Фота Волі Афіцэравай

Фота Волі Афіцэравай

Абаронцы Курапатаў агучылі сцэнар байкоту менскіх рэстарацый бізнэсоўца Леаніда Зайдэса, які адмаўляецца закрываць забаўляльны комплекс «Поедем поедим» паблізу Курапатаў, піша Радыё Свабода.

Адзін з ініцыятараў пратэсту Павал Севярынец заявіў, што ад сёньня пачынаецца агульны байкот рэстарацыі «Поедем поедим», а 19 ліпеня актывісты пачнуць пікетаваць рэстарацыю «Гранд Кушавель».

Наведнікам будуць даваць інфармацыю, чым займаецца Зайдэс у Курапатах, і настойліва рэкамэндаваць не наведваць ягоныя рэстарацыі.

Акрамя таго, будуць накіраваныя лісты да асноўных пастаўшчыкоў харчоў і напояў з прапановай спыніць падтрымку «бізнэсу на касьцях». Калі гэтыя звароты праігнаруюць, распачнецца кампанія закліку да байкоту праз сацыяльныя сеткі.

Таксама абаронцы Курапатаў зьбіраюцца прасіць замежныя амбасады не даваць візы ўласьнікам рэстаранаў, ахоўнікам, службоўцам, якія пішуць даносы і ажыцьцяўляюць рэпрэсіі ў дачыненьні абаронцаў Курапатаў; тым, хто наяжджае на людзей альбо ўдзельнічае ў гэтым бізнэсе; і самым актыўным наведнікам.

У прэзыдэнцкую адміністрацыю рыхтуюць заяву з патрабаваньнем правесьці праверку і перагледзець ранейшы дазвол на дзейнасьць рэстарацыі побач зь месцам расстрэлаў.

«Наш байкот будзе негвалтоўны, — адзначыў Павал Севярынец. — Гвалт ідзе ад уласьнікаў рэстарацыі, не ад нас».

Напярэдадні старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў, што справа з арганізацыяй перамоваў паміж прадстаўнікамі грамадзкасьці і ўладальнікамі рэстарацыі «Поедем поедим» зайшла ў тупік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?