Меркаванні159159

«Хай Шуневіч пераапранаецца ў форму НКВД, а я — міліцыянт незалежнай Беларусі». Споведзь Міхаіла Грамыкі, якога звольнілі за абарону Курапатаў

Пачатак ліпеня выдаўся для прапаршчыка міліцыі Міхаіла Грамыкі гарачым ва ўсіх сэнсах. 3 ліпеня яго, супрацоўніка цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, звольнілі з працы, 4 ліпеня — узялі пад варту, а на наступны дзень — асудзілі на 10 сутак. Прычынай стала тое, што 44-гадовы Грамыка прыехаў у Курапаты, каб падтрымаць пратэстоўцаў каля рэстарана «Паедзем паядзім».

14 ліпеня Міхаіл Грамыка выйшаў на волю і праз пару дзён пагадзіўся пагаварыць з «Нашай Нівай».

«Наша Ніва»: Ну што ж, раскажыце, можа, спачатку, чаму прыйшлі ў Курапаты, што было з вамі далей.

Міхаіл Грамыка: Як я да гэтага дайшоў… (пасміхаецца)

Я даўно збіраўся паехаць у Курапаты ці, можа, не толькі ў Курапаты… Хацеў выказаць сваю думку, погляды на стаўленне ўлады да нашай культуры, да мовы, да ўсяго. Можна сказаць, што я зайздрошчу ўкраінцам па-свойму. Яны любяць сваю мову, сваю культуру, абараняюць іх. А ў нас гэта ўсё прападае.

Але ж жонка працуе на такой пасадзе, яна дырэктар крамы, але заробак невялікі… Дачка вучыцца на платным ва ўніверсітэце, сыну малому 4,5 года… Гэта ж усё стрымлівае.

«НН»: Не хацелася лішні раз рызыкаваць?

МГ: Так. Але тут штосьці ўсяго назбіралася, усё сышлося.

Той жа міністр Шуневіч Ігар Анатольевіч. Гэтыя пераапрананні ў форму НКВД, калі ён кажа, што тое наша гісторыя, наша спадчына, пятае-дзясятае… Не ведаю, якая ў яго там спадчына.

Мая спадчына — Беларусь. Я міліцыянт Беларусі, незалежнай краіны.

Ад НКВД нікуды не падзецца — так, было, наша гісторыя, сумесная з усім былым Савецкім Саюзам. Але гэта ганебная частка гісторыі. Забыцца яе не забудзешся, але не трэба яе выпінаць. А калі генерал адзявае гэту форму — то нібыта мы ўсе, міліцыянты, яе таксама адзяваем. Гэта што значыць, што мы гатовыя працаваць тымі ж метадамі, што і НКВД? Я так гэта ўспрымаю.

І нядаўна ж Лукашэнка сказаў, што калі мы не напружымся, то прыйдзецца ўвайсці ў склад іншай дзяржавы. І думаю, блін, 25 гадоў ішлі-ішлі, маўляў, кроў з носу, трэба напружвацца. Робім-робім, развіваем эканоміку, культуру, як нам кажуць, а знаходзімся чорт яго ведае дзе. І хто вінаваты, ізноў «народзец»?

А міліцэйская форма? Як толькі ў Расіі ўводзяць новую форму, пад гэтую марку мяняюць і нашай міліцыі на падобную, амаль адзін у адзін. У нас што, сваёй дзяржавы няма? А ў ёй няма дызайнераў гэтых, куцюр’е, каб стварыць форму, якую можна з гонарам насіць і казаць, што гэта наша, беларуская?

А на пачатку лета ўвялі новыя пасведчанні. Узор падобны на расійскі, толькі без двухгаловай курыцы, з беларускім прэзідэнцкім гербам. Гэта што, мы рыхтуемся ўваходзіць у склад Расійскай імперыі?

Усё гэта набягае, назапашваецца.

Плюс прыйшоў я на працу, а калега, маёр, пасля слоў Лукашэнкі пра «ўвайсці ў склад іншай дзяржавы» пачынае пры мне гугліць, колькі маёр паліцыі зарабляе ў Расіі. Ён ужо здаў краіну фактычна, яму пофіг, што тут.

Гэта мяне таксама зачапіла.

Атрымліваецца, можа, сапраўды неўзабаве ўвойдзем у склад Расіі? Я сам родам з палескай глыбінкі. Дык там ужо ўжываюць расійскія словы. Раней такога не было. Асіміляцыя дабралася. Бацька мой у вёсцы глядзіць «Расію-24» нон-стопам. Кісялёў, усё іншае. Здавалася б, быў разумны чалавек, любоў да гісторыі ў мяне ад бацькі. А тут прыязджаю, гаварыць немагчыма. Замбаванне ідзе тым тэлебачаннем.

І вось валіцца гэта ўсё на галаву, немагчыма. Дзе мы, беларусы, дзе мы, дзе? А тут гэтыя Курапаты.

«НН»: Што вас так абурыла ў гісторыі з Курапатамі?

МГ: У мяне пыталася суддзя, ці супраць я рэстарана. Я не супраць рэстарана, я ўвогуле супраць забудовы Курапатаў. Гэта беларуская Галгофа, месца журбы. А там будуюць і будуюць, парушаюць законы. А з часам зусім забудуюць і скажуць — дык не было тут нічога. Ніхто не расстрэльваў нікога.

Я чытаю навіны — пад рэстаранам пастаянна штосьці адбываецца, то Кулакова збілі, то яшчэ штосьці. Яны пастаянна туды на расійскіх нумарах прыязджаюць — гэта спецыяльна. Спецыяльна спыняюцца, спецыяльна правакуюць, выклікаюць канфлікт, агрэсію. А пасля скажуць, маўляў, во, апазіцыя агрэсіўная, бульбабандэраўцы.

«НН»: А навошта кліентам правакаваць пратэстоўцаў?

МГ: Гэта не кліенты. Гэта засланыя казачкі. Што, яны не ведаюць, што адбываецца вакол таго рэстарана? Ведаюць, але адмыслова садзяцца ў машыны, едуць пад самыя вароты. Трэба там паесці, дык пастаў хоць машыну далей, ідзі пехатою. Але не.

Яны будуць адказваць пасля? Шуневіч кажа, што парушэнні закона будуць карацца. Але я сумняюся, што пакараюць людзей, якія Кулакову руку зламалі. Дадуць пару базавых, можа, і ўсё. Але ж гэта неістотна.

Калі я быў ля Курапатаў, прыязджаў хлопец, дык ён падрыхтаваны быў. Выйшаў з машыны з раздруковачкамі, пачаў расказваць, што расстралялі не 200 тысяч, а максімум 30.

Я яму кажу: дык а колькі вам як рускаму чалавеку трэба забітых, каб можна было танчыць на гэтых костках? Каб жэрці шашлык, запіваючы гарэлкай, каб па барадзе цякло, сядзець і жэрці на касцях? А колькі трэба тысяч забітых, каб ты там не жэр? Сотні тысяч? Мільёны?

Вось нядаўна ізноў прыехалі, ледзь не раздушылі людзей машынамі. Чаму? Таму што разумеюць, што маюць падтрымку ў сілавых структурах, што пакарання не будзе. Спецыяльна дабіваюцца яшчэ, каб беларусы абураліся, што расейцы такія сволачы. Навошта гэта ім трэба, я не разумею.

«НН»: Карацей, назбіралася ў вас усяго, вы не вытрывалі і паехалі ў Курапаты, я правільна разумею?

МГ: Ну прыкладна так. Жонка якраз збіралася да цешчы ехаць у вёску. Я кажу, у мяне тут справы, тое-сёе. Адвёз жонку, вярнуўся — і паехаў у Курапаты.

«НН»: Жонка ведала, што паедзеце туды?

МГ: Што канкрэтна ў той дзень паеду — не. Але раней я казаў, што збіраюся, яна ўсё ўгаворвала яшчэ год дапрацаваць… Але ж так тое не скончыцца ніяк, так і будзеш «дапрацоўваць яшчэ трохі» ўсё жыццё.

«НН»: Дык можа варта было спачатку самому звольніцца, а пасля ехаць пратэставаць? Вы ж разумелі, што страціце працу.

МГ: Увесь сэнс быў у тым, што я прыехаў як дзейны міліцыянт, з пасведчаннем. Я спачатку ўвогуле думаў прыехаць у форме, але б тады выглядала, што я выступаю ад імя МУС. А так я прыехаў як прыватная асоба, але як чалавек, які працуе ў міліцыі.

Мне і кіраўніцтва казала пасля: навошта ты так, звольніўся б і рабі што хочаш. Але былы міліцыянт гэта было б ужо не тое. Я хацеў паказаць, што ў міліцыі ёсць нармальныя, годныя людзі, якія таксама перажываюць за сваю радзіму, за людзей сваіх.

«НН»: Дарэчы, некаторыя казалі, што вы прыехалі ў Курапаты нападпітку.

МГ: Не, гэта няпраўда (смяецца). Я хваляваўся моцна, сітуацыя для мяне была стрэсавая. Я ж не кожны дзень выходжу на нейкія акцыі. Нервовасць была.

«НН»: Пастаялі вы там, сфатаграфаваліся і што пасля? Паехалі дадому спакойна?

МГ: Так. На наступны дзень мне кіраўніцтва тэлефануе, маўляў, трэба сустрэцца, пад’едзем да вас, пагаворым, вы ведаеце аб чым. А я сядзеў дома, піў піва. І думаю не, ёсць жа стандартныя міліцэйскія метады, запросяць выйсці ў пад’езд, а гэта ж грамадскае месца, ну і забяруць мяне за знаходжанне ў п’яным выглядзе.

Таму кажу: не, давайце заўтра. Прыехаў на працу, напісаў тлумачальную, мяне звольнілі з фармулёўкай «парушэнне ўмоваў кантракта». Бо міліцыянт абавязаны не выказвацца ў падтрымку партый, рухаў і аб’яднанняў. Праўда, я і не выказваўся ў падтрымку кагосьці, але трэба ж было мяне звольніць. Але думаю, хай будзе так, усё роўна, знойдуць іншую фармулёўку, каб выкінуць з працы. Ды і досыць з мяне было ўжо гэтай сістэмы. Гнілая сістэма.

У нас жа і ідэолагі працуюць, праводзяцца ідэалагічныя заняткі, гучаць словы пра гонар, годнасць, усё такое… Але дзе той гонар: афіцэрскі, міліцэйскі? Няма. Не прысутнічае. Мусіць быць поўнае падпарадкаванне загадам, толькі «лінія партыі».

Тыя ж ілжэсведчанні амапаўцаў [на судах] — дзе там гонар? Яны ж ведаюць самі, што хлусяць. Але гэта загад. А мы, беларусы, людзі суперпавышанай выканальнасці.

Трохі я перажываў, што начальству прыляціць, бо ў нас жа кругавая парука. А я да начальніка вельмі добра ставіўся. Ён харошы мужык.

Увогуле мы, міліцыянты, кожны паасобку — выдатныя хлопцы, а разам збярэш — атрымліваецца кавалак незразумела чаго.

Большасць міліцыянтаў — золата, але сістэма так выбудавана.

Развітаўся я з калегамі нармальна, адзін толькі хлопец мне руку не паціснуў. Кажа, ну тут відэакамеры паўсюль, не магу, не крыўдуй. Ён у афіцэры збіраецца ісці, баіцца.

Але начальніка не моцна пакаралі, яму «строга ўказалі», фактычна вымова на словах і ўсё. Я ўздыхнуў з палёгкай. Зла я нікому не жадаю.

«НН»: А калі і як вас затрымалі?

МГ: Раніцай 3 ліпеня тэлефануе мне начальства. Тады ўжо з’явілася першая публікацыя ў інтэрнэце, напэўна, інфармацыя пра мяне дайшла наверх.

Далі загад мяне затрымаць да суда. І загадалі зрабіць гэта нашым жа супрацоўнікам, з якімі я працаваў.

Уяўляеце? Нават падчас паўстання Каліноўскага дазвалялі афіцэрам царскай арміі перавесціся ў іншую мясцовасць, каб не ваяваць супраць суайчыннікаў. Толькі Мураўёў-Вешальнік забараняў пераводзіць, быў супраць, лічыў, што трэба прымушаць. І вось па сёння нашае кіраўніцтва карыстаецца метадамі Мураўёва-Вешальніка.

Тэлефануе мне выканаўца абавязкаў намесніка начальніка, кажа, што трэба пад’ехаць да іх, ёсць пытанні ў начальніка наконт формы. Але ж гэта пытанне надта дробнае для начальніка. Я зразумеў, што калі прыеду, то там і застануся. Так і сказаў таму намесніку, але той стаяў на сваім.

Ехаць да іх я адмовіўся. Кажу, ёсць пытанні? Хавацца не буду, выклікайце ў суд. Тады папярэдзілі, што будуць мяне шукаць, адпрацоўваць адрасы, усё як трэба. Ну, кажу, гэта ж ваша праца, правільна?

Ну і паехаў я да сябра ў вёску, кіламетраў 30 ад Мінска. Пераночыў там, раніцай, думаю, паеду дадому, прыйдуць па мяне дык прыйдуць.

Некалькі кіламетраў ад вёскі ад’ехаў, захацеў у прыбіральню. Спыніўся каля лесу. Зрабіў свае справы, сеў у сваю машыну, і тут з сустрэчнай паласы да мяне чырвоная машынка збочвае і становіцца нос да носа. Я збіраюся ехаць, мне з машыны машуць — спыняйся. У машыне — супрацоўнік ЦІПа і в.а намесніка начальніка ЦІПа.

Ззаду пад’язджае «газель» і блакуе ад’езд. З чырвонай той машыны выбягае чалавек, мой калега, ужо былы, ляціць да мяне. Але я пачаў з’язджаць, тая чырвоная машына пачынае намагацца перагарадзіць мне дарогу, трохі б’е ў бок, у вобласць бака.

Грамыка паказвае пашкоджанні на сваёй машыне, якія засталіся пасля спробы яго затрымаць

А калі б я перакуліўся ці машына загарэлася? Гэта што, я такі крымінальнік?

Цікава, што затрымлівалі мяне на асабістых машынах. Тая чырвоная — прыватная машына прапаршчыка з ЦІПа, ён жа і за стырном быў. Выдатны чалавек, добры хлопец — хрэстаматыйны беларус, тыповы, стопрацэнтны. Ён мне заўсёды падабаўся, я нават цяпер на яго не крыўдую. Але ж загад ёсць загад, я ж казаў, што беларусы звышвыканальны народ.

Я яму сказаў пасля: «Табе б сказалі людзей расстрэльваць — ты б страляў. Не таму што злы ці хочаш забіць каго. Не хацеў бы вельмі гэтага ўсяго б — але страляў».

Ну і вось, загад атрымаў, яшчэ і начальнік побач — ну і давай мяне сваёй машынай біць.

Я паехаў далей, чырвоная машына засталася стаяць ззаду, «газель» за мной. Але пасля разумею, што сэнсу няма ўцякаць. Гляджу на тэлефон — прапушчаны ад таго намесніка начальніка. Перазваніў, кажу, дай спакойна даехаць дадому, пастаўлю там машыну і ўсё, бярыце мяне. Пазваніў жонцы па дарозе, патлумачыў, што міліцыя мяне забірае. Яна пакрычала на мяне трохі (пасміхаецца).

Прыпаркаваўся каля дома, выйшаў, мне рукі за спіну, кайданкі, на Акрэсціна, там аформілі і ў камеру.

«НН»: Калі вас затрымалі?

МГ: Гэта 4 ліпеня было, затрыманне. А 5 ліпеня суд. 10 сутак арышту. На судзе таксама цікава было. Вінавацілі мяне ў пікеце, за тое, што з бел-чырвона-белым сцягам я сфатаграфаваўся. Але ж гэта спадчына наша. Прэзідэнт жа прысягу на ім даваў, уставаў на калена, той сцяг цалаваў.

Ну я расказаў суддзі пра маё стаўленне да Курапатаў. Кажу, быў тое не пікет. Суддзя прапануе тады шукаць і выклікаць сведкаў. Я разумею, што ўсё роўна прыйдзецца ў камеры сядзець, чакаць, пакуль сведкі знойдуцца, пасля наступнае пасяджэнне… Ладна, кажу, не трэба шукаць нікога, хай будзе пікет.

Спадзяваўся я, можа штраф дадуць. Але атрымаў 10 сутак.

Я сядзеў з тымі ж фактычна, каго нядаўна ахоўваў. Глядзяць, што твар знаёмы, але дзе бачылі, узгадаць не могуць. Я распавёў, за што мяне пасадзілі, праўда, што міліцыянтам быў, казаць не стаў. Падсаджвалі да мяне «барабашку», каб распытаў. Думалі, што мне грошай заплацілі за паездку ў Курапаты. Так вось працуе і думае сістэма.

Сістэма настроена Ігарам Шуневічам. Я яго нават трохі разумею, можна сказаць. Ён родам з Луганска. Але ён украінцам сябе не лічыць. Атрымліваецца, што і не ўкраінец, але і не беларус, і не рускі. Ён Homo Soveticus 2.0. Што ён тут робіць? Адчувае гэту зямлю? Не, гэта проста найміт, які мусіць быць лаяльны да ўлады, больш ад яго не патрабуецца.

«НН»: Як сядзелася?

МГ: Я быў не ў ЦІПе, а побач, у памяшканні ІЧУ. Але нармальна. Першыя пару дзён я пасля ўсіх стрэсаў проста спаў. Людзі побач сядзелі нармальныя.

«НН»: А як адрэагавалі на ўсе гэтыя падзеі вашы сваякі? Жонка?

МГ: Жонка сварылася, пагражала разводам, тое-сёе… Ну пакрычалі адно на аднаго. Але пасля пачытала каментары ў інтэрнэце, большасць была станоўчая, то памякчэла.

Дачка супраць усіх гэтых сітуацый, перажывае, могуць жа адлічыць ж інстытута, але падтрымала мяне.

Маці моцна перажывала: «Усё сяло ведае, бяда!».

А бацька з братам асудзілі, бацька сказаў, каб я і не прыязджаў да яго.

Цешча падтрымала, дарэчы. Цесць быў настроены адмоўна, але ж у нас матрыярхат, усім руліць цешча (смяецца).

«НН: А вы ж, як супрацоўнік ЦІПа, ведаеце ўсіх гэтых пікетоўцаў: Севярынца, Дашкевіча, Кулакова? Як ставіцеся да іх?

МГ: Малайцы, што выходзяць.

Я падчас працы ў міліцыі казаў хлопцам: «Давайце падумаем. Той жа Севярынец, у адрозненне ад нас усіх, матам не лаецца, не п’е, не курыць, у Бога верыць, беларускую культуру шануе, за краіну перажывае. Што яшчэ трэба, каб быць годным грамадзянінам Беларусі? А ён тут чаліцца».

Тое ж і пра Дашкевіча магу сказаць, і пра іншых. Я п’ю, мацюкаюся, куру…

Я горш за іх у некалькі разоў. Да ўсе мы горш, па сутнасці. У большасці ў нас ані сцяга няма, ані радзімы.

«НН»: Казалі, што вы падчас працы ў ЦІПе да палітычных ставіліся па-чалавечы.

МГ: Раней давалі каманду зверху, каб палітычным было няпроста. То бялізну не давалі, то кідалі ў камеру да бамжоў. А зараз такога ўжо няма.

Сам я асабліва Леаніду Кулакову сімпатызую. Просты добры мужык. Бывала, я цішком яму цыгарэты перадаваў.

«НН»: А як вы ўвогуле трапілі ў міліцыю? Як і чаму вырашылі стаць міліцыянтам?

МГ: У міліцыю я трапіў амаль выпадкова, шчыра скажу. Але я такі чалавек, што калі форму адзеў, то трэба працаваць годна.

Я родам з Гомельскай вобласці, вёска Глушкавічы. Бацькі там і жывуць, і брат родны. Я скончыў тэхнікум, была магчымасць пайсці ў БНТУ на трэці курс, але вырашыў, што ўсе мужыкі ідуць у войска. Адслужыў, вярнуўся. Ажаніўся, жонка прыязджала ў маю вёску да бабулі, так і пазнаёміліся. Жонка з-пад Мінска, яна у Глушкавічах жыць не захацела.

Пераехаў да яе і яе бацькоў, пачаў шукаць працу. Уладкаваўся спачатку ў пазаведамственную ахову. Шчыра, калі ішоў, то і не ведаў, што гэта таксама міліцыя, думаў, буду вартаўніком.

Папрацаваў спачатку ў ахове, пасля мяне ўзялі ў ахову ў Мінск. Працаваў гадоў шэсць, затым пайшоў у «бабры». Раней былі «краты» і «бабры». Першыя ахоўвалі метро, другія — аб’екты «Водаканала». Ну я і стаў «бабром». Там гадоў сем правёў, пасля перавёўся ў выцвярэзнік. Папрацаваў два гады і зразумеў, што трэба сыходзіць, бо ці звольняць, ці пасадзяць.

«НН»: Чаму?

МГ: У выцвярэзніку немагчыма без прымянення фізічнай сілы. «Кліенты» цябе б’юць, плююць у цябе. І цяжка сябе кантраляваць, каб без перавышэння паўнамоцтваў, а чалавека трэба ж акуратна скруціць і «пакласці спаць». Некаторыя сваім гаўном спрабавалі кінуць ці абмазаць. Адзін такі пры мне наваліў у штаны, засунуў туды руку, набраў жменю і ў мяне кідае. Грамадзянін! (смяецца).

Не вытрываў я там і перавёўся ў санітарнае падраздзяленне, якое збірае трупы па горадзе, калі ёсць падазрэнне на крымінал. Больш спакойнай службы я не бачыў: суткі праз трое, трупы маўчаць, хіба часам пахнуць не вельмі.

На жаргоне ёсць «гнілякі» — тыя, якія даўно ляжаць і пачалі разлагацца. І я амаль у першы выклік свой паехаў па «гніляка». Забралі, адвезлі ў морг, пайшлі на абед. Начальнік паглядзеў, што я ем спакойна, кажа: о, дык будзеш працаваць!

Пасля гэтае падраздзяленне скарацілі. Хацеў вярнуцца ў «бабры», але не ўзялі, у мяне была вымова, бо нагаварыў усяго начальніку. Але гэта адзіная вымова за 20 гадоў! І тое яе знялі пасля!

Ну і выбару не было асабліва. Пайшоў на Акрэсціна, там заўсёды не хапала людзей. Перапрацовак было шмат.

І я адпрацаваў там два гады. Пачаў сутыкацца з палітычнымі зняволенымі.

«НН»: І колькі зарабляў прапаршчык, які працуе на Акрэсціна, калі не сакрэт?

МГ: Не сакрэт. 800-850 рублёў.

«НН»: Кватэру пабудавалі пад ільготны крэдыт?

МГ: Так, пад 3%.

«НН»: Не шкадуеце, што скончылася служба?

МГ: Не. Нават калі сядзеў на сутках, зразумеў, што адчуваю сябе лягчэй, як камень з плячэй зваліўся. Хоць і за кратамі, а было адчуванне волі. Ёсць жа паняцце такое — «ціск пагонаў». І сапраўды нібыта як цісне штосьці на цябе. Ты пастаянна трымаеш сябе ў рамках, кантралюеш кожны крок…

«НН»: Яшчэ паедзеце ў Курапаты?

МГ: Пакуль не гатовы. Напэўна, не. «Маўр зрабіў сваю справу, маўр можа сыходзіць».

Сам я лічу, што сваёй паездкай пад рэстаран зрабіў мала, з камарыны нос. Але хоць штосьці зрабіў. Я не за грошы ў Курапаты ездзіў. Я паехаў туды для сябе, для сына свайго малога. Не хачу, каб ён вырас і чуў, што яго бацька — былы апрычнік.

І такіх, як я, у міліцыі хапае людзей. Толькі не кожны можа рашыцца на штосьці. Хтосьці з класікаў добра сказаў: «Калі б загадаць беларусу быць беларусам, то які б выдатны гэта быў беларус!»

Каментары159

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Каб купіць дом, працавала на нарказаводзе». Пасля 2020-га беларуска з пяццю дзецьмі пераехала ў Канаду

«Каб купіць дом, працавала на нарказаводзе». Пасля 2020-га беларуска з пяццю дзецьмі пераехала ў Канаду

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка пра будучыя вучэнні з Расіяй: Мы ні на каго нападаць не збіраемся19

Рагачоўскі прапагандыст паўгода не можа ўладкавацца на працу

Чаму аднушка пана Ежы можа вырашыць лёс выбараў прэзідэнта Польшчы. Што трэба ведаць пра першы тур галасавання9

«Утопія, заснаваная на эмпатыі». На амерыканскім фестывалі Burning Man будзе беларускі лагер

У жодзінскай турме прайшлі вучэнні з удзелам АМАПа3

У Брэсце дзяўчына пабачыла арыенціроўку на зніклага чалавека — і знайшла яго за пару хвілін1

Праект зайшоў у тупік? Што з самалётам, які хацелі выпускаць у Беларусі1

Wildberries адказаў на сітуацыю з беларускай, якая заказала 34 купальнікі3

«Паперка, а не падстава для выезду». Беларуса з польскім праязным дакументам не пусцілі на самалёт

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Каб купіць дом, працавала на нарказаводзе». Пасля 2020-га беларуска з пяццю дзецьмі пераехала ў Канаду

«Каб купіць дом, працавала на нарказаводзе». Пасля 2020-га беларуска з пяццю дзецьмі пераехала ў Канаду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць