The Hollywood Reporter склаў спіс з 25 галоўных антыгерояў і антаганістаў з фільмаў паводле версіі прадстаўнікоў галівудскай кінаіндустрыі. У апытанні ўзялі ўдзел каля тысячы кінематаграфістаў.
Лідарам рэйтынгу стаў Дарт Вейдэр з фантастычнай кінасагі Джорджа Лукаса «Зорныя войны». Адзначаецца, што Вейдэра называлі сваім фаварытам прадстаўнікі самых розных узроставых, сацыяльных груп і прафесій у Галівудзе. Яго ў «Зорных войнах» сыграў Дэвід Проўз, агучыў Джэймс Эрл Джонс.
На другім месцы — Ганібал Лектар у выкананні Энтані Хопкінса («Маўчанне ягнятаў», «Ганібал», «Чырвоны цмок»). Трэці радок дастаўся Злой Ведзьме Захаду, галоўнаму антаганісту з фільма 1939 года «Чараўнік краіны Оз». Ролю ведзьмы выканала Маргарэт Хэмілтан.
На чацвёртым месцы апынуўся Джокер з «Цёмнага рыцара» у выкананні Хіта Лэджара. За ім ідзе медсястра Мілдрэд Рэтчад (Луіза Флетчар) з экранізацыі «Палёту над гняздом зязюлі» з Джэкам Нікалсанам.