16 ліпеня ў Берасьце прыехаў прызначаны яшчэ ў сярэдзіне траўня новы старшыня праўленьня — легендарны Дыега Арманда Марадона. Аргентынца ўрачыста засялілі ў найлепшы гатэль, зладзілі патасную прэс-канфэрэнцыю для сотні беларускіх і замежных журналістаў, прывезьлі на стадыён у джыпе-кабрыялеце пад гучныя вітаньні трыбунаў. На гэтым прыемная частка дня для Берасьця скончылася. Мясцовае «Дынама» на вачах свайго новага кіраўніка прагуляла «Шахцёру» зь лікам 1:3, піша Радыё Свабода.

Пернічкі з Марадонам за два рублі

З прыходам новых інвэстараў у «Дынама» ў Берасьці футболу візуальна стала болей. Недалёка ад вядомай на ўсю краіну кавярні «Карова» адкрыўся вялікі фан-шоп. Зь сярэдзіны траўня там можна набыць і рэчы з выявай Дыега Марадоны.

«Вось пернічкі добра ідуць, — гаворыць дзяўчына на касе і паказвае мне невялікае печыва зь белай палівай і сіняю выяваю новага кіраўніка клюбу. — Па два рублі. Яшчэ магніцікі мы замовілі — вось за два і за чатыры. Кашулькі ёсьць з Марадонам. Па 20 і па 18. Нармальна разьбіраюць, ужо некалькі дзясяткаў прадалі. Сёньня такі матч, павінны добра разысьціся. У нас у дзень гульні заўсёды добра такія рэчы разыходзяцца. А пагатоў сам Марадона прыехаў».

Выпечаны зь цеста салодкі Марадона выглядае спакусьліва. Але куды цікавей даведацца, колькі берасьцейскаму клюбу каштаваў сапраўдны. З гэтым праблемы. На ўсе пытаньні ўдзельнікі згаданай вышэй прэс-канферэнцыі адказваюць ускосна. «Марадона — нашая самая галоўная інвэстыцыя, не варта гаварыць пра грошы», — адзінае, што можна даведацца ад прадстаўнікоў клюбу.

Людзей у кашульках з маладым «Камандантэ» (мянушка знакамітага аргентынца) на вуліцах Берасьця мала. На стадыёне таксама. Заўзятары пакуль выбіраюць традыцыйныя бела-сінія клюбныя колеры.

Верхам на джыпе ў VIP-лёжу

На стадыёне ўвечары здарыўся аншляг. Усе 10 зь лішкам тысяч месцаў былі занятыя, людзі сядзелі нават на прыступках у праходах. Дыктар папрасіў усіх заняць свае месцы за 15 хвілін да гульні. Аб прычыне здагадваліся ўсе: прэс-канфэрэнцыя Марадоны ў гатэлі заканчвалася за гадзіну да таго. На стадыёне аргентынец зьявіўся роўна ў 20.30, заехаўшы на вялізным усюдыходзе-кабрыялеце проста на бегавыя дарожкі. «Ма-ра-до-на! Ма-ра-до-на!!!», — скандавалі трыбуны. Аргентынец выйшаў з машыны, прайшоўся ўздоўж вялікай трыбуны, памахаў клюбным шалікам, дакрануўся рукой да вуснаў і поля, раздарыў берасьцейцам паветраныя пацалункі, прывітаў абедзьве каманды, выбег на поле, шпурнуў мяч і схаваўся ў VIP-лёжы. Радасьці берасьцейцаў не было межаў. Традыцыйнаму для футбольных матчаў выкананьню дзяржаўнага гімну авацыяў дасталася нашмат менш. Але ў захапленьні ад прыезду аргентынца ў Берасьце былі ня ўсе.

«Цырк нейкі гэта ўсё, — кажа мне мужык гадоў 50, які сядзіць побач на 13-й трыбуне. — Хто такі цяпер гэты Марадона? Раней быў, вядома, легенда. А цяпер далі яму грошай, прыедзе некалькі разоў і ўсё. Добра яшчэ, калі ў працу трэнэра не будзе ўмешвацца. Які толк ад Марадоны цяпер, чаго ён дасягнуў пасьля таго, як скончыў гуляць?»

У чарзе ў стадыённую мужчынскую прыбіральню мужыкі яшчэ больш радыкальныя. На пытаньні аб стаўленьні да легенды выказваюцца выключна нецэнзурна. Салідарныя ў адным — надоўга ў Берасьці аргентынец не затрымаецца.

«Ведаеш, тут што з Марадонам, што без… Адзін чорт! Мы як займалі два гады таму восьмае месца ў табліцы чэмпіянату, так і цяпер займаем, — скардзяцца мужыкі. — Грошай у клюбе стала шмат, а толку — наадварот. За два гады ніводнага старога футбаліста не засталося, новых накуплялі і ўжо іх павыганялі (зь лета 2016 году празь берасьцейскае «Дынама» прайшлі каля 40 футбалістаў. — РС). Што гэта такое? Трэці трэнэр ужо прыйшоў».

«Марадону выпускай»

Але ў цэлым на стадыёне атмасфэра была пазытыўнай. Да першага голу «Шахцёра». Пасьля другога мяча, неўзабаве пасьля пачатку другога тайму, з трыбуны на поле спачатку паляцела бутэлька з вадой, а потым пачуліся заклікі выпусьціць на поле самога аргентынца. «Марадону выпускай, Марадону!», — крычалі заўзятары трэнэру сваёй каманды.

Тым часам берасьцейскія футбалісты трацілі адзін шанец за іншым. За пяць хвілін да канца матчу ўвогуле здарылася бяда — «Шахцёр» забіў трэці гол. Пахмурныя заўзятары «Дынама» з крыкамі пра ня самага сумленнага судзьдзю пачалі сыходзіць са стадыёну, не чакаючы канца гульні. Фінальны сьвісток стадыён сустракаў незадаволеным гулам, а сваіх футбалістаў з поля праводзіў сьвістам.

«Гуляць трэба лепш, а не языком часаць, — кажа мой сусед па трыбуне. — Калі зараз грэкам прайграем (26 ліпеня «Дынама» гуляе ў Берасьці матч Лігі Эўропы з афінскім «Атрамітасам». — РС), то ўсё, зноў палову каманды разгоняць і ўсё нанова пачынай. А яны яшчэ новы стадыён хочуць будаваць. Цырк».

Пасьля пройгрышу салігорскаму «Шахцёру», непасрэднаму канкурэнту за трэцяе месца, шанцы берасьцейцаў заняць увосень хаця б трэцяе месца ў чэмпіянаце зусім невялікія. А Марадона ж пакуль у прамым сэнсе слова едзе дадому. Аргентынец ужо паскардзіўся, што ня быў у Аргентыне паўтара года і хоча пабачыць родных. Але паабяцаў вярнуцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?