«Жывая легенда Маладога фронту» — так назвалі свайго паплечніка Яўгена Скочку сябры-маладафронтаўцы. Пад ягоным кіраўніцтвам зьявілася дружына «Маладога фронту» з 200 чалавек, якая пазьней стала спартова-патрыятычнай арганізацыяй «Край». Учора і сёньня былога моладзевага лідэра — у працягу праекту Радыё Свабода «Забытыя. Размовы з героямі ўчорашніх дзён».

Рыхтаваў «бранявік» для адзінага кандыдата, стаў «падрэ Яўгенам»

Дзе зьяўляўся Яўген Скочка падчас мітынгаў 1990-х, там адразу канцэнтраваўся спэцназ і міліцэйскае начальства. Яўген рыхтаваў грузавы «Ўрал» для выступу «з браневіка» адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў падчас выбараў 2001 году. У выніку — сем крымінальных спраў і дзясяткі сутак зьняволеньня.

Гамяльчук Яўген Скочка далучыўся да менскай грамадзка актыўнай моладзі ў 1995 годзе, на першым курсе Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Праз два гады, у сувязі з крымінальным перасьледам і зьняволеньнямі, яго з ВНУ выключылі.

«Некалькі сотням маладафронтаўцаў пад кіраўніцтвам Яўгена Скочкі ўдалося двойчы сабраць мітынгі пратэсту з паленьнем саюзных дамоваў, трушчаньнем вусатых пудзілаў і бел-чырвона-белымі сьцягамі. У той час, калі ў Маскве афармлялася здача беларускай незалежнасьці, а ўсё грамадзтва маўчала, гэтыя акцыі сапраўды ратавалі нацыянальны гонар», — пісаў у кнізе «Пакаленьне Маладога фронту» колішні маладафронтавец, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец.

Сухую галадоўку Яўген Скочка трымаў палову зь дзесяцідзённага тэрміну зьняволеньня, які атрымаў за вулічную акцыю «Беларусь у Эўропу» ў лютым 1999 году. У дзень, калі выйшаў з турмы, атрымаў чарговую крымінальную справу — «за арганізацыю і ўдзел у групавых дзеяньнях». У чэрвені быў асуджаны на год пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай.

Яўген Скочка прывёў духавы аркестар да турмы на Акрэсьціна, каб сустрэць паплечнікаў, вязьняў-маладафонтаўцаў. Калі музыкі «ўрэзалі» «Ваярскі марш» і «Пагоню», да закратаваных вокнаў прыліп увесь спэцпрыёмнік.

Навярнуўшыся да Бога, Яўген стаў адным з заснавальнікаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і пачаў аддаваць шмат увагі духоўнай падрыхтоўцы моладзі, заслужыўшы ў яе мянушку «Падрэ Яўген».

У 2004 годзе Яўген Скочка вярнуўся ў родны Гомель, дзе жыве і цяпер. Скончыў юрыдычны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, гадуе чацьвярых дзяцей, палітыкай не займаецца.

«Дапамагаю людзям «адбівацца» ад улады»

— Чаму вы перасталі займацца палітыкай: перасьлед, расчараваньне, іншыя прычыны?

— Мяне нічога не расчаравала. Напэўна, сышоў мой час. Я ўмею сілай разьбірацца — мяне нават «баевіком» называлі. У 1990-я гэта было важнае ўменьне, а цяпер крыху ня так. Такія, як я — ва Ўкраіне сёньня. Там і праўда шмат маіх сяброў, паплечнікаў з «Маладога фронту» ў тым ліку.

Адпаведна, улады мяне і «цанілі» — крымінальныя справы былі і за «злоснае хуліганства», і за «абразу супрацоўніка міліцыі пры выкананьні», і за «кантрабанду», і нават «тэрарызм» і «спробу дзяржаўнага перавароту збройным шляхам» спрабавалі «прышыць». Цяпер шмат што зьмянілася, і тыя «ліхія 90-я» ўжо не пасуюць.

Акрамя таго, я тады ажаніўся, і ў Менску нам не было дзе жыць. У Гомлі была кватэра — вось празь некаторы час мы і зьехалі. Я і цяпер удзельнічаю ў грамадзкім жыцьці, толькі крыху інакш: атрымаў адукацыю юрыста і ў вольны ад асноўнай працы час дапамагаю людзям. Найчасьцей — «адбівацца» ад улады. На мове юрыстаў гэта называецца «юрыдычная клініка», калі кансультуеш і дапамагаеш людзям бясплатна.

— А якая вашая «асноўная» праца і чаму не юрыстам?

— Я хачу распачаць свой юрыдычны бізнэс — напэўна, некалі так яно і будзе. А пакуль займаюся тымі справамі, якія найбольш пасуюць у пэўны момант.

Быў генэральным дырэктарам буйнога прадпрыемства ў Смаленскай вобласьці Расеі, але там здарыўся крызіс і давялося вярнуцца назад. Некалькі гадоў займаўся грузаперавозкамі, пакуль плацілі, а цяпер — будаўніцтвам.

Але я будую ня тое, што ўсе, а бяруся за складаныя архітэктурныя праекты — ад распрацоўкі да ўзьвядзеньня будынкаў. Да прыкладу, будаваў школу мастацтваў у Гомлі, шмат прыватных дамоў, а яшчэ два гады з напарнікам узводзіў чалавеку сапраўдны замак — цяпер увесь горад езьдзіць туды фатаграфавацца. А вось зусім нядаўна мяне запрасілі будаваць царкву.

«Усё ў жыцьці прывык рабіць сам»

— Адукаваны юрыст і прафэсійны будаўнік — як такое магчыма?

— У мяне ёсьць рыса: калі за нешта бяруся, то вельмі хутка навучаюся. Да прыкладу, уласнымі рукамі перабраў матор у машыне — а гэта самая складаная праца — і цяпер гэтай машынай ежджу. Магу адрамантаваць тэлевізар ці іншую складаную тэхніку — напэўна, ёсьць у мяне такі інжынэрны талент. І галоўнае — усё ў сваім жыцьці прывык рабіць сам, абсалютна ўсё.

— Усё для дому, усё для сям’і?

— Натуральна, бо я яшчэ і хрысьціянін. Я заўсёды марыў і хацеў мець шмат «маленькіх Скочак». У нас з жонкай чацьвёра дзетак. Старэйшаму сыну 18 гадоў, ён студэнт. Дзьве дзяўчынкі — 11 і 9 гадоў — рыхтуюцца паступаць у каледж мастацтваў, а малодшаму сыну 2 годзікі. Дзеці добра размаўляюць і па-беларуску, і па-расейску, разумеюць па-ўкраінску. Украіна ў нас тут пад бокам — да Чарнігава 90 кілямэтраў. Мы там і кормімся, і апранаемся, бо ў Гомлі гэта немагчыма.

— Ці не шкадуеце, што пакінулі Менск і тое актыўнае грамадзкае жыцьцё?

Не, я і ў Гомлі, і ў Менску як дома. Яшчэ адна мая рыса — быць у курсе ўсяго, што адбываецца ў палітыцы, і ня толькі звонку, але і ўнутры арганізацый, да якіх маю дачыненьне. Таму, натуральна, кантактую і з былымі маладафронтаўцамі, і зь цяперашнімі партыйнымі лідэрамі — у тым жа «катле» варуся, што і раней.

Акрамя таго, і ў Гомлі, як і ў Менску, прывучаю дзяржаўныя службы паважаць мае правы. Зімой, да прыкладу, сьнегаачышчальная тэхніка абавязкова будзе езьдзіць у маім двары. Як яны самі кажуць — «каб вы бачылі».

Альбо тут ёсьць крама «Эўраопт», да якой пракладзена дарога, але няма ходнікаў. Людзей заўсёды вельмі шмат, дзеці ідуць у школу — і ўсё гэта па праезнай частцы. І вось за такія рэчы я змагаюся: праводжу тэхагляд свайго мікрааўтобуса, плачу дарожны збор і пішу — маўляў, заплаціў я ня дзеля ганка ў аблвыканкам, а дзеля ходнікаў — буду патрабаваць, пакуль не пакладуць.

Шмат працую зь людзьмі — нават калі еду ў тралейбусе, абавязкова ўзачнецца дыскусія, і ў тым кірунку, у якім я хачу.

— Гамельчукі падзяляюць вашы думкі?

— Некалі за Лукашэнку мо пабілі б, а цяпер яго ж на вілы падняць гатовыя — людзі вельмі злыя. Нават у аблвыканкаме чуў такія выказваньні, што аж мяне зьдзівіла.

Я ўстрымліваюся ад нейкай злосьці, але ў грамадзтве яна кіпіць. Як і некалі ў «Маладым фронце», я не засяроджваюся на нянавісьці да Лукашэнкі. Ён памрэ, а што мы тады рабіць будзем, каго ненавідзець? Ёсьць шмат спраў, якія можна рабіць ужо зараз.

Ну, і мой «аварыйны кляпан» — гэта юрыдычная дапамога людзям.

«Што мы цяпер не ў Расеі — безумоўна, адна з заслугаў «Маладога фронту»»

— Ва ўмовах заўсёднага адстойваньня сваіх правоў і з вашым «палітычным багажом» — ці не было спакусы зьехаць на «лягчэйшы хлеб»?

— Мне неаднойчы задавалі гэтае пытаньне, і ня толькі задавалі, але выпраўлялі зь Беларусі, калі была рэальная пагроза атрымаць тры гады турмы. Але ў мяне нават думкі такой ніколі не ўзьнікала. У мяне ёсьць шмат сяброў і ў Польшчы, і ў Расеі, і ва Ўкраіне — я там часта бываю, мне там добра. Але сваю краіну я люблю больш: тут турма, але яна свая, а там свабода — і яна чужая.

Да таго ж я не пакідаю спадзяваньняў, што тут, у Беларусі, мы рэалізуем тую праграму рэформаў — эканамічных, палітычных і заканадаўчых, якія некалі мы распрацоўвалі ў «Маладым фронце». Гэтая праграма зусім ня страціла актуальнасьці, і сёньня ў выпадку рэалізацыі яна дасьць магутны штуршок для разьвіцьця Беларусі. Калі я стаў юрыстам, то яшчэ лепш гэта зразумеў.

Словам, «Малады фронт» — гэта ня проста рух, а зьява ў жыцьці краіны. І тое, што мы цяпер не ў Расеі — гэта, безумоўна, адна з заслугаў «Маладога фронту». Бо калі моладзь распачынала хваляваньні, то гэта прымушала імпэрцаў адступаць. А наш рухавік быў і ёсьць — гэта любоў да Беларусі.

— Складаецца ўражаньне, што вы ня ведаеце, што такое жаль ці расчараваньне.

— Глябальных расчараваньняў сапраўды няма. Адзінае — цяпер шмат што зрабіў бы інакш. Іншым разам расчароўваюць сталыя палітыкі і іх дзеяньні, асабліва калі гэтым дзядзькам 40—60 гадоў — ужо час набрацца вопыту і мудрасьці.

Я шкадую толькі пра тое, што мала зрабілі, маглі б больш. Адзінае — сапраўды сумую, але не па партыях ці арганізацыях, а па людзях — аднапартыйцах і сябрах.

5 пытаньняў Свабоды

— Беларуская нацыянальная ідэя — гэта…?

— Гэта ня нейкая ідэалёгія, хоць гэта таксама важна, але сукупнасьць розных ідэалягем. Гэта перадусім нацыянальная сьвядомасьць, салідарнасьць народу, яго мова і культура, а агулам — гэта любоў да радзімы.

— Назавіце трох нацыянальных герояў Беларусі.

— Я б іх і трыццаць назваў, але перадусім гэта Касьцюшка, Каліноўскі, Канстанцін Астроскі, Скарына — усе нашыя вялікія людзі. А сярод сучасьнікаў — Васіль Уладзімеравіч Быкаў, а яшчэ Барадулін, Гілевіч, Вольскі — шмат іншых. З многімі мы былі ў сойме БНФ, і вось гэтым я буду ганарыцца ўсё жыцьцё, буду расказваць сваім дзецям.

— Якая кніга найбольш паўплывала на вас як на асобу?

— Я зь дзяцінства бібліяман — перачытаў усе кнігі ў раённай бібліятэцы, усё, што мог, і цяпер чытаю. Акрамя мастацкай літаратуры, філязофскай, вельмі шмат апалягетыкі — магу гадзінамі размаўляць. Я б хутчэй сказаў, што паўплывала вось уся гэтая маса кніг і крышталізацыя зь іх самага лепшага. Таму не магу назваць пэўную кнігу — няма такой кнігі, гэта ўсё разам.

— Колькі грошай вам трэба для поўнага шчасьця?

Было б добра ўвогуле бяз грошай, але так не пражывеш — сям’ю трэба карміць. Таму грошай патрэбна гэтулькі, каб сям’я не галадала і можна было закрываць нейкія іншыя дробныя патрэбы — і гэта ўсё. А шмат грошай — гэта зло.

— Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

— Хочацца спадзявацца, што дэмакратычным шляхам і бяскроўна. Але бяскроўныя варыянты пройдзеныя. А калі сілавы варыянт, то адназначна будзе крывавы. Калі гэта адбудзецца, прадказаць складана. Ёсьць элемэнт нечаканасьці — ніхто ня вечны. І вось тады будзе цікава, хто першы пасьпее і як. Бо нашае грамадзтва не кансалідаванае, акрамя таго — ёсьць фактар Украіны, якога ўсе баяцца. І гэта можа быць зараз, а можа і празь дзесяць гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?