Фільм «Асура» з бюджэтам у 113 мільёнаў даляраў сабраў толькі 7 мільёнаў у пракаце за першыя выхадныя і быў зняты з экранаў у нядзелю, піша Financial Times.
Стужка распавядае пра прыгоды маладога пастуха Ру І, які раптоўна даведаўся пра тое, што з’яўляецца рэінкарнацыяй адной з галоваў Асуры, трохгаловага караля свету, паведамляла перад прэм’ерай у ліпені англамоўнае кітайскае выданне Global Times. Адной з найбольшых тэхнічных складанасцяў стваральнікі фільма назвалі паказ трох галоваў на адным целе.
Выглядае, што перамудрылі. Не выратавалі фільм нават няўзброеным вокам бачныя цытаты з «Валадара пярсцёнкаў», «Зорных войнаў» і «Гульні тронаў»:
Які ж кітайскі фільм без драконаў? У «Асуры» іх цэлыя статкі. Пасвіць іх актрыса, надта падобная да Дайнэрыс Таргарыен. Параўнайце:
Фільм быў створаны на ўласнай студыі кітайскага тэхналагічнага гіганту Alibaba. Беларусам гэтая кампанія знаёмая па свайму сэрвісу інтэрнэт-дастаўкі AliExpress.
Кітай, які яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму быў адстаючай краінай, у апошні час выйшаў на першыя месцы ў свеце як вытворца ўсяго, што толькі магчыма. Дапамагла гэтаму не толькі працавітасць, але і тое, што кітайскі бізнэс не грэбаваў масава капіяваць замежныя вырабы, спадзеючыся, што колькасць пакрысе пяройдзе ў якасць. Цяпер кітайскія аўтамабілі — прынамсі па дызайне — мала адрозніваюцца ад заходніх, а ЗША мусяць нават абараняць свой рынак ад кітайскіх смартфонаў, якія нашмат больш танныя за амерыканскія iPhone (якія таксама ў асноўным вырабляюць у Кітаі).
Апошнім часам Кітай спрабуе зрабіцца сусветнай «фабрыкай мараў». Мэта — распаўсюджваць за межы не толькі ўласную эканамічную моц, але і ідэі, вобразы — найперш з дапамогай кіно. Але вось тут пачынаюцца праблемы. Як выглядае, замала проста скапіяваць галівудскія прыёмы. Папярэдні кітайскі блокбастар, «Вялікая сцяна», створаны ў супрацоўніцтве з амерыканцамі, крытыкі таксама назвалі няўдалым, хоць ён і прынёс у пракаце адносна невялікі прыбытак у 20 мільёнаў даляраў пры 150-мільённым бюджэце.
Дарэчы, на гэтым тыдні Беларусьфільм заключыў пагадненне з кітайскай студыяй Chongqing Film Group Co., Ltd.
Яны збіраюцца сумесна здымаць рамантычную стужку пра каханне беларускай студэнткі і кітайскага настаўніка танцаў.
Ці выведзе гэта са ступару беларускую кінавытворчасць? Як бачым, нават самім кітайцам супрацоўніцтва з Галівудам не гарантуе поспеху. Відаць, для таго, каб стварыць фільм, які захопіць сэрцы, патрэбна штосьці большае, чым вялікі бюджэт.