20.07.2018 / 23:50

Арганізатар «Рускіх маршаў» стварыў у Беларусі палітычны рух: яго падтрымалі праваслаўная царква і «Румол» 129

На палітычным полі Расіі актыўнічае такі грамадскі дзеяч Сяргей Бабурын. Ён з тых людзей, хто не змог прыняць развал Савецкага Саюза — толькі ў 1990 годзе яго абралі нардэпам РСФСР, а праз год усё пасыпалася. Бабурын удзельнічаў у путчы, засядаў у розных камітэтах выратавання камунізму, галасаваў супраць Белавежскіх пагадненняў, але…

Сяргей Бабурын.

Потым Бабурын двойчы абіраўся ў Дзяржаўную думу і быў там нават намеснікам старшыні, актыўна падтрымліваў Прыднястроўе, Паўднёвую Асецію і Абхазію, пасля чаго пачаў арганізоўваць нацыяналістычныя «Рускія маршы» ды ствараць свае рухі і партыі — больш у Думу ён не абіраўся.

Нерэалізаваныя палітычныя амбіцыі Бабурына знайшлі выхад у розных бутафорскіх тытулах кшталту «прэзідэнта міжнароднай славянскай акадэміі навук» і «старшыні міжнароднага славянскага камітэта», якімі ён пачаў абвешвацца пасля адсячэння ад дзяржаўнай палітыкі.

У 2018 годзе Бабурын балатаваўся ў прэзідэнты Расіі з праграмай вяртання савецкіх прынцыпаў і заняў апошняе месца з 0,65%. 

Словам, такі архетып расійскага чырвона-карычневага палітыка. 

З Беларуссю Бабурына звязвае тое, што продкі яго маці паходзяць аднекуль з Брэсцкай вобласці. 

Таму ў Беларусь ён часам заязджае, некалі нават трапляў у фокус «Нашай Нівы» — памятаеце псеўданавуковую канферэнцыю ў Нацыянальнай бібліятэцы, калі пару дзясяткаў пенсіянераў палохалі адзін аднаго рэптылоідамі і НАТА?

Чытайце таксама: Дэсант расійскіх чарнасоценцаў высадзіўся ў Акадэміі навук Беларусі і БДУ

На той «канферэнцыі» не толькі шукалі інструменты барацьбы з сіяністамі і масонамі, але і прадавалі літаратуру, прызнаную ў Беларусі экстрэмісцкай.

Тады, у 2016 годзе, яе арганізоўваў Бабурын. Зрэшты, пасля публікацый у СМІ дзяржаўныя ўстановы больш не выдавалі памяшканні пад такія канферэнцыі. 

У 2016-м годзе Бабурын сустракаўся з тагачасным міністрам аховы здароўя Жарком і нават выдаў яму «дыплом» «славянскай акадэміі»

І вось на адным з сайтаў Бабурына з'явілася новая інфармацыя датычна Беларусі — аказваецца, днямі ён стварыў тут палітычны рух. 

Прыводзім цытату паведамлення. 

«17 ліпеня група патрыятычна настроеных палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і духавенства з Беларусі і Расіі заснавалі расейска-беларускі рух «Грамадзянская ініцыятыва «Саюз».

Пасля заканчэння Славянскага базару ў Віцебску прайшоў устаноўчы з'езд: удзельнікі з'ехаліся з розных рэгіёнаў Беларусі, былі прадстаўнікі некалькіх беларускіх палітычных партый, у тым ліку двух парламенцкіх.

Лідар адной з іх, Алег Гайдукевіч, не толькі бліскуча выступіў, але i ўнёс некалькі каштоўных прапаноў. Яскравым тэмпераментам ён мне нагадаў свайго бацьку, Сяргея Гайдукевіча, майго даўняга сябра.

Невымоўна рады быў сустрэчы з Мікалаем Сямёнавічам Петрушэнкам, народным дэпутатам СССР, знакамітым «чорным палкоўнікам» з групы «Саюз». Не бачыўся з ім з 1991 года. Амаль не пастарэў, усё такі ж энергічны і ў духоўных прынцыпах нязломны.

Ад Віцебскай епархіі з'езд вітаў айцец Андрэй, а перад пачаткам працы ва Успенскім кафедральным саборы прайшоў малебен, дзе пры ўдзеле 16 святароў настаяцель храма айцец Міхаіл асабліва ўшанаваў царскіх пакутнікаў.

У наймудрай пропаведзі пасля набажэнства айцец Міхаіл, даючы наказ удзельнікам устаноўчага з'езду, пажадаў не забываць ўрокаў гісторыі і зрабіць усё магчымае, каб Украіна вярнулася ў саюз Беларусі і Расіі», — гаворыцца ў паведамленні Бабурына. 

Хто ўзначаліў новую арганізацыю? 

«Пасля гарачага абмеркавання аднагалосна было прынята рашэнне аб заснаванні «Грамадзянскай ініцыятывы «Саюз». Пры абранні сустаршыняў мне прыйшлося паламаць задумку арганізатараў, якія прапанавалі абраць сустаршынямі Бабурына і Льва Крыштаповіча. Абсалютная большасць падтрымала маю прапанову абраць сустаршынямі яшчэ і двух маладых сябраў аргкамітэту, Сяргея Лушча і Станіслава Бышка. Эльвіра Мірсалімава, да нашага жалю, узяла самаадвод», — працягвае Бабурын.

Колішні работнік Адміністрацыі беларускага прэзідэнта Крыштаповіч, неанацыст і «волхв» антысеміцкай паганскай секты Лушч — гэта ўсё фігуранты расследаванняў «Нашай Нівы». 

Чытайце таксама: Хто хоча зрабіць з Беларусі Заходнюю Расію — дасье

Чытайце таксама: Ад неанацызму і змагання з «юда-хрысціянскай акупацыяй» да студыі Давыдзькі: спецматэрыял пра кіраўніка «Румола» Сяргея Лушча

А хто такі Станіслаў Бышок? 

Ён прэзентуе сябе як палітычнага эксперта CIS-EMO — гэта расійская маніторынгавая арганізацыя, якая паслядоўна прызнавала выбары ў аўтарытарных краінах рэгіёна дэмакратычнымі. 

Цяпер Бышок актыўна займаецца рознымі інтэграцыйнымі праектамі: праводзіў форум «Агульная культурная спадчына Беларусі і Расіі» у Смаленску, мадэруе канферэнцыі «Рассупрацоўніцтва» у Мінску. Словам, асвойвае грошы расійскіх фондаў. Дэталёва яго біяграфію можна пачытаць тут

Бышку забаронены ўезд у краіны Шэнгена — там яго палічылі дэструктыўным і небяспечным элементам. 

Чытайце таксама: Сетка: як Расія стварае ў Беларусі рэгіянальныя сайты на базе аўтараў з «Румола» і НОДа 

Бабурын з айцом Уладзімірам, настаяцелем храма святога Міхаіла, які будуецца ў Віцебску

Няўжо магчыма, каб прарасійскія элементы пачалі ствараць палітычныя рухі, ды яшчэ і ў кампаніі царкоўнікаў і афіцыйных дэпутатаў? 

Найперш мы спыталіся пра гэта ў настаяцеля галоўнага віцебскага праваслаўнага храма, айца Міхаіла, які нібыта дабраславіў удзельнікаў з'езду.

«Я сказаў што мы павінны ў адзінай дзяржаве жыць. Пад аховай святой праваслаўнай царквы, Украіна, Беларусь і Русь — ёсць святая Русь», — падзяліўся святар зместам сваёй прамовы. 

На пытанне, ці ён сапраўды лічыць, што нам трэба адмовіцца ад сваёй незалежнасці, святар адказаў эмацыйным слоганам: 

«Мая думка, што мы павінны… пад адзінай! праваслаўнай! харугвай! крочыць у царства нябеснае!».

Што ж на гэтай сустрэчы рабіў Гайдукевіч-малодшы, і якія яшчэ партыі былі?

«Я ў Віцебск ездзіў па сваіх справах, — сказаў ён «Нашай Ніве», — Там нехта яшчэ збіраўся, нешта стваралі… Нейкая арганізацыя па судзейнічанні інтэграцыі Беларусі і Расіі. Наша партыя таксама за гэта выступае, таму я выступіў, але ў стварэнні арганізацыі ўдзелу не браў. Мы былі проста гасцямі. Я гаварыў, што трэба скараціць чыноўнікаў Саюзнай дзяржавы, бо яны нічога не вырашаюць, ні на што не ўплываюць. Я выступіў і паехаў у сваю партыю. Я стараюся выступаць перад усімі. Калі мяне слухаюць, то нехта можа мяняць меркаванне. Бабурына ведаю даўно, не з усім згодны, але паважліва стаўлюся да яго. Апроч нас, былі камуністы і Рэспубліканскія партыя працы і справядлівасці. Але яны таксама ва ўтварэнні не ўдзельнічалі, а былі гасцямі».

Звяртае ўвагу падбор гістарычных постацяў на сцяне

Што за мэты ставіць перад сабой новы рух? 

Пра гэта мы запыталіся ў сакратара Бабурына, Дзмітрыя Саіна. 

«Арганізацыя скіраваная на паскарэнне інтэграцыйных працэсаў Беларусі і Расіі. Там былі прадстаўнікі РПЦ, гэта такі патрыятычны духоўна-праваслаўны праект, нацэлены на інтэграцыю народаў. Хто будзе кіраваць, калі інтэграцыя скончыцца? Гісторыя расставіць на свае месцы — калі стане такое пытанне, то стане ясна, хто што ўзначаліць. Народы, калі стане пытанне аб кіраўніку саюзнай дзяржавы, зробяць выбар, грунтуючыся на сімпатыях і антыпатыях. Прынцыпы «Саюзнай дзяржавы» марудзяцца, грамадскасць Беларусі і Расіі аб'ядноўваецца, каб надаць гэтаму імпульс», — сказаў Саін. 

Адметна, што хаця гэты «Саюз» нібыта афіцыйна і створаны толькі цяпер, але мерапрыемствы ад імя гэтай незарэгістраванай арганізацыі праводзіліся ўжо летась

Курыраваў іх лідар «Румола» Сяргей Лушч. 

Ён чытаў лекцыі пра неабходнасць аб'яднання Расіі і Беларусі — увага! — для ваеннаслужачых брэсцкай часці сіл спецыяльных аперацый. 

Салдат у аўдыторыю для Лушча прывёў Іван Чаркасаў, малодшы афіцэр, старлей, намеснік камандзіра батальёна па ідэалагічнай рабоце 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады. 

«Гэта абароназдольнасць нашай агульнай дзяржавы, бываюць розныя сітуацыі ў жыцці, і мы павінны быць да іх гатовы», — акрэсліў сваё разуменне патрыятызму Чаркасаў у каментарыі тэлебачанню. 

Брэсцкія студэнты і дэсантнікі на лекцыі Лушча.

Арцём Гарбацэвіч

8
Капер / Адказаць
20.07.2018 / 11:30
Гэта здрада!
6
фцф / Адказаць
20.07.2018 / 11:38
Мо ўжо і зарэгістравалі? Сваіх гадамі мурыжаць з рэгістрацыяй, а засланцы-казачкі маскоўскія - калі ласка! Будзьце як дома!
12
Вот же поганцы. у нас подавляющее большинство - белорус / Адказаць
20.07.2018 / 11:38
Границ не видят? Русский мир нужен. не знают и не хотят подчиняться морали белорусского народа?  Чемодан-Вокзал- Россия. там русский мир. Беларусь это белорусская земля и белорусское государство белорусских граждан-собственников. где в основе законодательства должна быть мораль белорусского нарда. а не "русский мир" с ворами,  жуликами и наглецами. качающими права на земле другого народа. Есть Россия - собрали чемоданы и уехали в русский мир. в Беларуси белорусский мир. где мораль белорусского народа выше всего. защиту которому будем искать у тех. кто будем нам помогать защищать мораль белорусского народа. а не русские миры устраивать или еще какие-нибудь. не желая подчиняться морали белорусов. 
Паказаць усе каментары/ 129 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру