У Хатыні ля Вечнага Агню засохла адна з бярозак, паведаміў «Нашай Ніве» чытач Уладзімір Мірончык.
Тры бярозкі і агонь на месцы чацвёртай сімвалізуюць кожнага чацвёртага беларуса, які загінуў на вайне.
Намесніца дырэктара Дзяржаўнага мемарыяльнага комплекса «Хатынь» Святлана Каспяровіч расказала, што пакуль бярозу спілоўваць не будуць: «Калі мы заўважылі, што бяроза засыхае, адразу звярнуліся да спецыялістаў з Акадэміі Навук. Яны прызначылі дрэву рэанімацыйныя мерапрыемствы».
Бярозе ўносіцца карнявая падкормка, у ствале зрабілі адтуліны, праз якія ўносяцца вітаміны.
«Выглядае гэта быццам бярозе паставілі кропельніцу. Спецыялісты з Цэнтральнага батанічнага саду, што прыязджалі да нас, расказалі, што нягледзячы на свой узрост бярозка яшчэ не загінула, і яшчэ ёсць шанец яе выратаваць», — кажа Святлана Каспяровіч.
Налета мемарыяльны комплекс «Хатынь» адзначыць сваё 50-годдзе. Тыя бярозкі садзіліся ўжо ў «падлеткавым» узросце. Значыцца, ім цяпер гадоў 55.
«А бяроза жыве гадоў 70. Пакуль нічога мы прадпрымаць не будзем. Пачакаем, як яна будзе сябе паводзіць на наступную вясну. Калі не выратуем, то будзем думаць, што з гэтым рабіць», — тлумачыць намесніца дырэктара.