Мінулы тур аказаўся самым выніковым за ўвесь чэмпіянат. Каманды ў сямі матчах забілі 25 мячоў (больш за 3,5 у сярэднім), чым крыху папсавалі нашыя прагнозы.

Праз перанос матча мінскага «Дынама» другі радок здолеў заняць «Віцебск», які на горкі яблык пабіў «Нёман» з лікам 5:1. Мы перажывалі, ці зможа паўночная каманда аправіцца пасля сыходу Лядэсмы, але, здаецца, што праблем ніякіх няма.

Зноў у цэнтры ўвагі брэсцкае «Дынама». Як вядома, у панядзелак на вачах Марадоны «бела-блакітныя» прайгралі «Шахцёру», а ў чацвер прыйшла яшчэ адна цікавая навіна — Брэст пакідаюць капітан Гаўрыловіч і два лідары: Мілеўскі і Савіцкі. Ведаючы пра мінулае ўкраіна-беларуса і вечна перспектыўнага Савіцкага, можна з вялікай доляй імавернасці адгадаць прычыны кардынальных кадравых рашэнняў. Але пра прычыны клуб дыпламатычна не расказвае.

Дыега Марадона абдымаецца з Арцёмам Мілеўскім. Фота ФК «Дынама-Брэст».

Дыега Марадона абдымаецца з Арцёмам Мілеўскім. Фота ФК «Дынама-Брэст».

Таксама варта адзначыць, што ў клубаў з'явілася магчымасць дазаявіць новых гульцоў, што, безумоўна, дадасць інтрыг у будучыя гульні.

А цяпер да падзей наступнага тура.

«Нёман» — «Слуцк»

Гісторыя супрацьстаяння каманд са Слуцка і Гродна налічвае 11 матчаў. Абедзьве перамогі случчакоў у іх былі дабытыя на полі гродзенскага ЦСК «Нёман». Апошняя адбылася 3 гады таму, больш «Слуцк» у гродзенцаў не перамагаў.

У апошнім туры каманды сінхронна саступілі, а «Нёман» дык яшчэ і разгромна. Матывацыя ў хлопцаў Кавалевіча мусіць быць што трэба. Але так проста «Слуцк» перамогу не аддасць.

Прагноз «НН»: «Нёман» не саступіць.

БАТЭ — «Мінск»

У папярэднім туры БАТЭ меў пэўныя цяжкасці ў гульні са «Смалявічамі». На перапынак каманды сыходзілі з лікам 2:2, але ў трэці раз зраўняць лік андэрдогі так і не здолелі.

«Смалявічы» забілі два мячы БАТЭ, але перамагчы так і не змаглі. Фота ФК «Смалявічы».

«Смалявічы» забілі два мячы БАТЭ, але перамагчы так і не змаглі. Фота ФК «Смалявічы».

«Мінск» жа здабыў валявую перамогу на «Праменем» і падняўся на дзясяты радок. Але расслабляцца часу няма, бо шчыльнасць у ніжэйшай частцы табліцы і так высокая, а пры імавернай паразе ад БАТЭ можа стаць і яшчэ горш.

Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.

«Прамень» — «Дынама-Брэст»

Берасцейцы пасля хатняга фіяска і без трох лідараў едуць у госці да апошняй каманды чэмпіянату. Адсутнасць Гаўрыловіча, Савіцкага і Мілеўскага не павінна асабліва адбіцца на гульні каманды, тым больш у складзе берасцейцаў хапае кваліфікаваных гульцоў, але цікава, як будзе выглядаць новае «Дынама». 

Прагноз «НН»: перамога «Дынама».

«Гомель» — «Дняпро»

«Дняпро» ўсё глыбей і глыбей зацягвае на дно. Апошнюю перамогу магілёўцы здабылі на пачатку красавіка якраз у гульні з «Гомелем», пасля чаго іх гульня нагадвае страшны сон.

У «Гомеля» справы не нашмат лепшыя, але перамога ў Слуцку дазволіла перад вочным двубоем быць вышэйшымі за «Дняпро».

Прагноз «НН»: тотал меншы за 2,5.

«Гарадзея» — «Тарпеда-Мінск»

Другі круг «цукровыя» пачалі з доўгачаканай перамогі над гаротнікамі з Магілёва, а «Тарпеда» дзякуючы голу Паўла Кляннё вырвала нічыю з «Іслаччу». Але напрыканцы той гульні суддзя памылкова адмяніў гол у браму «аўтазаводцаў».

Гульцы мінскага «Тарпеда» радуюцца выратаванай нічыёй у гульні з «Іслаччу». Фота ФК «Тарпеда-Мінск».

Гульцы мінскага «Тарпеда» радуюцца выратаванай нічыёй у гульні з «Іслаччу». Фота ФК «Тарпеда-Мінск».

Андрэй Варанкоў, што некалі забіваў Дэ Хеа і супрацьстаяў французам у саколцы нацыянальнай зборнай, аказаўся непатрэбным «Гарадзеі» і пакінуў каманду. Затое супраць «Тарпеда» змогуць дэбютаваць ажно трое навічкоў.

Прагноз «НН»: перамога «Гарадзеі».

«Іслач» — «Дынама-Мінск»

Мінулы тур мінчане прапускалі, бо скарысталіся правам аб пераносе свайго матча праз удзел у еўракубках. А ў гэтым туры не згуляюць «Шахцёр» і «Віцебск», таму ў хлопцаў Сяргея Гурэнкі ёсць неблагі шанец вярнуцца на другі радок.

Амалажэнне пакуль не дало плёну «Іслачы», але ж гэта толькі пачатак. Мо праблема вызначыцца яшчэ ў чымсьці іншым, таму мы будзем пільна сачыць за трэнерскімі рашэннямі ў камандзе з Мінскага раёна.

Прагноз «НН»: перамога «Дынама».

«Смалявічы» — «Тарпеда-БелАЗ»

«Смалявічы» працягваюць турнэ па Мінскай вобласці. На гэты раз у якасці хатняй арэны будзе задзейнічаны «Гарадскі» стадыён у Барысаве, дзе БАТЭ некалі здабывала першыя перамогі ў чэмпіянаце і еўракубках.

Ці дапаможа гэта камандзе Аляксандра Бразевіча — пытаннечка.

Жодзінцы знаходзяцца ў пошуках форварда і падпісалі расіяніна Аляксандра Салугіна, які ў 16 гадоў станавіўся ўладальнікам Кубка УЕФА і лічыўся вельмі перспектыўным. Ці дапаможа досвед у расійскіх камандах сярэдняй рукі, паглядзім ужо ў наступны панядзелак.

Прагноз «НН»: перамога «Тарпеда».

Чэмпіянат свету скончыўся, а родная вышэйшая ліга застаецца з табой! Каб было яшчэ цікавей сачыць за футболам, зрабі стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?