Дэль Рэй і спявачцы «Лорд» — гэта для мяне сапраўдныя жаночыя ідэалы», — расказвае пра свае густы Ліза.
- У будучыні дзяўчына хацела б працаваць журналісткай у нейкім сучасным моладзевым выданні, але пры гэтым паралельна даваць канцэрты і выступаць на постсавецкай прасторы. Натуральна, каб яе ў гэтых межах ведалі. Ліза прызнаецца, што ў нейкі момант разважала над тым, ці не пачаць пісаць яшчэ і па-англійску, але вырашыла, што не будзе гэтага рабіць: «Мне здаецца, што рабіць гэта на родных мовах куды больш шчыра. Толькі выконваючы песні па-руску ці беларуску я атрымліваю сапраўдны кайф. Некаторыя мае песні на беларускай мове настолькі меладычныя, гучныя і прыгожыя, што іх выкананне пад гітару мяне ў літаральным сэнсе захоплівае».
Адна з песень Лізы на беларускай мове.