Журналісткі Нівы/Ніны Кацярына Карпіцкая, Наталля Тур і Настасся Роўда.
Тое вынікае з размовы з дырэктарам сеткі грузінскага фастфуду Юрыем Кустам, якога мы распыталі пра стратэгію прасоўвання брэнда і кейс з «Нашай Нівай».
НН: Часам кампаніі кажуць, што ім рэклама непатрэбная. Маўляў, усё і без таго «акей», кліенты ёсць, можна працаваць і так. Навошта вам рэклама?
ЮК: Я ўвогуле не разумею, як можна казаць, што «рэклама непатрэбная». Гэта пытанне з серыі «Навошта чалавеку кісларод?» Як без яго?
НН: Сёння безліч пляцовак, дзе можна змяшчаць рэкламу. Чаму «Наша Ніва»?
ЮК: Мы размяшчаемся не толькі на «Нашай Ніве». Літаральна цяпер даём інтэрв’ю на «Пра бізнэс» і ўключаем кантэкстную рэкламу. Мы бачым сэнс у тым, каб паступова запускаць дастаўку. Каб не апынуцца ў сітуацыі, калі пра цябе піша koko.by, а ты касячыш, усё стапарыцца, кухня ў паніцы, кур’ер не ведае, куды бегчы, а кол-цэнтр не разумее, як афармляць замовы. То бок я хачу развівацца няспешна і планамерна.
Я і раней ведаў, што NN.by — добры партал. Прыкладна ўяўляў, які атрымаю вынік ад рэкламы, бо мы ўжо размяшчаліся два ці тры гады таму. Я разумею, што атрымліваю за тыя грошы, што вы прапаноўваеце, і гэта дакладна таго варта. Вы, у пэўным сэнсе, добрая прыступка для нас у набіранні абаротаў.
Тое, што рэклама на беларускай мове, дык чаму б і не?
Калі зірнуць па Similarweb, то ў «НН» — 2 мільёны візітаў у месяц і 39% адмоў. У параўнанні з мінскімі парталамі гэта выдатныя лічбы.
Мне вельмі спадабалася прапанова. І што я чакаў, тое і атрымаў.
НН: Што для вас эфектыўная рэклама?
ЮК: Мне здаецца, што кантэкстная рэклама — самая танная, якая можа быць на сёння, і эфектыўная. Але калі казаць пра супрацу з «Нашай Нівай», то тут трэба адзначыць, што акрамя кліентаў, якіх вы нам дасце адразу і якія са старту адаб’юць рэкламу, вы яшчэ зробіце важную рэч для Гугла, для прасоўвання — «залатую спасылку». Тое, што вы ставіце follow, а не nofollow-спасылку на нас — гэта крута. Вы дзеліцеся трафікам, дзеліцеся ранжыраваннем у Гугле. Тыя людзі, якія не разумеюць, навошта рэклама, 100% не разумеюць, пра што ідзе гаворка.
Таму агулам атрымаўся выдатны deal. Я меркаваў, што магло нешта змяніцца за апошнія некалькі год, але не — усё крута.